Дзейнасць БНР (ктв)

Урад БНР ужо ў першыя месяцы пасля абвяшчэння незалежнасці зрабіў шэраг крокаў па стварэнню сваёй дыпламатычнай службы — важнага атрыбута дзяржаўнасці. Гэта была вельмі складаная задача і прычын таму было некалькі. Па-першае, урад — Народны Сакратарыят — не быў прызнаны акупацыйнымі германскімі ўладамі. Па-другое, сябры Рады БНР і Народнага Сакратарыята і ўсе, хто ім дапамагаў, выконвалі свае абавязкі, можна сказаць, на грамадскіх пачатках. Сродкаў для сталага фінансавання дзяржаўнай дзейнасці не хапала. Па-трэцяе, кіраўнічы актыў БНР не меў вопыту міжнароднай дзейнасці, у распараджэнні Народнага Сакратарыята не аказалася аніводнага прафесіянальнага дыпламата з беларусаў. А тым часам сярод задач, якія паўсталі перад БНР і яе стваральнікамі, на першае месца вылучыліся як раз задачы дыпламатычнага характару: паўплываць на ход перамоў у Брэсце-Літоўскім на карысць Беларусі, наладзіць адносіны з германскімі ўладамі і дамагацца ад іх прызнання БНР і яе ўрада, нарэшце, забяспечыць дыпламатычнае прызнанне БНР з боку іншых дзяржаў. Складанасць і важнасць знешнепалітычных задач добра разумелі стваральнікі БНР. У складзе Народнага Сакратарыята адразу ж была прадугледжана пасада народнага сакратара па замежным справам. Сябры Рады вельмі ўважліва ставіліся да персанальна-кадравых пытанняў у гэтай справе. Міністрам замежных спраў неабходна было зацвердзіць найбольш аўтарытэтнага і адукаванага чалавека. Выйсце было знойдзена такім чынам: замежныя справы ў Народным Сакратарыяце даручаліся старшыні першага ўрада — Язэпу Варонку. Гэта быў вядомы на Беларусі палітычны дзеяч, журналіст, публіцыст. З 1917 г. з’яўляўся членам ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады, адным з кіраўнікоў I Усебеларускага з’езда і ініцыятараў абвяшчэння БНР.

Сумяшчэнне пасад старшыні і сакратара па міжнародным справам дазволіла сканцэнтраваць на праблемах знешняй палітыкі большасць арганізацыйных і фінансавых магчымасцей Народнага Сакратарыята, скіраваць сюды найбольш падрыхтаваных людзей.

Пачатак Беларускай дыпламатыі

Першым крокам беларускай дыпламатыі можна лічыць удзел у мірных перамовах у Брэсце-Літоўскім. Дакладней будзе сказаць, што Выканкам I Усебеларускага з’езда накіраваў у Брэст-Літоўскі дэлегацыю ў складзе А. Цвікевіча, С. Рак-Міхайлоўскага, І. Серады з мэтай абараніць на перамовах інтарэсы Беларусі. Менавіта гэтых людзей можна лічыць першымі дыпламатамі Беларусі ў XX ст. Паколькі свабодна перамяшчацца па беларускай тэрыторыі дэлегацыя не мела магчымасці — існавала пагроза арышту з боку СНК Заходняй вобласці і фронту, дэлегацыя дабіралася ў Брэст праз Украіну. У выніку беларусы прыбылі ў Брэст толькі 15 лютага.

Паўнамоцтвы прадстаўнікоў БНР не былі прызнаны дэлегацыяй Савецкай Расіі, яе прадстаўнік Л. Карахан не пажадаў сустрэцца з беларусамі. Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі Беларусі атрымалі статус дарадчыкаў пры ўкраінскай мірнай дэлегацыі, якая была афіцыйна дапушчана на перамовы. Беларуская дэлегацыя таксама здолела сустрэцца з членамі германскай дэлегацыі: Розенбергам, Шылерам, Гофманам і перадаць ім мемарандум, у якім гаварылася аб стварэнні беларускай дзяржавы, выказваўся пратэст супраць умоў мірнага дагавору, па якім частка беларускіх тэрыторый адыходзіла да Германіі, а таксама супраць таго, што дагавор не прадугледжваў кампенсацыйных выплат беларускаму насельніцтву за страты, выкліканыя вайной. Гэта была першая спроба кіраўніцтва БНР дабіцца суверэнітэту рэспублікі шляхам міжнароднага прызнання.

