Касцёл Святога Крыжа () — рымска-каталіцкая царква ў Варшаве (Польшча). Знаходзіцца ў Сяродмесці па вул. Кракаўскае прадмесце, 3. Належыць ордэну ксяндзоў-місіянераў Святога Вінсента з Поля.

Гісторыя

Пад 1510 годам на гэтым месцы згаданая капліца пад тытулам Святога Крыжа.

У 1525 пабудаваны драўляны касцёл — філіял калегіяты Св. Яна. У 1615 перабудаваны, у 1653 перададзены ордэну ксяндзоў-місіянераў і стаў цэнтральным храмам ордэна ў Польшчы. Касцёл стаў адным з галоўных храмаў паўднёвага прадмесця Варшавы, хоць напачатку нават не ўваходзіў у яе межы. Аднак ужо праз тры гады Варшава была захоплена шведскімі войскамі ў час «Патопа», а касцёл зруйнаваны. За Янам III Сабескім было вырашана ўзвесці святыню зноў. Сучасны будынак паўстаў у 1679—1696 гадах у барочным стылі паводле праекта надворнага каралеўскага архітэктара Юзафа Шымана Белота. 14 кастрычніка 1696 года прымас Міхал Стэфан Радзяёўскі асвяціў касцёл.

У 1725—1737 былі ўзведзены вежы, накрытыя познебарочнымі банямі, аўтарства Юзафа Фантаны. Яго сын Якуб запраектаваў фасады (1756).

На Ражство 1881 года ў касцёле адбылася паніка, выкліканая чуткамі пра пажар, якія, аднак, не пацвердзіліся. У цісканіне загінулі 29 чалавек. У гэтым здарэнні былі абвінавачаны яўрэі, з-за чаго пачаўся пагром.

У 1889 была рэканструявана лесвіца перад галоўным уваходам і пастаўленая статуя Хрыста з крыжам.

У першыя ж дні Другой сусветнай вайны святыня былі знішчаная. Страчаныя між іншых абразы «Боская вячэра» Францішка Смуглевіча і «Укрыжаванне» Ежы Сямігіноўскага. Падчас Варшаўскага паўстання 6 верасня 1944 нацысты загналі ў святыню дзве самаходныя міны, якія зруйнавалі фасады касцёла, знішчылі скляпенні над ніжнім касцёлам, Вялікі алтар, алтары Св. Роха і Св. Вінсента з Поля.

У 1945–1953 святыня адноўленая паводле спрошчанага праекта архітэктара Збароўскага. Інтэр'ер быў рэканструяваны без барочных паліхромных роспісаў і фрэсак. У 1960—1972 рэканструяваны галоўны алтар.

У 2002 годзе Папа Ян Павел II павысіў касцёл Св. Крыжа да ўзроўню малой базілікі.

У калонах храму пахаваныя урны з сэрцамі Фрыдэрыка Шапена і Уладзіслава Рэйманта. У храме таксама маюцца эпітафіі Баляслава Пруса, Ігнацыя Юзафа Крашэўскага, Баляслава Масціцкага, Уладзіслава Сікорскага і Юльюша Славацкага.

Спасылкі

Бачына варшаўскай парафіі Святога Крыжа «Касцёл святакрыжавы ў Варшаве» — артыкул у «Tygodniku Ilustrowanym» за 14 лістапада 1863 года. Фатаздымкі парафіі Варшавікія

Крыжа Катэгорыя:Збудаванні Варшавы ў стылі барока Крыжа Катэгорыя:Лазарысты Катэгорыя:Храмы Святога Крыжа Катэгорыя:З’явіліся ў 1696 годзе Катэгорыя:Варшаўская архідыяцэзія