І́ндская цывілізацыя, цывілізацыя даліны ракі Інд, цывілізацыя Інда і Сарасва́ці, Хара́пская цывілізацыя, старажытная даарыйская цывілізацыя (археалагічная культура) Індыі. Існавала з сярэдзіны ІІІ тысячагоддзя да н.э. да 17—16 стагоддзяў да н.э. на паўночным захадзе паўвострава Індастан (на тэрыторыі сучасных Індыі, Пакістана і Афганістана). Адзін з самых ранніх ачагоў урбаністычнай культуры народаў свету.

Адрыта болей за 1000 помнікаў: першасныя земляробчыя паселішчы (Мергарх), руіны буйных гарадоў (Харапа, Махенджа-Дара, Ракхігархі, Ганверывал), марскіх портаў (Латхал і Дхалавіра), памежных крэпасцей, вёсак (Алахдзіна). Археалагічныя знаходкі паказваюць існаванне развітых гандлёвых сувязей з суседзямі і аддаленымі краінамі — Кулі, Аратай, Бахрэйнам, Бактрыйска-Маргіянскай цывілізацыяй, магчыма, з Шумерам.

Аснова эканомікі — жывёлагадоўля (зебу, курыца, буйвалы, свінні) і ірыгацыйнае земляробства (пшаніца, проса, ячмень, рыс). Развітыя манументальнае будаўніцтва, металургія медзі і бронзы.

Заняпад Індскай цывілізацыі, верагодна, вызначаўся некалькімі прычынамі: тэктанічным зрухам і паводкамі, спусташэннем і забалочваннем глебы, эпідэміямі і войнамі. Дравідыйскае насельніцтва даліны Інда ў гэтыя часы перамяшчаецца на паўднёвы ўсход і страчвае былы ўзровень развіцця.

Генетычна звязанай з Індскай (Харапскай) цывілізацыяй лічаць постхарапскую культуру. Уплыў Індскай цывілізацыі прасочваецца ў культуры сучасных народаў Індыі і Пакістана. Індская цывілізацыя не аказала істотнага ўплыву на культуру індаарыяў — новага старажытнаіндыйскага ачагу цывілізацыі ў даліне Ганга, аддаленага ад Індскага больш як на тысячу кіламетраў.

Адкрыццё Першым вядомым помнікам Індскай цывілізацыі стала Харапа, выпадкова адкрытая ў 1826 г.Harappa: Capital City of the Ancient Indus Civilization Ужо ў той час помнік моцна пацярпеў з-за мясцовых жыхароў, якія карысталіся знойдзенай у ім цэглай. У 1872—1873 гг. брытанскія археолагі арганізавалі яго першыя навуковыя раскопкіIntroduction — Harappa. Яны прынялі Харапу за болей позні будысцкі цэнтр старажытнай Індыі. Тым не меней, знаходка пячаткі з невядомымі знакамі, якія маглі быць літарамі, выклікала цікавасць спецыялістаў, і ў 1920—1921 гг. Археалагічная служба Брытанскай Індыі пачала болей шырокія даследаванні.

У 1919 г. стала вядома, што падчас будаўніцтва чыгункі ў Сіндзе рабочыя выкарыстоўвалі старую цэглу з кургана Махенджа-Дара. Археалагічная служба накіравала туды свайго служачага Р. Д. Банерджы. Ён абследаваў мясцовасць, зрабіў пробныя раскопкі, выявіў новыя артэфакты і пераканаўся, што пад курганам пахавана старажытнае паселішчаScientist of the Day — R. D. Banerji. У 1924 г. Джон Маршал, кіраўнік Археалагічнай службы, параўнаў знаходкі з Харапы і Махенджа-Дара і прыйшоў да высновы, што адкрыта раней не вядомая старажытная цывілізацыяMOHENJO-DARO AND THE INDUS CIVILIZATION. Канчаткова Індская (Харапская) цывілізацыя была вылучана як самастойная ў 1931 г.

