Фая́л () — адзін з астравоў Азорскага архіпелага ў Атлантычным акіяне. Плошча - 173,06 км². Насельніцтва (2011 г.) - 14 994 чал. На Фаяле знаходзіцца адна са сталіц Азорскіх астравоў — горад Орта.

Геаграфія Востраў Фаял знаходзіцца ў цэнтральнай частцы паўночнай Атлантыкі ў 1685 км на захад ад Лісабона, сталіцы Партугаліі. Ад бліжэйшага вострава Піку аддзелены пралівам (5,92 км). Востраў Фаял — крайні заходні пункт Еўропы, паколькі месціцца на еўрапейскай тэктанічнай пліце, у той час як астравы на захад ад яго — на паўночнаамерыканскай.

Мае вулканічнае паходжанне. Дамінуе конус Кальдэйра, які ўзвышаецца на 1043 м і адрозніваецца пакатымі схіламі. Апошняе буйное вывяржэнне адбылося 27 верасня 1957 г., у выніку чаго плошча Фаяла павялічылася на 2,4 км².

Клімат мяккі марскі з сярэдняй тэмпературай 15°C узімку і 25,4°C улетку.

Прырода Лічыцца, што востраў Фаял атрымаў сваю сучасную назву з-за хваёвых дрэў, якія пакрывалі ўсё ўзбярэжжа. З-за дзейнасці чалавека прырода была значна зменена. Захаваліся рэшткі лясоў, зараснікі папарацяў, верасоў, падубу. Фаўна адметна вялікай колькасцю птушак. У наш час ахоўваецца каля 18% сушы, якія складаюць тэрыторыю прыроднага парка Фаял (з 2007 г.).

Гісторыя Востраў Фаял быў адкрыты партугальцамі ў XV ст. У 1468 г. з дазволу караля Партугаліі быў каланізаваны фламандцамі, якія займаліся вытворчасцю збожжа і пастэлі. У 1583 г. у выніку бітвы паміж французамі і іспанцамі быў захоплены іспанскім флотам. Мясцовыя жыхары пакутвалі на напады англійскіх піратаў. У 1672 г. большая частка будынкаў і ваенных умацаванняў была разбурана землятрусам. У XVII ст. зноў далучаны да Партугаліі.

У XIX ст. Фаял пераўтварыўся ў цэнтр здабычы кітоў у паўночнай Атлантыцы. У Орце былі пабудаваны сучасны порт і кабельная трансатлантычная станцыя. У 1973 г. пабудаваны аэрапорт.

Спасылкі Faial - Azores An introduction to Faial Faial's Natural Park Faial History Geological Hazards and Monitoring at the Azores (Portugal)

Катэгорыя:Астравы Партугаліі Катэгорыя:Астравы Атлантычнага акіяна Катэгорыя:Азорскія астравы