Індустрыялізацыя, стварэнне буйной вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, і калектывізацыя, аб’яднанне індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі — складныя часткі пабудовы сацыялістычнага грамадства ў СССР, стварэння падмурку рэалізацыі геапалітычных планаў савецкага кіраўніцтва.

Індустрыялізацыя Правядзенне індустрыялізацыі ў БССР тлумачылася неабходнасцю стварэння машыннай вытворчасці ў прамысловасці. Прыгранічнае размяшчэнне рабіла немэтазгодным знаходжанне ў рэспубліцы прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці, уключаючы заводы ваенна-прамысловага комплексу, таму пераважна развіваліся прадпрыемствы лёгкай прамысловасці (харчовая, гарбарная, тэкстыльная і швейная), галіны па перапрацоўцы драўніны (лясная, дрэваапрацоўчая, папяровая) і мінеральнай сыравіны (паліўная, хімічная). У БССР адсутнічалі разведанныя прамысловыя радовішчы нафты, газу, вугалю, чорных і каляровых металаў, таму шырока выкарыстоўваліся прыродныя запасы лесу і торфу.

У 1928—1929 гадах быў распрацаваны першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі (пяцігодка), згодна з якім прадугледжвалася стварэнне сельскагаспадарчага машынабудавання, будаўніцтва новых і пераабсталяванне старых прадпрыемстваў. У першую пяцігодку (1928—1932 гады) былі пабудаваны і ўведзены ў строй швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ» у Віцебску, Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі.

На працягу другой і трэцяй пяцігодак (1933—1937, 1938—1941 гады) прамысловасць рэспублікі папоўнілася Гомельскім шкляным і Крычаўскім цэментным, Магілёўскімі трубаліцейным і аўтарамонтным заводамі, Мінскім радыёзаводам, Рагачоўскім кансервавым заводам, кандытарскімі фабрыкамі «Камунарка» ў Мінску і «Спартак» у Гомелі, Барысаўскай макароннай і Мінскай каўбаснай фабрыкамі. Беларусь паступова ператваралася ў індустрыяльную краіну з дзяржаўнай формай уласнасці на сродкі вытворчасці. Тут па-ранейшаму пераважала лёгкая прамысловасць.

Індустрыялізацыя праводзілася па прапанове І. Сталіна вельмі хуткімі тэмпамі пад лозунгам «Пяцігодку — у чатыры гады». Гэта патрабавала значных сродкаў, якія вырашана было адшукаць за кошт эканоміі, зберажэння, выкарыстання працоўнага энтузіязму, а таксама правядзення суцэльнай калектывізацыі на вёсцы.

Сімвалам прагрэсу і тэхналагічнай навіны для Беларусі стала будоўля электрастанцыі «Асінстан» (цяпер — Беларуская ДРЭС), першы энергаблок якой быў запушчаны 8 лістапада 1930 года. Будоўля ішла паралельна з пабудовай Днепрагэсу ва Украіне, найбуйнейшай на той час электрастанцыі Савецкага Саюза, аднаго з галоўных аб’ектаў плана ДЗЯЭЛРА.

Калектывізацыя Суцэльная калектывізацыя сельскай гаспадаркі была звязана з масавым і хуткім аб’яднаннем дробных індывідуальных сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя гаспадаркі (калгасы). З лета 1929 года сталі паскорана і прымусова стварацца калгасы, дзе праца ацэньвалася вельмі нізка і аплачвалі яе не грашыма, а прадуктамі па колькасці адпрацаваных дзён. Тых, хто не жадаў запісвацца ў калгасы, прылічвалі да кулакоў і праводзілі раскулачванне, што выклікала масавае нездавальненне сялян.

Тых, хто выступаў супраць ужывання прымусовых метадаў пры правядзенні калектывізацыі, абвінавачвалі ў страце класавай пільнасці і насаджэнні кулацкіх гаспадарак. Так, быў абвінавачаны Народны камісар земляробства БССР Дз. Прышчэпаў, які праводзіў у 1924—1929 гадах аграрную палітыку пад лозунгам «Беларусь — чырвоная Данія», выступаў за прынцыпы добраахвотнасці і паслядоўнасці ў правядзенні калектывізацыіХодзін, С. М. Д. Ф. Прышчэпаў: гісторыя асобы як гісторыя краіны / С. М. Ходзін // Российские и славянские исследования: науч. сб. Вып. 9. / редкол.: А. П. Сальков, О. А. Яновский (отв. редакторы) (и др.). — Мн.: БГУ, 2014. — С. 131—142. — С. 138.

Для стварэння калгасаў у вёску з горада былі накіраваны рабочыя-дваццаціпяцітысячнікі (у Беларусі іх было больш за 600 чалавек). Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС), а пры іх — палітычныя аддзелы, якія строга праводзілі лінію УКП (б) на ажыццяўленне суцэльнай калектывізацыі ў вёсцы. Першая МТС была створана ў Койданаве (цяперашні Дзяржынск).

Вынікі індустрыялізацыі і калектывізацыі Вынікам правядзення індустрыялізацыі і суцэльнай калектывізацыі стала стварэнне сучаснай на той момант матэрыяльна-тэхнічнай базы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, што забяспечыла будаўніцтва новага сацыялістычнага ладу ў БССР. Шляхам велізарнага напружання сіл была пабудавана моцная індустрыяльная база, павялічылася колькасць гарадоў і гарадскога насельніцтва, палепшыліся матэрыяльныя ўмовы жыцця, быў дасягнуты высокі ўзровень адукацыі, навукі, культуры. У эканоміцы ўсталявалася адзіная дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці.

Крыніцы

Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Гісторыя эканомікі Беларусі