У красавіку 1918 г. на Украіну была накіравана надзвычайная дэлегацыя, якая стварыла ў Кіеве беларускую дыпламатычную місію. У дэлегацыю ўвайшлі вядомыя дзеячы беларускага руху: кіраваў місіяй А. Цвікевіч, сябрамі дэлегацыі з’яўляліся С. Рак-Міхайлоўскі і Л. Леўчанка, кансультантам быў прафесар М. Доўнар-Запольскі, кіраваў справамі Ю. Фарботка. Дэлегацыя працавала над стварэннем сумеснай беларуска-ўкраінскай камісіі па вызначэнню дзяржаўнай мяжы паміж Украінай і БНР; рыхтавала праект абвяшчэння ўрадам еўрапейскіх краін аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якое меркавалася перадаць па радыё ва ўсе еўрапейскія сталіцы.

Дыпламатычныя прадстаўнікі Беларусі падчас знаходжання на Украіне абменьваліся афіцыйнымі візітамі з кіраўніком Украінскай Цэнтральнай Рады М. Грушэўскім, міністрам замежных спраў Любінскім, міністрам унутраных спраў Ткачэнкам, вайсковым міністрам Жукоўскім, у ходзе якіх высвечвалі становішча на Беларусі, дамагаліся фінансавай і харчовай дапамогі для БНР. З вайсковым міністрам Жукоўскім вырашалі пытанне аб фарміраванні беларускіх войскаў на тэрыторыі Украіны, у сувязі з чым стварылі асобую вайсковую камісію, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай Нацыянальнай Арганізацыі ў Кіеве.

Восенню 1918 г. былі арганізаваны надзвычайныя місіі, якія зрабілі падарожжы ў Кіеў да ўрада гетмана П. Скарападскага (місія была акрэдытавана пры міністры загранічных спраў — Д. Дарашэнку), у Варшаву — да Рады Рэгенцкай, у Вільню — да ўрада Літоўскай Тарыбы. Місія беларускага ўрада, арганізаваная дзеля падарожжа да бальшавікоў у Маскву, не выехала з-за небяспекі "не вярнуцца да хаты жывою"2. Такая форма дыпламатычнай дзейнасці, як накіраванне за мяжу афіцыйных дэлегацый, займала ў БНР у 1918 г. ледзьве не першае месца. З-за дэфіцыту кваліфікаваных кадраў кіраўніцтва БНР аддавала перавагу накіроўванню за мяжу надзвычайных місій з дакладнымі даручэннямі і на кароткі тэрмін.

20 кастрычніка Рада Міністраў БНР накіравала дэлегацыю ў Берлін і Берн з даручэннем дамагацца незалежнасці і захавання германскіх войскаў на беларускай тэрыторыі. У склад дэлегацыі ўвайшлі Я. Лёсік, Р. Скірмунт, К. Савіч, І. Луцкевіч, С. Разенбаум. Але, паколькі пачалася германская рэвалюцыя, дэлегацыі прыйшлося вяртацца ў Мінск з прычыны карэннага змянення абставін4. З такой жа мэтай былі накіраваны дэлегацыі ў Латвію, Эстонію, Фінляндыю, Данію, Францыю, Балгарыю, Чэхію. Гэтыя дэлегацыі з мемарандумам кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі і брашурай прафесара М. В. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», выданай на беларускай, рускай, нямецкай, французскай, польскай мовах, спрабавалі дамагацца прызнання незалежнасці і дапамогі для сваёй радзімы.

Безумоўна, што далёка не ўсе пералічаныя краіны маглі забяспечыць Беларусі рэальную дапамогу, і кіраўніцтва БНР гэта разумела, але такім чынам яно інфармавала сусветную грамадскасць аб становішчы на Беларусі. Гэтыя падарожжы таксама мелі станоўчыя вынікі для ўнутранай працы беларусаў пад нямецкай акупацыяй. Ужо пасля першых з іх немцы пайшлі на нейкія ўступкі ўладам БНР, сталі нават даваць грошы на асветніцкія і культурныя справы.

Удзельнікі дэлегацыі

У склад дэлегацый, як згадвалася вышэй, уключаліся сапраўды дастойныя, знакамітыя людзі з Беларусі — А. Цвікевіч, Я. Лёсік, В. Луцкевіч, прафесар М. Доўнар-Запольскі, П. Трэмповіч. Кожны з іх быў шырока адукаваны, ведаў замежныя мовы, меў меншы ці большы вопыт палітычнай дзейнасці. На жаль, архівы і іншыя крыніцы не захавалі для нас звесткі аб тым, як фарміраваліся дэлегацыі, як яны былі забяспечаны матэрыяльна-тэхнічна, якім транспартам карысталіся, дзе размяшчаліся і г. д. Адказы на гэтыя пытанні можна толькі ўявіць сабе, калі ўзгадаць умовы і акалічнасці грамадскага жыцця.

