Рапа-Іці, Рапа, Рапаіці (франц., таіц.: Rapa Iti, Rapa, Rapaiti) — востраў у групе астравоў Тубуаі. Уваходзіць у склад Французскай Палінезіі. Плошча — 40 км². Насельніцтва — 482 чал. (2007 г.).
Геаграфія Востраў Рапа-Іці месціцца на поўдні Французскай Палінезіі ў 690 км на паўднёвы захад ад вострава Тубуаі, у 1238 км ад Папеэтэ, у 16325 км ад Парыжа, у 17031 км ад Мінска.
Мае вулканічнае паходжанне. Абрысамі нагадвае грэчаскую літару ς. Даўжыня — 9,8 км, найбольшая шырыня — 7,6 км. Аснова сушы сфарміравана базальтамі. Берагі абрывістыя. На захадзе і ўсходзе вылучаюцца прасторныя бухты. Востраў даволі гарысты. Найвышэйшы пункт — гара Перау (650 м). Клімат трапічны вільготны.
Насельніцтва жыве пераважна ў цэнтры і на поўначы Рапа-Іці. На поўдні створаны запаведнік Манатау. Першародная прырода вострава пацярпела ад імклівага развіцця сельскай гаспадаркі яшчэ да прыходу еўрапейцаў. Схілы многіх гор страцілі расліннасць і падвергнуліся моцнай эрозіі.
Гісторыя і культура Насельніцтва Рапа-Іці складае асобны палінезійскі этнас эната рапаіці, культура і мова якога значна адрозніваецца ад суседзяў тубуаі і таіцян.
Адно з першых вядомых найменняў вострава — Апара (ад мясцовага слова пар, літаральна «ўмацаванне»). Яно было зафіксавана брытанскім першаадкрывальнікам Дж. Ванкуверам у 1791 г.
Нарвежскі даследчык Тур Хеердал лічыў, што востраў Рапа-Іці (літаральна «Малая Рапа») можа быць гістарычна звязаны з востравам Рапануі (літаральна «Вялікая Рапа»). Падчас археалагічных раскопак ім было выяўлена 15 каменных умацаванняў (пра іх існаванне вучоныя і ўлады Французскай Палінезіі ведалі і раней, у наш час вядома 28). Была высунута гіпотэза, што Рапа-Іці мог з’яўляцца прарадзімай рапануі. Але ў будучым яна не знайшла пацверджання. Як высветлілася, першыя насельнікі з’явіліся на Рапа-Іці не раней за 1150 г. н. э. Шчыльная палінезійская каланізацыя адбылася пасля XIII ст.
Аднак у вострава Рапаі-Іці ўсё ж маюцца агульныя паралелі з востравам Рапануі. У абедзвюх гэтых ізаляваных частках Акіяніі ў выніку чалавечай дзейнасці адбыліся экалагічныя катастрофы, якія прывялі да пераўладкавання культуры і грамадства. Імклівае павелічэнне насельніцтва на Рапа-Іці спрыяла спальванню лесу і тэрасіраванню схілаў гор для вырошчвання тара. Да канца XV ст. тубыльцы амаль знішчылі вялікія дрэвы і хмызнякі, што стала прычынай эрозіі глебы, а значыць, і скарачэння плошчы палеткаў. Для далейшага забеспячэння сваіх абшчын прыдатнай зямлёй астравіцяне пачалі міжусобныя войны і будаўніцтва ўзгаданых ваенных умацаванняў.
Пасля адкрыцця Рапа-Іці Дж. Ванкуверам сюды сталі прыязджаць іншыя еўрапейскія гандляры і даследчыкі. У выніку завезеных імі эпідэмічных хвароб да канца XIX ст. загінула тры чвэрці астравіцян. Каменныя ўмацаванні былі пакінуты. У 1825 г. выжылыя тубыльцы прынялі хрысціянства. У 1860-х гг. на Рапа-Іці здзейснілі напад перуанскія гандляры рабамі. Хрысціянскія місіянеры звярнуліся за дапамогай да французскіх уладаў Таіці. У 1864 г. для працы на востраве былі завезены рабочыя-рапануі. Магчыма, што яны і далі яму сучасную назву. У канцы XIX ст. Рапа-Іці быў далучаны да Французскай Палінезіі.
На востраве захоўваюцца многія рысы традыцыйнай культуры. Эната рапаіці асабліва вядомы сваім спеўным мастацтвам.
Інфраструктура На востраве два вялікія паселішчы. Адміністрацыйным цэнтрам і портам з’яўляецца вёска Ахурэі. Эканоміка Рапа-Іці ў значнай ступені залежыць ад фінансавай дапамогі з боку ўладаў Французскай Палінезіі. Дзяржава — галоўны працадаўца. Мясцовае насельніцтва займаецца земляробствам і ловам рыбы, але, галоўным чынам, для ўнутранага забеспячэння. Турызм пакуль не адыгрывае істотнай ролі ў развіцці. Дзейнічае аэрапорт.
Спасылкі Pacific Oceanic Island OIBS Douglas Kennett, Atholl Anderson, Matthew Prebble, Eric Conte, John Southon, Prehistoric human impacts on Rapa, French Polynesia Over One Hundred and Seven Wonders of The Ancient World
Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Французскай Палінезіі