Яўген Яблонскі (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца грэчаскага клуба «Астэрас» з Трыпаліса і нацыянальнай зборнай Беларусі.
Клубная кар’ера Пачаў займацца футболам у чэрвенскай ДЮСШ. Пазней перабраўся ў мінскую школу «Змена», адтуль — у Барысаўскае дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. З лета 2012 года пачаў выступаць за дубль барысаўскага БАТЭ. У сезоне 2013 стаў адным з асноўных ігракоў дубля.
29 чэрвеня 2014 года дэбютаваў у асноўнай камандзе БАТЭ, выйшаўшы ў стартавым складзе ў матчы з «Белшынай». У першым жа матчы ў аснове адзначыўся галявой перадачай. У кастрычніку 2014 года ўжо трывала замацаваўся ў цэнтры паўабароны барысаўскага клуба. 27 кастрычніка 2014 года забіў свой першы гол у чэмпіянаце Беларусі (у браму жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ»).
У лютым 2015 года падоўжыў кантракт з барысаўчанамі. У 2015—2016 гадах трывала гуляў у асноўнай камандзе, у сезоне 2016 часам выкарыстоўваўся на пазіцыі цэнтральнага абаронцы. У сезоне 2017 спачатку гуляў у стартавым складзе барысаўчан у якасці цэнтральнага абаронцы, пазней страціў месца ў аснове. У сезоне 2018 вярнуў месца ў стартавым складзе.
У снежні 2018 года падпісаў новы кантракт з БАТЭ. У сезоне 2019 замацаваўся ў якасці аднаго з асноўных ігракоў каманды. У верасні 2019 года падоўжыў пагадненне з клубам. У 2020—2021 гадах заставаўся трывалым іграком стартавага складу, дапамагаў барысаўчанам выйграць сярэбраныя медалі чэмпіянату і два Кубка Беларусі, у сезоне 2021 быў прызнаны найлепшым паўабаронцам чэмпіянату Беларусі.
У студзені 2022 года па заканчэнні кантракта пакінуў барысаўскі клуб і ў хуткім часе падпісаў пагадненне на 2,5 гады з кіпрскім «Арысам». У «Арысе» рэгулярна з’яўляўся на полі, чаргаваў выхады ў стартавым складзе і на замену. Па выніках сезона 2022/23 разам з камандай стаў чэмпіёнам Кіпра. Пакінуў «Арыс» у ліпені 2023 года, пасля чаго паўгады заставаўся без клуба.
У студзені 2024 года стаў іграком грэчаскага «Астэраса».
Міжнародная кар’ера 25 студзеня 2014 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі ў матчы супраць Казахстана на Кубку Садружнасці ў Санкт-Пецярбургу. Пазней замацаваўся ў якасці асноўнага апорнага паўабаронцы зборнай, правёў за яе 28 матчаў і забіў 3 гола.
6 верасня 2019 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі, адгуляўшы ўсе 90 хвілін у адборачным матчы чэмпіянату Еўропы супраць Эстоніі.
Палітычныя погляды Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля здушэння народных пратэстаў у 2020 годзе.
Дасягненні Чэмпіён Беларусі (5): 2014, 2015, 2016, 2017, 2018 Срэбраны прызёр чэмпіянату Беларусі (3): 2019, 2020, 2021 Уладальнік Кубка Беларусі (3): 2015, 2020, 2021 Уладальнік Суперкубка Беларусі (3): 2015, 2016, 2017 Найлепшы паўабаронца чэмпіянату Беларусі: 2021 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі (3): 2019, 2020, 2021 Чэмпіён Кіпра: 2023
Крыніцы
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Арыс Лімасол Катэгорыя:Ігракі ФК Астэрас Трыпаліс