Мір () — гарадскі пасёлак у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Знаходзіцца за 26 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў, за 17 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея; на аўтамабільнай дарозе Парачаны — Навагрудак — Нясвіж . Рэспубліканская дарога злучае Мір з раённым цэнтрам Стоўбцы. Да нашага часу тут захаваўся знакаміты замак Ільінічаў і Радзівілаў — аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Назва Існуе некалькі меркаванняў датычна паходжання тапоніма «Мір». Беларускі географ В. Жучкевіч лічыў, што назва паселішча, імаверна, утварылася ад слова сацыяльнага значэння «мір» — калектыў удзельнікаў грамадства, часам раўназначнага паняццю «грамады». На думку В. Калніна, тапонім мае звязкі са словам «эмір» (паводле наймення военачальніка аддзелу ваяроў-татараў, што размяшчаліся тут). Згодна з меркаваннем Уладзіслава Сыракомлі, паселішча атрымала сваю назву паводле простага значэння слова «мір» (у гэтай мясцовасці праходзіла мяжа паміж Руссю і Літвой, аднак невядомым застаецца факт складання тут якога-небудзь мірнага дагавора). На думку некаторых даследчыкаў, назва паселішча пайшла ад лацінскага слова «mirum», што перакладаецца як «цуд».
Таксама вядома, што пасяленні вясковага тыпу ў X—XI стст. у гістарычных хроніках (напрыклад, «Аповесць мінулых часоў») завуцца «пагост» або «мір» (у лясной паласе).
Гісторыя Упершыню згадваецца пад 1395 годам, калі крыжакі на чале з Конрадам фон Юнгінгенам зруйнавалі паселішча. Па нападзе вялікі князь Вітаўт даў «двор» Мір свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, які ў 1434 годзе ўжо як вялікі князь надаў Мір свайму паплечніку, віленскаму кашталяну Пятру Сеньку Гедыгольдавічу.
З 1486 года Мір быў уладаннем Ільінічаў, якія абнеслі «двор» землянымі валамі. Таксама яны ўмацавалі і само паселішча, што мела чатыры брамы ў кірунках асноўных дарог — Замкавая, Віленская, Мінская і Слонімская. У 1520-я гады Юрый Ільініч заклаў Мірскі замак, першы пісьмовы ўспамін пра які датуецца 1527 годам. У 1553 годзе мястэчка стала сталіцай Мірскага графства, калі Ільінічы атрымалі графскі тытул ад імператара Фердынанда I. У 1569 годзе, паводле тэстамента Юрыя Ільініча (малодшага), Мір перайшоў да М. К. Радзівіла «Сіроткі», які заснаваў тут Мікалеўскі касцёл (1585) і Траецкую царкву (1595).
У Міры жыло шматнацыянальнае насельніцтва. Мясцовыя татары займаліся агародніцтвам, гарбарствам, рымарствам; яўрэі — гандлем і пазыкамі; цыганы — конным промыслам; а русіны — пераважна рамяством. На мірскія кірмашы сцякаліся тавары і купцы з ВКЛ, Польшчы, Расіі, Германіі.
27 снежня 1579 кароль і вялікі князь Стэфан Баторый надаў Міру Магдэбургскае права (няпоўнае). З 1589 горад знаходзіўся ў складзе Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, якія ў канцы XVI — пачатку XVII стст. узвялі з трох бакоў тутэйшага замка бастыёны, з паўднёвага боку зрабілі сажалку, на поўнач ад бастыённых умацаванняў заклалі рэгулярны італьянскі парк. У замку да ўязной вежы дабудавалі перадбрам'е, на дзядзінцы пры паўночных і ўсходніх мурах у стылі Рэнесансу ўзвялі 3-павярховыя палацавыя карпусы, над замкавымі сценамі надбудавалі галерэі з байніцамі.
Падчас Трынаццацігадовай вайны ў 1655 годзе казакі Івана Залатарэнкі зруйнавалі Мір. Па ваенных спусташэннях на канец XVII ст. тут было 478 двароў, 4 рамесныя цэхі, працавалі рамеснікі 49 спецыяльнасцей. У 1705 годзе пры Траецкай царкве Караль Станіслаў Радзівіл заснаваў базыльянскі кляштар. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) Мір пэўны час займалі войскі караля Швецыі Карла XII. У 1-й палове XVIII ст. Радзівілы заснавалі тут палатняныя, суконныя і ткацкія майстэрні.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Мір апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Навагрудскім павеце Мінскай губерні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1828 годзе расійскія ўлады падаравалі яго Вітгенштэйнам, з 1891 — ва ўладанні Святаполк-Мірскіх.
