Амерыканская літаратура () — англамоўная літаратура, створаная на тэрыторыі ЗША і былых брытанскіх калоній, да іх аб’яднання ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Літаратура ЗША канчаткова вылучылася з англійскай літаратуры ў XIX ст. З тых часоў амерыканская літаратура атрымала шырокае развіццё і самабытнае значэнне і заняла адно з вядучых месцаў сярод літаратур народаў свету.
ЗША падарылі сусветнай літаратуры такіх класікаў як Эдгар По, Марк Твэн, Джэк Лондан, Джон Стэйнбек, Тэадор Драйзер, Уільям Фолкнер, Эрнэст Хэмінгуэй, Рэй Брэдберы, Стывен Кінг і інш. У пачатку XXI стагоддзя ў ЗША штогод выдаецца і прадаецца больш кніг, чым у любой краіне свету.
Гісторыя Першыя на кантыненце англамоўныя празаічныя творы з’явіліся ў XVII ст. ў англійскіх калоніях Новы Плімут і Віргінія. Літаратура ранняга каланіяльнага перыяду (1607—1700) зазнала моцны ўплыў пурытанізму, які ў той час панаваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і мела пераважна рэлігійна-маралізатарскі характар. Асноўны літаратурны жанр — багаслоўскія трактаты, пропаведзі і памфлеты, а таксама дзённікі, мемуары і гістарычныя творы пра жыццё калоній.
Важную ролю ў развіцці нацыянальнай літаратуры адыграла творчасць асветнікаў эпохі вайны за незалежнасць 1775—83 гадоў (Ф. Фрэно, Б. Франклін, Т. Пейн, Т. Джэферсан), якая вызначалася баявым, палемічным характарам (асноўныя жанры — палітычны памфлет і рэвалюцыйная паэзія).
Працэс фарміравання нацыянальнай амерыканскай літаратуры завяршыўся ў эпоху рамантызму (1-я пал. XIX ст.), які ў сваім развіцці прайшоў два этапы. Першы («ранні») перыяд прыпадае на 1820—30-я г. У 1820 гады ў «Кнізе эскізаў» В. Ірвінга ўпершыню адлюстраваны рысы нацыянальнага амерыуанскага светаадчування, своеасаблівасць эстэтыкі амерыканскага рамантызму: іранічная трактоўка традыцыйных рамантычных сюжэтаў («Жаніх-прывід», «Легенда Соннай Лагчыны»), адметнасць амерыканскага гістарызму (цікавасць не столькі да гістарычных падзей, колькі да іх уплыву на народнае жыццё), натывізм. Амерыканскі рамантызм стварыў сваю філасофію — трансцэндэнталізм (літаратурная група «Маладая Амерыка»), буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Р. У. Эмерсан і Г. Д. Тора. Пісьменнікі другога («позняга») перыяду рамантызму (1840—50-я гады, (Г. Мелвіл, Н. Хотарн, Э. По) успрымалі амерыканскую рэчаіснасць трагічна: зло, што існуе ў жыцці, разглядалі як спрадвечнае, непахіснае, пераможнае.
У сярэдзіне XIX ст. пашырылася абаліцыянісцкая літаратура (Г. Бічэр-Стоу, Г. У. Лангфела і інш.). Вялікую ролю ў развіцці нацыянальнай амерыканскай літаратуры адыграла творчасць У. Уітмена, паэта-дэмакрата, які прапаведаваў роўнасць усіх людзей і рэчаў і здолеў надаць гэтай дэмакратыі касмічны, сусветны маштаб. Яго паэзія дала пачатак традыцыі белага верша ў паэзіі ЗША, якую ў XX ст. прадоўжылі А. Гінзберг, У. Стывенс, У. К. Уільямс. Самабытная паэзія Э. Дзікінсан таксама атрымала прызнанне толькі ў XX ст. У 1870-я гады рэалістыныя тэндэнцыі развівалі Г. Джэймс і У.-Дз. Хоўэлс.