Захаваліся асобыя пасведчанні Рады БНР, якія выдаваліся дыпламатычным прадстаўнікам Беларусі. Гэтыя пасведчанні друкаваліся на спецыяльных бланках, падпісваліся маршалкам і сакратаром Рады, засведчываліся пячаткай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У адным з такіх пасведчанняў паведамлялася: «Паказчык гэтага, член Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Іван Станкевіч, згодна з пастановаю Рады, абраны членам дэлегацыі да Літоўскай Тарыбы дзеля перадачы пастановы Рады БНР і ўпаўнаважаны сумесна з усёй дэлегацыяй весці перагаворы, а таксама выступаць ад імені Рады Беларускай Народнай Рэспублікі».

Амаль з першых дзён існавання Сакратарыят па міжнародных справах распачаў дыпламатычную перапіску, галоўную форму існавання дыпламатычных устаноў. За мяжу дасылаліся мемарандумы, мемарыялы, асабістыя і вербальныя ноты, звароты да ўрадаў суседніх і іншых дзяржаў, а таксама афіцыйныя лісты паслам і прадстаўнікам замежных дзяржаў. Складаліся інфармацыйныя лісты дыпламатычных прадстаўнікоў БНР аб становішчы ў краіне знаходжання. Звароты кіраўніцтва БНР да замежных дзяржаў падпісваліся старшынёй урада і міністрам замежных спраў. Асабістыя ноты, якія складаліся па вельмі важным і прынцыповым пытанням, як правіла, падпісваліся кіраўніком дыпламатычнага прадстаўніцтва ці місіі. Дыпламатычная перапіска (у адрозненне ад дзяржаўнай дакументацыі, якая вялася на беларускай мове) выконвалася звычайна на мове той краіны, куды накіроўвалася пасланне. Захаваліся дакументы на ўкраінскай, рускай, польскай, нямецкай, англійскай, французскай мовах. Звароты да ўрадаў вялікіх дзяржаў рабіліся ў некалькіх экзэмплярах на некалькіх мовах. Характэрным прыкладам дыпламатычнай перапіскі БНР з’яўляецца заява кіраўніцтву Паўднёва-Усходняга саюза («Паўднёва-Усходні саюз казачых войскаў, горцаў Каўказа і вольных народаў стэпу» — быў абвешчаны ў кастрычніку 1917 г. ва Уладзікаўказе; уваходзілі тэрыторыі Дону, Кубані, Стаўрапольскі край). «Народный Секретариат имеет честь обратиться к Временному Правительству Юго-Восточного Союза… Настоящее заявление вручить Правительству доверяем чрезвычайному нашему посланнику Павлу Викторовичу Тремповичу».

Мемарандум У красавіку 1918 г. урадам БНР быў пасланы мемарандум на імя «Господина имперского канцлера», падпісаны Народным Сакратарыятам. У мемарандуме была змешчана Другая Устаўная грамата і выкладзены заканадаўчыя мерапрыемствы, якія меркавала здзейсніць кіраўніцтва БНР. 19 красавіка 1918 г. на імя старшыні Рады БНР прыйшоў адказ нямецкага камандавання на просьбу Рады самой регуляваць пытанні, звязаныя з мясцовым насельніцтвам. У лісце сцвярджалася, што законная ўлада на гэтай тэрыторыі належыць нямецкаму камандаванню і толькі яно мае права вырашаць усе грамадзянскія і вайсковыя пытанні. 25 сакавіка 1918 г. дэлегацыяй БНР у Кіеве быў дасланы ліст германскаму паслу пры Украінскай Радзе, у якім увага пасла засяроджвалася на развіцці «беларускага пытання», прапаноўвалася прызнаць незалежнасць БНР, усталяваць спрыяльныя адносіны з нямецкімі ваеннымі ўладамі, а таксама падтрымаць захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Праз месяц, 25 красавіка на афіцыйнай аудыенцыі нямецкаму паслу пры Украінскай Народнай Рэспубліцы быў уручаны мемарыял прыкладна такога ж зместу. Па гэтых дакументах можна прасачыць, з якой упартасцю і нават дыпламатычнымі хітрасцямі прадстаўнікі беларускага ўрада спрабавалі дабіцца прызнання Германіяй факта незалежнасці БНР. «Этот вопрос (о независимости) стал жгучим и от Германского Правительства зависит — поставить ли его в благоприятное положение и тем обратить симпатии нашего народа к Германии, или же обратить симпатии и взоры нашего народа в другую сторону, быть может менее благоприятную для германских интересов… В интересы Германского Правительства, смеем думать, не может входить расчленение Белоруссии на части между соседями и усиление их за счет Белоруссии. Быть может для германской политики безразличны границы Беларуси на востоке, но усиление Польши за счет Беларуси придаст полякам основание строить Великую Польшу, что едва ли может входить в интересы Германии».