Музей беларускага народнага мастацтва — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, размешчаны ў Касцёле Святога Мацвея Апостала ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна.

Гісторыя

Ідэя стварэння музея ў разбураным Крыжагорскім касцёле належала намесніку дырэктара па навуцы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР І. М. Паньшынай і старэйшаму навуковаму супрацоўніку аддзела дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Т. І. Сцёпінай. Канцэпцыю рэстаўрацыі і размяшчэння экспазіцыі ў культавым будынку падтрымала дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Алена Васілеўна Аладава. Спачатку касцёл вырашылі знесці, бо страты будынка складалі звыш 80 %. Знішчэнню Крыжагорскага касцёла перашкодзіла асабістае ўмяшанне кіраўніка БССР П. М. Машэрава.

Групу рэстаўратараў узначаліла архітэктар Л. У. Паўлава. Да асноўнага аб’ёму будынка з боку апсіды прыбудавалі прамавугольны ў плане аб’ём (архітэктар В. М. Аладаў), дзе размясціліся дадатковыя выставачныя плошчы і бытавыя памяшканні.

Музей у рэканструяваным будынку адкрыўся ў 1979 г.

Экспазіцыя

Экспазіцыя музея знаёміць з традыцыйным народным мастацтвам беларусаў XVI — пачатку XX ст. і з творамі сучасных майстроў, якія працуюць у найбольш распаўсюджаных відах народнага мастацтва: ткацтве, ганчарстве, разьбе і роспісу па дрэве, пляценню з саломы і лазыМузей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах.

У экспазіцыі прадстаўлены традыцыйныя касцюмы канца XIX — пачатку XX ст., ручнікі і дэкаратыўныя тканіны XX стагоддзя з розных рэгіёнаў Беларусі.

Побач з традыцыйным бытавым начыннем экспануюцца выдатны прыклад высокаразвітога мастацтва пляцення з саломы — царскія вароты канца XVIII — пачатку XX стагоддзя, у якіх выкарыстана некалькі элементаў пляцення, з якіх складаецца мудрагелісты ўзор з зубчыкаў і квадратаў розных памераў. Аправай служыць салома, якая імітуе золата, а кавалачкі каляровай тканіны, што змешчаны ў сярэдзіну кожнага квадрата, замянілі каштоўныя камяні.

Прадстаўлены творы сельскіх майстроў з вёсак Нягневічы, Забалацце, Мяжэвічы, якія стварылі разьбяныя царскія вароты і скульптуры XVIII — пачатку XX стагоддзя. У іх захоўваюцца агульныя рысы, веданне пластычных уласцівасцей матэрыялу.

Сучаснае мастацтва разьбы па дрэве прадстаўлена работамі вядомых у рэспубліцы самадзейных разьбяроў — А. Ф. Пупко, В. В. Альшэўскага, К. К. Казялко, якія працягваюць слаўныя традыцыі беларускай разьбы.

Ганчарныя вырабы ў калекцыі музея адносяцца да XX стагоддзя. Чыгуны і макітры для гатавання ежы, міскі, збаны і гладышы для малака, глякі і слоікі для захоўвання прадуктаў, свістулькі і гліняныя цацкі ўпрыгожаны самымі простымі спосабамі: абваркай, тамленнем, роспісам па тэракотавай паверхні, пакрыццём палівай. Бытавое ганчарнае начынне амаль не мае роспісу.

Асаблівую групу помнікаў у экспазіцыі складаюць вырабы Івянецкай фабрыкі, вядучага цэнтра мастацкага ганчарства ў Беларусі. У музеі прадстаўлены работы аднаго са стваральнікаў арцелі — В. Ф. Кулікоўскага, а таксама І. М. Маўчановіча, М. М. Звярко, А. В. Пракаповіча, якія адраджаюць забытае мастацтва вырабу фігурных пасудзін у выглядзе бараноў, мядзведзяў, зуброў.

Крыніцы

Літаратура Музей Беларускага народнага мастацтва// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мн., 1999. — Т.5. — С.232. Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах / Склад. І. М. Паньшына; Маст. А. І. Раманцоў; Фота В. А. Бараноўскага і інш. — Мн.: Беларусь, 1983. — с. Музей белорусского народного искусства / Сост. И. Н. Паньшина. — Мн., 1980. — с: ил. Анісковіч У. Паўстаў з руінаў… / / Беларуская мінуўшчына. — 1995. — № 5. — С. 31-32. Жыбрык В. Раўбіцкі касцёл / / Центральная газета. — 1998. — 10-16 крас. Куліковіч С. Раўбічы / / Работніца і сялянка. — 1991. — № 8. — С. 6-7. Пісарэнка В. Раўбіцкі музей / / Голас Радзімы. — 2000. — 2 лют.

Спасылкі

Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах // artmuseum.by Шедевры народного творчества в музее белорусского народного искусства в «Раубичах» // tut.by

Катэгорыя:Музеі Мінскага раёна Катэгорыя:Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Мастацкія музеі Беларусі Катэгорыя:Раўбічы