Найбольшае значэнне для станаўлення рэалістычнай прозы мела творчасць М. Твэна. Яго раман «Прыгоды Гекльберы Фіна» адметны актуальнасцю праблематыкі, тыповасцю вобразаў, шырынёй сацыяльнага абагульнення і сацыяльнага канфлікту, набыў характар нацыянальнага і стаў вызначальным для амерыканскай рэалістычнай літаратуры.
Мяжа XIX—XX ст. адзначана прыходам пісьменнікаў, якія імкнуліся да глыбіннага даследавання жыцця краіны і рэаліст. яго адлюстравання, часам з натуралістычным (С. Крэйн, Ф. Норыс) або рамантычным ці сатырычным адценнем (Дж. Лондан, А. Г. Бірс, О. Генры). Творчасць Т. Драйзера ў многім акрэсліла кірунак амерыканскай літаратуры 1-й пал. XX ст. У сваіх творах ён паслядоўна даследаваў (феномен «амерыканскай мары», які вызначаў нацыянальную амерыканскую свядомасць і псіхалогію. 1920-я г. — час росквіту рэалістычнай (Ш. Андэрсан, С. Льюіс, Э. Сінклер, Э. Хемінгуэй, Ф. С. Фіцджэральд, Дж. Дос Пасас і інш.) і мадэрнісцкай (Ю. О’Ніл, У. Фолкнер, Г. Стайн, Т. С. Эліят, Э. Паўнд і інш.) літаратуры. Значнай з’явай у літаратурным жыцці краіны стала стварэнне т.зв. «паўднёвай школы» амерыканскага рамана, прадстаўнікі якой услаўлялі былую веліч Поўдня, еднасць чорных і белых («паўднёвы міф»). Асноўнай ідэяй творчасці Фолкнера, Т. К. Вулфа, Ф. О’Конар, Э. Колдуэла, К. Мак-Калерс, Р. П. Уорэна, К. А. Портэр стала непрыманне буржуазных адносін і ладу жыцця.
Заснавальнікам сучаснай амерыканскай драматургіі з’яўляецца Ю. О’Ніл. Развівалася інтэлектуальная (Эліят, Паўнд, Стывене) і грамадская (Уільямс, Х. Крэйн, Р. Фрост) паэзія. У 1930-я гады ў сувязі з Вялікай дэпрэсіяй у Амерыцы і пашырэннем фашызму ў Еўропе амерыканская літаратура становіцца больш леварадыкальнай і востракрытычнай у ацэнках амерыканскай палітычнай сістэмы: «Гронкі гневу» Дж. Стэйнбека, «Мець і не мець» Э. Хемінгуэя, гістарыны раманы Г. Фаста.
Асаблівасцю амерыканскага рамана пра Другую сусветную вайну стала выкрыццё фашызму і рэакцыйных зрухаў у жыцці краіны, якія могуць прывесці да узнікнення дыктатуры і таталітарызму (раманы Н. Мейлера, Дж. Джонса, Дж. Р. Херсі, І. Шоу, К. Вонегута).
У 1950-я гады асноўнай тэмай рэалістычнай і мадэрнісцкай літаратуры стала адчужэнне асобы ў бездухоўным грамадстве: «Над безданню ў жыце» Дж. Д. Сэлінджэра, «Лугавая арфа» Т. Капотэ. У пач. 1960-х гадоў новыя тэндэнцыі ў літаратуры звязаны з ідэяй маральнага узвышэння чалавека: «Гадзіннік без стрэлак» Мак-Калерс і «Зіма трывогі нашай» Дж. Стэйнбека, раманы Колдуэла, творы Дж. Апдайка. У пасляваенныя часы аформіўся і своеасаблівы пласт духоўнага жыцця — масавая літаратура. У 1970-я гады ў літаратуры ЗША — пара аналізу, што абапіраецца на рэалістычныя традыцыі XX ст. і падмацоўваецца эмацыянальнай напружанасцю антываеннага, антырасісцкага і антыманапалістычнага рухаў (раманы Дж. Чывера, Дж. Хелера, У. Стайрана, К. Вонегута, Мейлера, Э. Л. Доктараў, Т. Відала, Дж. К. Оўтс).