Да канца першага дзесяцігоддзя XXI ст. на тэрыторыі Пакістана і Індыі было адкрыта 1022 помнікі Індскай цывілізацыіUpinder Singh, A History of Ancient and Early Medieval India: From the Stone Age to the 12th Century, p. 137, аднак толькі 10 % з іх дастаткова даследаваны, некаторыя выклікаюць спрэчкі або далучаюцца да суседніх археалагічных культур, што знаходзіліся пад уплывам Індскай цывілізацыі.

Храналогія Традыцыйна агульная храналогія Індскай цывілізацыі абапіраецца на перыядызацыю развіцця Харапы, вызначаную археолагамі. Яна ўключае наступныя перыядыHARAPPAN CIVILIZATION: Дахарапскі / Ранні харапскі (3500—2600 гг. да н. э.) Сталы / Гарадскі харапскі (2600—1900 гг. да н. э.) Паслягарадскі харапскі (1900—1400 гг. да н. э.)

Фарміраванне

Паходжанне стваральнікаў і насельнікаў Індскай цывілізацыі з’яўляецца спрэчным. У Індыі з боку палітыкаў, культурных і рэлігійных дзеячоў, а таксама гісторыкаў не аднойчы выказваліся думкі пра індаеўрапейскае паходжанне гарадской культуры старажытнай даліны Інда або пра заснаванне Індскай цывілізацыі выхадцамі з заходняй часткі плато ДэканWho built the Indus Valley civilisation?The Myth of the Aryan Invasion Haryana discovery that promises to challenge our ancient history. Да нашых дзён яны не знайшлі навуковага пацверджання.

Большасць даследчыкаў лічыць, што насельніцтва Індскай цывілізацыі было дравідамоўным. Гэтая гіпотэза таксама не мае ясных доказаў, паколькі пісьмовыя знакі, знойдзеныя падчас раскопак старажытных помнікаў, не расшыфраваны. Найбольш слынным доказам з’яўляюцца палеагенетычныя даследаванні, якія паказваюць сувязь паміж жыхарамі ўсходняй часткі Індскай цывілізацыі 3 тысячагоддзя да н. э. з сучасным насельніцтвам паўднёвай ІндыіFirst ancient DNA from Indus Valley civilization links its people to modern South Asians, дзе дамінуюць дравідамоўныя народы. Аднак міграцыя продкаў стваральнікаў Індскай цывілізацыі адбывалася не з поўдню, а з захаду. Мяркуецца, што яны прыйшлі з Іранскага нагор’яWhere did the Indus Valley people come from? каля 8 тысячагоддзя да н. э. ў эпоху, што папярэднічала ўзнікненню сельскай гаспадаркі. Дзякуючы спрыяльным кліматычным умовам, што ўсталяваліся ў Паўднёвай Азіі, яны насялілі паўночны захад Індыйскага субкантынента ўжо да пачатку дахарапскага перыядаIndus era 8,000 years old, not 5,500; ended because of weaker monsoon.

Значна лепей вывучана фарміраванне культуры Індскай цывілізацыі з археалагічнага пункту гледжання. Найстаражытнейшым вядомым месцам, звязаным з яе ўзнікненнем, з’яўляецца Мергарх у перадгорнай частцы сучаснага Белуджыстана. Ён уяўляе сабою раскоп 11 м у глыбіню. Паселішча на месцы Мергарха ўзнікла ў сярэдзіне 7 тысячагоддзя да н. э. і праіснавала да сярэдзіны 3 тысячагоддзя да н. э.Archaeological Site of Mehrgarh — UNESCO World Heritage Гэта месца прыцягвала людзей наяўнасцю радовішча медзі. Яны жылі ў хацінах з сырцовай цэглы, вырошчвалі ячмень, пшаніцу, фінікавую пальму, унабі, магчыма — бавоўнік, трымалі кароў, займаліся паляваннем, апрацоўвалі косць.

