Ганна Святаслаўна (1350-я — ) — вялікая княгіня літоўская, другая жонка Вітаўта.

Паходжанне Імаверна, дачка Святаслава Іванавіча, вялікага князя смаленскага ў 1358—1386 гадах. Прынамсі такая версія паходжання цяпер пераважае. Аднак яна не можа быць цалкам пэўнай, бо грунтуецца на Хроніцы Быхаўца, хоць ёсць і ўскосныя сведчанні на яе карысць.

Літоўскія даследчыкі традыцыйна, пачынаючы Ігнасам Янінасам, адмаўляюць любую роднасную сувязь Ганны са смаленскімі князямі.Simas Sužiedėlis Anne // Encyclopedia Lituanica . — Boston, Massachusetts, 1970—1978. Vol. I. — P. 102—103.Jonynas I. Vytauto šeimyna // Istorijos baruose. — Vilnius: Mokslas, 1984. — P. 68-71.Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas / Ed. Vytautas Spečiūnas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. — P. 88.Rowell S.C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography. 1994. Vol. 15 (1). — P. 1-77. — P. 33..

Паводле Хронікі Быхаўца, у Вітаўта было тры жонкі, першая — смаленская княжна Ганна Святаслаўна, другой названа , дачка князя лукомскага і старадубскага Андрэя, а трэцяй — Ульяна, дачка князя гальшанскага Івана Альгімонтавіча. Таксама Хроніка Быхаўца, але ў іншым месцы, называе цесцем (tystia) Вітаўта смаленскага князя Глеба Святаславіча.

Паводле крыжацкай крыніцы, Вітаўт узяў шлюб з Ганнай пры жыцці вялікага князя Альгерда, то-бок да мая 1377 года. Ян Тэнгоўскі пацвердзіў гэта праз шлюбны ўзрост Соф’і, якую Ганна называла сваёй дачкой, на думку даследчыка, шлюб яе бацькоў адбыўся паміж 1368—1377 гадамі.

Такім чынам, калі апроч Ганны і Ульяны, якія вядомы як жонкі Вітаўта і з надзейных крыніц, і праўда была трэцяя жонка, то толькі перад Ганнай. Першы шлюб Вітаўт мог узяць яшчэ ў 1360-я гады, калі быў удзельным князем берасцейскім. На думку Тэнгоўскага, першай жонкай Вітаўта магла быць Марыя, названая Хронікай Быхаўца як другая, аднак, ні яна, ні названы тамсама яе бацька — князь лукомскі і старадубскі Андрэй, з іншых крыніц не вядомы. Алег Ліцкевіч выявіў згадку пра жонку Вітаўта, язычніцу, спаленую пасля смерці — гэта не магла быць ні Ганна, ні Ульяна, на думку даследчыка, гэтыя звесткі менавіта пра першую жонку Вітаўта.

Што шлюб з Ганнай мог быць другім сведчаць згадкі надзейнымі крыніцамі шваграў (сваякоў па жонцы) князя Вітаўта. У студзені 1384 года шваграм Вітаўта названы друцкі князь Леў, імаверна, родзіч тагачаснай жонкі, то-бок Ганны. У тым самым дакуменце 1384 года згаданы і Судзімонт з Вейшышак, якога пазней таксама называлі шваграм Вітаўта. Князь Леў і баярын Судзімонт відавочна вельмі рознага паходжання і, імаверней, яны родзічы двух розных жонак Вітаўта. Судзімонт — невядомай імем першай жонкі, язычніцы, спаленай пасля смерці, а друцкі князь Леў — Ганны.

Апроч друцкага князя Льва, цяпер вядомы яшчэ адзін «швагр Вітаўта» — «герцаг Васіль з Русі». Звесткі пра Васіля выявіў Ян Тэнгоўскі і атоесніў яго з родным братам Ганны — Васілём Святаславічам, пачынальнік роду князёў Крапоткіных. Літоўская гісторык Інга Баранаўскене спрабуе аспрэчыць атаясненне Тэнгоўскага, яна сцвярджае, што сярод родзічаў смаленскага князя Святаслава вядомы толькі адзіны Васіль — яго родны брат, бранскі князь , таксама даследчыца сцвярджала, што адносіны Смаленскага княства з Вялікім Княствам Літоўскім былі варожымі і гэта выключала шлюбы паміж іх уладарнымі родамі, таксама, на думку Баранаўскене, шлюбы двух сясцёр Ганны з літоўскімі арыстакратамі выключаюць іх смаленскае паходжанне. Такім чынам, Баранаўскене ігнаруе, што сын князя Святаслава — Васіль Святаславіч, вядомы з тых самых крыніц, што і яго брат Васіль Іванавіч — з маскоўскіх радаслоўцаў, як адзначыў яшчэ Юзаф Вольф. Таксама Баранаўскене ігнаруе шлюбы як інструмент палітыкі таго часу, у тым ліку замацавання пагадненняў, саюзаў і дасягнення трывалага міру. Шлюбы арыстакратаў звязаны болей з родавай стратэгіяй, чым з палітыкай або паходжаннем жонак — сваяцтва з жонкай уладара далучала да ўладарнага роду, узвышала ў іерархіі, даследчыкі не выключаюць, што менавіта так узвысіліся Гальшанскія, з баярства атрымалі княжацкі тытул.

Біяграфія Нарадзілася паміж 1356—1365 гадамі. Паміж 1368—1377 гадамі выйшла замуж за Вітаўта. Не пазней за 1378 год у сужэнцаў нарадзілася дачка Соф’я.

У 1382 годзе Ганна дапамагла мужу ўцячы з вязніцы ў Крэўскім замку, дзе яго зняволіў вялікі князь Ягайла.

У 1383 або 1386 годзе перайшла ў каталіцтва.

У 1392 годзе, пры атрыманні Вітаўтам тытула вялікага князя, Ганна абяцала, што муж будзе трымацца прысягі каралю польскаму Ягайле і Кароне Польскай.

У 1391 годзе дачка Соф’я выйшла замуж за вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча. Пра іншых дзяцей няма пэўных звестак.

Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы.

Вядомы сёстры вялікай княгіні Ганны — Агрыпіна і Ульяна.

Агрыпіна — жонка гальшанскага князя Івана Альгімонтавіча. Ульяна — жонка, паслядоўна, родзіча Біруты баярына Бутрыма, пінскага князя Васіля Нарымонтавіча, баярына Войцеха Манівіда.

Крыніцы

Літаратура

Лицкевич О. В. Веновная запись Витовта для княгини Анны на земли Волыни и Подляшья (1395 г.) // Актуальные проблемы источниковедения: Материалы VIII международной научно-практической конференции. — Витебск, 2025. — Т. 1. — С. 194—197.

Nowakowski A. Księżna Anna Witoldowa a Krzyżacy // Archaeologia et historia. — Łódź, 2000. — S. 289—297. Sylwia Skiendziul Pobyt Anny Witoldowej na ziemiach pruskich w 1400 roku // Meritum. — T. 8: 2016. — S. 49-69, streszcz. ang.

Катэгорыя:Вялікія княгіні літоўскія