Значнае месца ў пасляваеннай літаратуры займае філасофскі раман, адметны імкненнем да глыбіннага асэнсавання быцця, пераацэнкі традыцыйных ідэйна-эстзтычных і этычных каштоўнасцей (Т. Уайлдэр, Херсі, Уорэн, Дж. Гарднер, Стайран). Своеасаблівае адлюстраванне супярэчнасцей і складанасцей быцця — постмадэрнісцкая літаратура, якая на невырашальнасць жыццёвых праблем адказвае гульнёй, карнавалам масак, эстэтычным хаосам (Дж. Барт, Т. Пінчан, Д. Бартэльм, П. Донліві, М. Макарці). Літаратуру ЗША 2-й пал. XX ст. прадстаўляюць таксама навуковыя фантасты А. Азімаў, Р. Брэдберы. У галіне драматургіі вылучыліся Т. Уільямс, А. Мілер і інш. Стан сучаснай амерыканскай літаратуры вызначаюць пісьменнікі Т. Морысан, Дж. Смайлі, Дж. Гамільтан, Р. Бэнкс, П. Остэр і інш.
Беларускія пераклады Першыя пераклады на беларускую мову амерыканскай літаратуры з’явіліся ў 1920-я гады. У 1926 г. выдадзены апавяданні Дж. Лондана, 4 раздзелы «Песні пра Гаявату» Г. У. Лангфела; у 1927 — «Песня пра вольны шлях» У. Уітмена ў перакладзе А. Мардзвілкі; у 1928 — зборнік паэзіі «Кветкі з чужых палёў» (пер. Ю. Гаўрук).
У 1930—40-я гады асобнымі выданнямі на беларускай мове выйшлі «Маленькі старацель» Б. Гарта, «Пракляты агітатар» М. Голда, «Трое парасятак» У. Дыснея, «Апошні з магікан» Дж. Ф. Купера, «Незвычайны адрывак», «Бук — паштовы сабака», «Забаставаў», «Кулі», «Белы ікол» (пад назвай «Белы Клык»), «Сказанне аб Кішы», «Смок Белью» Дж. Лондана, «Прыгоды Тома Соера», «Прыгоды Гекльберы Фіна», «Прынц і жабрак» М. Твэна, «Дзесяць дзён, якія ўзварухнулі свет» Дж. Рыда, «Злодзей», «Аўтамабільны кароль», «No pasaran!» — «Яны не пройдуць!» Сіньёра.
У 1969 годзе выйшаў «Спеў пра Гаявату» Г. Лангфела (пер. А. Куляшоў), у 1971 — зборнік «Утаймаванне веласіпеда» (апавяданні Андэрсана, Р. Брэдберы, Э. Колдуэла, Э. Хемінгуэя, Р. Шэклі, М. Твэна), у 1978 — вершы У. Уітмена (зборнік «Лісце травы», пер. Я. Сіпакоў). Асобныя вершы К. Сэндберга, Фроста, Голда пераклаў Я. Семяжон. З 1982 годзе ў альманаху «Далягляды» публікаваліся асобныя творы Дж. О’Хары, Мак-Калерс, Гарднера (пер. У. Шчасны), Бірса (пер. А. Кудраўцаў), У. Сараяна (пер. І. Сляповіч), Р. Брэдберы (пер. М. Кандрусевіч), Андэрсана (пер. М. Чыкалава), эсэ Фолкнера і Дж. Стэйнбека. Розныя перыядычныя выданні змяшчалі апавяданні Брэдберы, Вонегута, Відала, Кларка, Колдуэла, Ф. Баноскі ў перакладах А. Асташонка, С. Дорскага, Л. Чарнышовай. У серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» выдадзены «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя (1991, пер. В. Небышынец), «Гронкі гневу» Дж. Стэйнбека (1993, пер. С. Дорскі) і інш.
Крыніцы
Спанкэрэн К. Ван. Нарыс аб амерыканскай літаратуры / Перакл. В. і Л. Калабан. — Інфармацыйнае агенцтва Злучаных Штатаў, [б.г.]
Катэгорыя:Літаратура ЗША Катэгорыя:Літаратура Паўночнай Амерыкі