Бару́ны (, ) — аграгарадок у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Жылянка. Адміністрацыйны цэнтр Барунскага сельсавета.
Баруны вядомы цудоўным абразам Маці Божай і базыльянскім манастыром, у якім цягам XVIII—XIX стагоддзяў дзейнічала адна з найлепшых школаў на ЛітвеКанстанцін Антановіч. У Барунах па каралеўскім прывілеі // «Культура» № 18 (938), 1—7 мая 2010..
Геаграфія Размяшчаюцца за 22 км на паўднёвы ўсход ад горада Ашмяны, за 42 км ад чыгуначнай станцыі Багданаў на лініі Маладзечна — Ліда.
За 2 км на паўднёвы ўсход ад паселішча знаходзіцца Барунскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу. Паклад з праслоямі жвірыстых пяскоў у выглядзе дзвюх лінз субмерыдыянальнай працягласці звязаны з марэннымі адкладамі сожскага зледзянення
Гісторыя У 1613 годзе мітрапаліт Язэп Руцкі спрыяў адкрыццю шэрагу ўстаноў адукацыі, у тым ліку пачатковай школы для манахаў і святароў у Барунах, мястэчку Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1778—1793 гадах тут вялося ўзвядзенне мураванага манастырскага корпуса, па сканчэнні якога школа пераўтварылася ў 6-класную. У розны час у ёй навучаліся пісьменнікі А. Адынец, Ю. Корсак, I. Ходзька; сярод настаўнікаў школы былі базыльяны Ф. Бялдоўскі, М. Лебель, Б. Ляўковіч, Г. Лебель, Б. Гамалінскі, С. Катовіч, С. Ушацкі.
«Майдэборскія правы» Баруны атрымалі 5 лістапада 1705 года. У прывілеі падкрэслена, што судовыя ўстановы дзейнічаюць у месце па тых жа прынцыпах і нормах, што і мястэчку Жыровіцкім: мяшчане, незадаволеныя рашэннем «майдэборскага» суда, мусілі звяртацца з апеляцыяй да «велебнага» старшага Барунскага ўніяцкага манастыра, а ад яго да вышэйшай інстанцыі — архімандрыта. Мяшчанам таксама было дазволена праводзіць у месце штотыднёвыя таргі па пятніцах і нядзелях, акрамя таго нададзена дзве ярмаркі — у «дзень пакрава Панны Марыі» і «на зялёныя святкі». Магчыма, тут складзены беларускія святочныя вершы 1750-х гадоў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Баруны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Куцавіцкай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) расійскія ўлады ліквідавалі школу, пазней гвалтоўна перарабілі грэка-каталіцкую царкву на праваслаўную. Станам на 1855 год тут было 17 двароў. У кастрычніку 1884 года ў мястэчку пачала дзейнічаць царкоўнапрыходская школа (28 вучняў, настаўнік В. Завадскі, выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі). У канцы XIX стагоддзя Баруны былі ўласнасцю ведамства духавенства Маскоўскага патрыярхату. У Першую сусветную вайну мястэчка пэўны час займалі нямецкія войскі.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Баруны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. У пачатку 1920-х гадоў у мястэчку дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў С. Рак-Міхайлоўскі. Жыхары Барунаў і вакольных вёсак бралі актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. Адзін з яго кіраўнікоў — пасол сойма В. Станулевіч. Улетку 1928 года і ў снежні 1929 года тут адбыліся мітынгі, на апошнім сябры Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба «Змаганне» Я. Гаўрылік і Ф. Валынец распаўсюджвалі ўлёткі.
У 1939 годзе Баруны ўвайшлі ў БССР, дзе сталі цэнтрам сельсавета Ашмянскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 2 снежня 1961 года ў складзе Гальшанскага сельсавета, пасля — у складзе Куцавіцкага сельсавета. З 17 студзеня 1969 года цэнтр адноўленага Барунскага сельсаветРашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 17 студзеня 1969 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1969, № 9 (1239)..
Станам на 1991 год тут было 168 двароў.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1855 год — каля 120 чал.; 1880 год — 165 чал. XX стагоддзе: 1905 год — 229 чал.; 1925 год — каля 260 чал.; 1991 год — 516 чал. XXI стагоддзе: 2001 год — 525 чал.; 2019 год — 434 чал.
Інфраструктура У Барунах працуюць сярэдняя школа, бібліятэка, дом культуры.
Эканоміка Эксперыментальная база і гравійна-сартавальны завод «Баруны».
Славутасці Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльянаў (1747—1753; колішняя грэка-каталіцкая царква) Могілкі ваенныя часоў Першай сусветнай вайны Помнік экіпажу самалёта «Ілья Мурамец-16»
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Ходзька Ігнат. Баруны (пераклад Леаніда Лаўрэша) // Наша слова.pdf № 42 (146), 16 кастрычніка 2024; № 43 (147), 23 кастрычніка 2024. Ходзька Ігнат. Баруны (пераклад Леаніда Лаўрэша) — [б.м]: Издательские решения, — 2025. — 90 с. Баруны: мінулае і сучаснасць аграгарадка праз прызму стагоддзяў: зборнік матэрыялаў / уклад. С. П. Марозаў. — Гродна: ЮрСаПрынт, 2022.
Спасылкі
Катэгорыя:Барунскі сельсавет (Ашмянскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Ашмянскага раёна
Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства