Плю́сы, Плюскае — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Заходняя Дзвіна, за 20 км на поўнач ад горада Браслаў, каля аграгарадка Плюсы, паблізу ад мяжы з Латвіяй.

Плошча паверхні возера 1,54 км². Даўжыня 2,04 км, найбольшая шырыня 1,61 км, даўжыня берагавой лініі 8,7 км. Найбольшая глыбіня возера 5,8 м, сярэдняя 3 м. Аб'ём вады 4,62 млн. м³. Плошча вадазбору 6,56 км². Катлавіна возера падпруднага тыпу, размешчана ў паніжэнні паміж камавых узгоркаў. Схілы катлавіны ў заходняй і паўночнай частках спадзістыя, вышынёй 4—5 м, у паўднёвай — стромкія, вышынёй да 8—10 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія і пясчаныя. Вакол возера пойма шырынёй ад 10—80 да 300 метраў. У паўднёвай частцы возера 9 астравоў агульнай плошчай 10 га (буйнейшыя з іх — Вялікі і Малы). Дно возера да глыбіні 1,5 м пясчанае. На большых глыбінях дно выслана сапрапелем і гліністым ілам. Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Надводная расліннасць пашыраецца на адлегласці 10—30 м ад берага і да глыбіні 1,5 м. Да глыбіні 2,5 м распаўсюджваюцца рдзесты, харавыя водарасці, эладэя. Усходнія і паўночныя залівы, мелі і прастора паміж астравамі зарастаюць цалкам. У Плюсы ўпадаюць некалькі ручаёў і выцякае ручай у возера Прысвяты.

У возеры водзяцца шчупак, акунь, лешч, плотка, гусцяра, краснапёрка, лінь і іншыя віды рыб.

Літаратура

Спасылкі Плюсы

Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Браслаўскага раёна