Моўная інтэрферэнцыя — з’ява адхілення ад нормаў у адной мове з-за прыкладання да яе нормаў іншай мовы. Можа ўзнікаць у абставінах двухмоўя або шматмоўя. Узровень праяўлення моўнай інтэрферэнцыі залежыць ад моўнай кампетэнцыі білінгва (полілінгва).
Адрозніваюцца наступныя віды інтэрферэнцыі: Марфалагічная інтэрферэнцыя звязаная з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рознамоўных лексем (у родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у родавых і склонавых формах лічэбнікаў, адметнасці ўтварэння дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і інш.). Сінтаксічная інтэрферэнцыя звязаная з адрозненнямі ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў (кіраванне і інш.). Фанетычная інтэрферэнцыя звязаная з адметнасцямі фанетычных сістэм розных моваў, і прыводзіць да парушэння арфаэпічных нормаў мовы. Лексічная інтэрферэнцыя звязаная з розніцамі або частковымі падабенствамі ва ўласналексемным і семантычным аспектах розных моў. Словаўтваральная інтэрферэнцыя звязаная з несупадзеннем словаўтваральных фармантаў у аднакаранёвых словах розных (але блізкіх) моў. Акцэнтная інтэрферэнцыя звязаная з разыходжаннямі ў націску ў рознамоўных лексемах.
Крыніцы
Літаратура
Калита И. В. Современная Беларусь: языки и национальная идентичность. — Ústí nad Labem: PF UJEP, 2010. — 300 с. — ISBN 978-80-7414-324-3
Катэгорыя:Сацыялінгвістыка Катэгорыя:Засваенне мовы Катэгорыя:Псіхалінгвістыка Катэгорыя:Мова Катэгорыя:Навучанне