Назарэтанкі ( — Сёстры Св. Сям’і з Назарэту) — каталіцкая жаночая манаская кангрэгацыя, заснаваная ў Рыме ў 1875 годзе польскай манахіняй блаславёнай Францішкай Седліскай.
Першапачаткова кангрэгацыя стваралася як чыста сузіральная, але з 1880 года назарэтанкі пачалі весці актыўную дабрачынную і катэхетычную дзейнасць. З 1881 года цэнтрам кангрэгацыі стаў Кракаў, у 1884 годзе прынята канстытуцыя назарэтанак. 1 верасня 1896 года Папа Леў XIII зацвердзіў канстытуцыю, а канчаткова стварэнне кангрэгацыі было пацверджана Папам Бенедыктам XII у 1923 годзе.
З самага пачатку манашкі-назарэтанкі пачалі актыўную дзейнасць у розных краінах свету. Першапачаткова гэта былі краіны са шматлікай польскай дыяспарай — ЗША, Вялікабрытанія і інш., затым геаграфія дзейнасці назарэтанак пашырылася яшчэ больш. У 1918 годзе ў ЗША былі ўтвораны тры правінцыі назарэтанак, колькасць кляштараў у гэтай краіне перавысіла 30.
У Беларусі вядомы манашкі-назарэтанкі, якія былі расстраляныя гітлераўцамі 1 жніўня 1943 каля Навагрудка замест закладнікаў з мясцовага насельніцтва. У 2000 годзе Папа Ян Павел II беатыфікаваў 11 манашак, якія загінулі ад рук нацыстаў у 1943 годзе.
Станам на 2005 год, кангрэгацыя налічвала 1490 законніц у 13 краінах: у Італіі, Польшчы, Беларусі, Францыі, Англіі, Ізраілі, ЗША, Філіпінах, Аўстраліі, Пуэрта-Рыка і Расіі.
Асноўная дзейнасць назарэтанак — галоўным чынам парафіяльная праца: катэхізацыя, праца ў прытулках для сірот, бальніцах, школах і дзіцячых садках. Дэвіз кангрэгацыі — «Хай будзе воля Твая» ( Fiat Voluntas Tua).
Катэгорыя:Каталіцкія ордэны і кангрэгацыі Катэгорыя:Каталіцтва