Станам на 1886 год у Міры было 2 царквы, 7 сінагог, мячэць, павятовае вучылішча, школа, паштовая станцыя, заезны дом, 74 крамы. У 1893 тут збудавалі вінакурны завод. У канцы ХIХ — пачатку ХХ стст. у мястэчку праводзіліся 2 буйныя кірмашы (у лютым і ў траўні), куды з’язджаліся сяляне нават з вёсак наваколля Мінска. 1—4 красавіка 1919 адбылося антыбальшавіцкае паўстанне, у выніку якога загінула 25 паўстанцаў і 30 чэкістаў.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Мір апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Стаўбцоўскага павета Навагрудскага ваяводства. За польскім часам тут меліся паштовая ўправа, гродскі суд, 7-класная школа.
У 1939 годзе Мір увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёна Баранавіцкай, з 1954 — Гродзенскай вобласці (у 1956 годзе Мірскі раён скасавалі). У Другую сусветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
У 2000 годзе Мірскі замак уключылі ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У 2002 тут прайшло свята «Дзень беларускага пісьменства». З 2003 пачаў праводзіцца рэгулярны Рэгіянальны фестываль мастацтваў «Мірскі замак». 24 снежня 2008 года на аснове гарадскога пасёлка створаны аграгарадок.
Уладзіслаў Сыракомля ў Міры пачуў аповед, які лёг у аснову яго байкі «Паштальён». Якуб Колас апісаў мясцовы каларыт у паэме «Сымон-музыка».
Насельніцтва 1897 год — 5401 чал. 1995 год — 2,6 тыс. чал. 2005 год — 2,5 тыс. чал. 2008 год — 2,4 тыс. чал. 2016 год — 2250 чал. 2017 год — 2305 чал. 2023 год — 2175 чал.
Славутасці Мірскі замак (XVI ст.) Мікалаеўскі касцёл (XVI ст.) Траецкая царква (2-я пал. XVI ст.) Мірскі ешыбот (1815) Свята-Георгіеўская царква (1910) Капліца Заслаўскіх (1909)
Вядомыя асобы Фларыян Бохвіц (1799—1856) — польска-беларускі асветнік, філосаф, пісьменнік. Марк Канстанцінавіч Гавурын (1911—1992) — савецкі матэматык. Янка Запруднік (1926—2022) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык, палітолаг. Аляксандр Ільінскі (1903—1967) — акцёр тэатра і кіно, народны артыст СССР. Мікалай Канстанцінавіч Ільінскі (21 сакавіка 1899, Мір, цяпер Карэліцкі раён — 1943, Мінск) — беларускі драматург, акцёр, тэатральны дзеяч. Вольга Іпатава (нар. 1945) — беларуская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі дзеяч. Артур Усеваладавіч Камароўскі (нар. 1991) — беларускі паэт, мастак. Ісер Залман Мелцэр — галахічны аўтарытэт Беларусі. Раман Якубавіч Тармола-Мірскі — беларускі паэт, сцэнарыст. Георгій Маркавіч Муха-Мухноўскі (1905 — ?) — удзельнік падпольнага руху ў Заходняй Беларусі. Залман Шазар (1889—1974) — ізраільскі грамадскі дзеяч, пісьменнік, паэт, палітык, трэці прэзідэнт Ізраіля. Валерый Іванавіч Громак (нар. 1950) — беларускі матэматык. Дзмітрый Сямёнавіч Бубноўскі (нар. 1956) — беларускі архітэктар, аўтар праекта рэстаўрацыі Мірскага замкавага комплексу.
Гл. таксама Пасёлкі гарадскога тыпу Гродзенскай вобласці Пасёлкі гарадскога тыпу Беларусі Мірскі бой Цыганы на Беларусі
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
Апісанне Мірскага замка Здымкі на Radzima.org Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury’s Corner. Старажытнае дойлідства Міра Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М., Стары Мір