На́ўліцкае возера, На́ўліцы, Наўліца — возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Нежлеўка (прыток Ушачы), за 20 км на паўднёвы захад ад горада Полацк.
Назва Назва возера балцкага паходжання. З усіх засведчаных назоўных формаў найранейшая — Наўліца (памяншальна ад «Наўля»).
Найбліжэйшы гідранімічны аналаг — назвы дзвюх рэк Наўля (прыток сожскага Астра на ўсходзе ад Рослаўля і прыток Дзясны пасля Бранска).
Ад індаеўрапейскага *nāṷ- «смерць, мярцвяк». У непасрэднай блізкасці да сожскай Наўлі (сцякаюць з аднаго ўзвышша) — дзесенская рака Мярцвіца, назва якой, як мяркуецца, калькуе назву НаўліВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 197.. Рэчкі з назвай Мярцвіца таксама на поўначы і на поўдні ад Мсціслава (прытокі сожскай Віхры і сожскай Чорнай Натапы).
На поўначы ад Наўліцкага возера, каля Лепеля — назва вёскі Наўлечка (каля возера Добрына).
Адпачатная форма гэтых назваў — *Navi̯a. Значэнне назвы Наўліцкага возера — «Мёртвае (возера)».
Гідраграфія Плошча паверхні 3,86 км². Даўжыня возера 3,43 км, найбольшая шырыня 1,74 км. Найбольшая глыбіня дасягае 12,9 м. Даўжыня берагавой лініі 11,4 км. Аб’ём вады ў возеры 23,5 млн м³. Плошча вадазбору 11,3 км².
Катлавіна возера лопасцевай формы падпруднага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй ад 3—5 да 25 метраў, стромкія. Берагавая лінія звілістая, у паўднёвай частцы ўтварае залівы і паўастравы. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя. У заходняй і паўночна-заходняй частцы возера берагі абразійныя вышынёй 0,6—0,8 м. Вакол возера (акрамя заходняй часткі) тарфяністая пойма шырынёй да 200 метраў. Найбольшыя глыбіні каля заходняга берага возера. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная частка дна выслана гліністым ілам. Возера мезатрофнае, слабапраточнае. Упадаюць 2 ручаі і выцякае ручай у возера Нежлева.
Зарастае каля 30 % плошчы дна возера. Расліннасць пашыраецца да глыбіні 6 м і займае палосу шырынёй 50—100 м ад берага. Сярод раслін: чарот, трыснёг, разак, рагаліснік, рдзесты, харавыя водарасці.
У возеры водзяцца шчупак, лешч, судак, акунь, карп, плотка, гусцяра, карась і іншыя віды рыб. Зарыблялася рачным вугром у 2007 г. і таўсталобікам у 2006 г. і белым амурам.
Каля возера вёскі Наўліца, Гуры, Дубнякі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»
Катэгорыя:Азёры Полацкага раёна Катэгорыя:Басейн Ушачы