Першасна пасяленцы выраблялі пасудзіны з трыснягу, які пакрывалі асфальтам, але з сярэдзіны 6 тысячагоддзя пачалі вытворчасць керамікі. Адначасова адбыліся змены ў будаўніцтве. Будынкі з высушанай на сонцы цэглы сталі ўзводзіцца прасторнымі, сіметрычна падзеленымі на невялікія квадратныя або прастакутныя блокі. У іх не было дзвярэй і жылых парэштак, што наводзіць на думку пра тое, што хаця б некаторыя з іх з’яўляліся сховішчамі збожжа ці іншых тавараў, што выкарыстоўваліся сумесна. Іншыя будынкі ўяўляюць сабой стандартныя памяшканні, дзе займаліся рамяством, у тым ліку вырабам пацерак. У медным веку адзінае паселішча ператварылася ў некалькі асобных, злучаных ірыгацыйнымі каналаміMehrgarh, Pakistan and Life in the Indus Valley Before Harappa. Пры даследаванні цел у магільнях было выяўлена, што мергархцы былі добра знаёмы са стаматалогіяй.

У канцы 5 тысячагоддзя да н. э. адбылося пашырэнне сельскагаспадарчых паселішчаў у горных і перадгорных раёнах. На мяжы 5 тысячагоддзя да н. э. і 4 тысячагоддзя да н. э. заўважны першыя прыкметы ўрбанізацыіIndus-Sarasvati Civilization. Раскопкі ў пагорыстых мясцінах абапал Інда прывялі да адкрыцця старажытных населеных пунктаў, што да пачатку сталага харапскага перыяду прайшлі шлях ад вёсак да гарадоў з насельніцтвам каля 10 тысяч чалавек. На рачных раўнінах гэты працэс быў болей запаволеным. Так, у другой палове 4 тысячагоддзя да н. э. у наваколлях будучай Харапы пераважалі адносна невялікія паселішчы рыбакоў, паляўнічых і земляробаў. Відавочна, падвышэнне колькасці насельніцтва там пачалося не раней за 3 тысячагоддзе да н. э.

Адной з прычын, якая садзейнічала поспеху сельскай гаспадаркі і пашырэнню паселішчаў, былі надзвычай спрыяльныя кліматычныя ўмовы. Аналіз ізатопнага складу кіслароду ў фасфатах костак і зубоў свойскай жывёлы, зроблены індыйскімі вучонымі, сведчыць пра тое, што каля 9 — 8 тысяч гадоў таму на захадзе Індыйскага субкантынента ўсталяваўся клімат, значна болей вільготны, чым у нашы дні. Рачная сетка паміж Гімалайскім рэгіёнам і Аравійскім морам была значна шырэйшай. На ўсход ад сучаснага рэчышча Інда існавалі іншыя буйныя рэкі, у тым ліку Сарасваці, пазней узгаданая ў Рыгведзе. На месцы Качскага Рана, знакамітага сваімі саланчакамі, у тую пару месцілася плыткаводдзеTracing the Vedic Saraswati River in the Great Rann of Kachchh. Шчодрыя мусоны абрашалі схілы пагоркаў і такім чынам спрыялі атрыманню ўстойлівых ураджаяў. Аднак на раўнінах і нізінах яны выклікалі паводкі і заміналі развіццю гаспадаркі.

