Трамбон (, літар. «Вялікая труба», і ) — медны духавы музычны інструмент басава-тэнаравага рэгістра.
Трамбон вядомы з XV стагоддзя. Ад іншых медных духавых інструментаў адрозніваецца наяўнасцю кулісы — асобай перасоўнай U-падобнай трубкі, з дапамогай якой музыкант змяняе аб’ём заключанага ў інструменце паветра, такім чынам дасягаючы магчымасці выконваць гукі храматычнага гукараду (на трубе, валторне і тубе для гэтай мэты служаць вентылі). Трамбон — нетранспаноўны інструмент, таму яго ноты заўсёды запісваюцца ў адпаведнасці з сапраўдным гучаннем. На некаторых трамбонах маюцца дадатковыя кроны, якія дазваляюць паніжаць гукі на кварту і на квінту, яны падключаюцца з дапамогай квартвентыля і квінтвентыля.
Інструмент існуе ў некалькіх разнавіднасцях, якія ўтвараюць сямейства. У наш час звычайна выкарыстоўваецца асноўны прадстаўнік сямейства — тэнаравы трамбон. Як правіла, пад словам «трамбон» разумеюць менавіта гэтую разнавіднасць, таму часта слова «тэнаравы» апускаюць. Альтовы і басовы трамбоны прымяняюцца радзей, сапранавы і кантрабасовы — амаль не выкарыстоўваюцца.
Дыяпазон трамбона — ад G1 (соль контрактавы) да f² (фа другой актавы) з пропускам гукаў паміж B1 і E (сі-бемоль контрактавы — мі вялікай актавы). Гэты прамежак (акрамя ноты H1, г. зн. сі контрактавы) запаўняецца пры наяўнасці квартвентыля.
Трамбон — разнастайны па штрыхах і тэхнічна рухомы інструмент, валодае яркім, бліскучым тэмбрам у сярэднім і верхнім рэгістрах, змрочным — у ніжнім. На трамбоне магчыма выкарыстанне сурдзіны, асаблівы эфект — глісанда — дасягаецца слізгаценнем кулісы. У сучасным сімфанічным аркестры звычайна выкарыстоўваюцца тры трамбоны (два тэнаравыя і адзін басовы).
Асноўная сфера прымянення трамбона — сімфанічны аркестр, але ён таксама выкарыстоўваецца ў якасці саліруючага інструмента, а таксама ў духавым аркестры, джазе і іншых музычных жанрах.
Літаратура
Фортунатов Ю. А. Тромбо́н // Музыкальная энциклопедия : [в 6 т.] / Гл. ред. Ю. В. Келдыш. — М.: Советская энциклопедия: Советский композитор, 1973—1982. — (Энциклопедии. Словари. Справочники. Изд-во «Советская Энциклопедия», Изд-во «Советский композитор»). — Т. 5: Симон — Хейлер. — 1981. — Стб. 612—614. — 1056 стб., илл. — 102 200 экз.
Тромбо́н // Энциклопедический словарь юного музыканта / Сост. В. В. Медушевский, О. О. Очаковская. — М.: Педагогика, 1985. — С. 314—315. — 352 с, ил.
Спасылкі
Буйны англамоўны сайт пра трамбон Trombone Page of the U.S.
Катэгорыя:Медныя духавыя музычныя інструменты Катэгорыя:Аэрафоны