Свята-Васкрасенская царква — праваслаўны храм у горадзе Дзісна Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры горада.

Гісторыя Уваскрасенская царква ў Дзісне вядома з 1568 года. З 1633 года пры ёй дзейнічае манастыр. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736).

Манастыр існаваў на ахвяраванні мяшчан, у XVII ст. меў невялікі маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы.

У 1770 годзе ў час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я гады пабудавана новая. У 1810 годзе манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882 годзе). Брацкі крыж 1673 года, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы ў 1980-я гады.

Мураваная царква пабудавана ў 1864—1870 гадах з цэглы.

Архітэктура

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Кананічную чатырохчасткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фарміруюць кубападобны цэнтральны аб’ём, да якога праз трапезную далучана высокая трох’ярусная васьмігранная званіца, надбудаваная над прытворам. Над цэнтральным аб’ёмам узведзены магутны васьмігранны светлавы барабан пад паўсферычным купалам з макаўкай, над званіцай — цыбулепадобны купал. Уваход аформлены нізкім прытворам пад двухсхільным пакрыццём. Фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі, круглымі люкарнамі.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Мёрскага раёна Катэгорыя:Культавыя збудаванні Дзісны Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:З’явіліся ў 1870 годзе Катэгорыя:1870 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Полацкай і Глыбоцкай епархіі