З другой паловы 4 тысячагоддзя да н. э. інтэнсіўнасць мусонаў пачала зніжацца. Рачныя даліны сталі болей прыцягальнымі, а на аддаленых ад іх землях адбывалася апустыньванне. У перыяд 3200 — 2600 гг. да н. э. многія дахарапскія паселішчы апынуліся пакінутыміEarly Harappan (3200-2600 BC). Такі лёс напаткаў і Мергарх. Магчыма, што далейшая міграцыя на ўсход суправаджалася пераходам ад пераважнага вырошчвання пшаніцы і ячменя да рысаводства. Рыс як ядомая расліна вядомы ў Паўднёвай Азіі з 7 тысячагоддзя да н. э., але яго вырошчванне і распаўсюджанне ў гэтай вобласці звычайна адносяць да першай паловы 3 тысячагоддзя да н. э.History of rice cultivation Ён выдатна прыстасаваны да спякоты і лішкаў вільгаці, вытрымлівае сезонныя паводкі, яго збожжа па якасці мала саступае пшаніцы.

Сталы перыяд

Урбанізацыя і архітэктура

Сталы перыяд развіцця Індскай цывілізацыі звязаны з урбанізацыяй і ўзнікненнем у рачных далінах буйных гарадоў. Самыя вялікія гарады (Ракхігархі, Махенджа-Дара, Харапа, Ганверывал і Дхалавіра) значна пераўзыходзілі па плошчы і насельніцтву гарадскія паселішчы іншых цывілізацый таго часу — Шумера, Старажытнага Егіпта і Бактрыйска-Маргіянскага комплекса. Так, Махенджа-Дара займаў каля 100 га, у ім магло жыць каля 40 000 чалавекLost City of Mohenjo Daro. Плошча Харапы дасягала 150 га, а гарадское насельніцтва ацэньваецца ў 23 500 чалавекIndus River Valley civilizations.

Паколькі першыя адкрытыя археолагамі буйныя гарады Індскай цывілізацыі месцяцца адносна недалёка ад сучаснага рэчышча Інда, то некаторы час лічылася, што менавіта яны былі яе галоўнымі цэнтрамі, а паселішчы на ўсход з’явіліся пазней і былі значна меншымі. Аднак раскопкі Ракхігархі, што пачаліся ў 1969 г. і інтэнсіўна праводзяцца з 1997 г., абверглі гэты пункт гледжання. Урбанізацыя Ракхігархі пачалася ў XXVI ст. да н. э., тады ж, калі і Харапы. Ён быў большым за Махенджа-Дара. У ім магло жыць да 60 000 чалавек на плошчы каля 350 гаRakhigarhi, the biggest Harappan site. Даследаванне керамікі вакол Калібангана таксама дэманструе старажытнасць паселішчаў усходняга арэала Індскай цывілізацыі. Такім чынам, агульная тэрыторыя распаўсюджвання сфарміраванай у ёй культуры ахоплівала да 1,5 млн км²Historical Beginnings: The Indus Valley Civilisation, што амаль утрая пераўзыходзіць плошчу сучаснай ёй Акадскай імперыі.

Гарады Індскай цывілізацыі будаваліся па плану. Яны ўзводзіліся на ўзвышшах, каб прадухіліць затапленні падчас паводкі, часам ніжняя частка ўмацоўвалася сырцовымі цаглінамі. Вылучаліся 2 асноўныя раёны — цытадэль і ніжні горад. Цытадэль знаходзілася вышэй за астатнія будынкі, мела форму паралелаграма, была абаронена мурам. У яе склад уваходзілі не толькі памяшканні, але таксама збожжасховішча і грамадскія пабудовы, штучныя купальні з пандусамі. Так, Вялікая купальня ў Махенджа-Дара мае 12 м у даўжыню, 7 м у шырыню, 2,4 м у глыбіню. У яе вялі 2 лесвіцы, што скончваліся выступам, па якому можна было рухацца ўздоўж вады. Дно і бакавыя сцены не прапускалі ваду дзякуючы добра падагнаным цаглінам, пакрытым гіпсавай тынкоўкай. Купальня была схавана ад астатняга горада калонамі, паміж якімі нацягвалася шырма. З усходняга краю да яе прымыкалі пакоі, дзе меўся калодзеж«Great Bath» Mohenjo-Daro.