Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» (, Цмелеў, Польшча — , , ВКЛ) — вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, мецэнат, пісьменнік. Маршалак надворны (з 1569) і маршалак вялікі літоўскі (1579—1586), ваявода троцкі (1590—1604) і віленскі (з 1604). Сын князя Мікалая Радзівіла Чорнага (1515—1565), пачынальніка Рэфармацыі ў ВКЛ. Разам з братамі Альбрэхтам і Станіславам стварыў Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, быў першым ардынатам на Нясвіжы (1586).
Уладанні
Валодаў найбуйнейшымі ў Вялікім Княстве Літоўскім латыфундыямі. Ад бацькі да яго перайшлі Нясвіж, Ліпск, Лахва, Шацк, Свержань і іншыя разам з тытулам князя «на Алыцы і Нясвіжы». Ад маці атрымаў Шыдловец у Польшчы разам з тытулам графа. Паводле тастамента ад стрыечнага брата Юрыя Ільініча атрымаў Мірскае графства, Зэльву і Дворышча ў Лідскім павеце, Чарнаўчыцы і Белую ў Берасцейскім ваяводстве. Па падзеле маёнткаў жонкі з яе сёстрамі да яго перайшлі Дзераўная з Хотавам і Востравам у Менскім ваяводстве, Пацейкі ў Новагародскім ваяводстве і Жодзішкі ў Ашмянскім павеце. Жыгімонт Аўгуст надаў яму Крожы на Жамойці, Жыгімонт Ваза — Грэск. Таксама шмат маёнткаў набыў, у тым ліку Салтанаўшчыну, Затур’ю, Кунасу, Мікалаеўшчыну, Магільна, Гарадзею, Гавязну і іншыя, што значна пашырыла тэрыторыю Нясвіжскага княства.
«Попіс войска літоўскага 1567 года» называе наступныя ўладанні Мікалая Сіроткі:«Воеводич Виленский. Месяца ноябра 20 дня. Пан Миколай Криштоф Радивил з Олыки и Несвижа, кграбя на Шидловцу, ставил почту з ыменей своих — з Несвижа и з волостей, ку Несвижу прислухаючих, з Липска, з Лафы, з Шацка, з Клецка, з Городка, з Лебедева, з Дунилович, з Дубров и Недрезки, з Кгеранойн, з Лоздун, з Негневич, з Налибоков, з Узды, з Сенежич, з Олыки, з Радивилова, з Ыванчич, з Яблоней, з Озлимич, з Морд, з Голубли, з Свядосеи, з Сол, з Дусят, з Кревин, з Богушок, з Высокна, з Жомойток, з Возкгилишок, з Мусник, з Будивидишок, з Болоши, з Ворнян; с тых всих имений ставил всего почту коней пятьсот тридцать деветь збройно по гусарску — с тар., з др.. При том почте ставил его милость драбов пеших триста осмдесят шесть и ознаймил то, иж с повинности драбей 350 а на ласку гоподарску драбей 36»Литовская Метрика. Отдел первый. Часть третья: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского/ Русская историческая библиотека, издаваемая императорскою Археографическою комиссиею. Т.33. — Петроград, 1915. — С.453..
Біяграфія Мікалай Крыштаф з роду Радзівілаў, сын пачынальніка вялікалітоўскай Рэфармацыі і канцлера вялікага літоўскага, князя Мікалая Радзівіла Чорнага і Альжбеты з Шыдлавецкіх. Меў братоў Альбрэхта, Юрыя і Станіслава, а таксама сясцёр Ганну Магдалену, Крысціну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.
Цяжка сказаць, у якой ступені Мікалай Радізвіл Чорны і Альжбета з Шыдлавецкіх (а ёй было толькі 16 гадоў, калі Мікалай Крыштаф з’явіўся на свет) удзельнічалі ў выхаванні свайго першынца. Вядома, што яны пяшчотна называлі яго «Мішам»Karpluk M., Pirożyński J. O nieuwiarowaniu śmierci — rękopiśmienna relacja świadka ostatnich dni Elżbiety z Szydłowieckich Radziwiłłowej // Miscellanea Staropolskie. T. 6. Wrocław, 1990. S. 84.. Асаблівую ролю ў выхаванні Сіроткі адыгрывала маці, якую сучаснікі лічылі прыкладам дабрыні і прыстойнасці, яна лічылася адданай маці і жонкай, была надзвычай набожнай.
Пачатковую адукацыю Мікалай Крыштаф «Сіротка» атрымаў у Лукішках і Нясвіжы, у пратэстанцкай гімназіі, заснаванай яго бацькам . Настаўнікамі Мікалая былі Схалей і Захарыюш Тэнха з Жытавы, якія навучалі яго польскай мове і асновам латыні, а таксама адукаваныя пратэстанцкія літаратары Дж. Б’яндрата, Ф. Станкара, Я. Тэнанда, Дж. Шомана і інш., запрошаныя ў Нясвіж для працы над перакладам біблейскіх тэкстаў, якія пазней былі надрукаваны ў вядомай Берасцейскай Бібліі (1563). У 1563 годзе Сіротка адправіўся па навучанне ў Еўропу. У пачатку ліпеня ён выехаў з Кракава ў суправаджэнні світы ў 12 чалавек, у кірунку да Страсбурга. Частка світы прызначалася для падтрымкі сувязі паміж Мікалаем Радзівілам Чорным і яго сынам. Апякунства над Сіроткам Чорны даручыў свайму двараніну Бальцэру ЯзерскамуChachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin, 1995. S. 32..
Гімназія ў Страсбургу (з 1566 — акадэмія) была даволі вядомай сярод пратэстанцкіх колаў ВКЛ і Кароны Польскай. Афіцыйна яна лічылася лютэранскай, аднак у гімназіі панавала даволі ліберальная атмасфера, што без перашкод дазваляла навучацца ў ёй прыхільнікам кальвінізму. У праграме быў зроблены ўпор на вывучэнне замежных моў і асабліва латыні, і лічылася яна даволі складанай. Пазней Сіротка тлумачыў ваяводу віленскаму Крыштафу Радзівілу галоўны матыў, якім кіраваўся яго бацька, калі накіраваў яго менавіта ў Страсбургскую гімназію:
[…] мяне пытаеш, нашто мяне бацька туды пасылаў? З-за рэлігіі цвінгліянскай. Міністр Чаховіч, які цяпер новахрышчэнец, запэўніў нябожчыка, што ў Страсбургу рэлігія цвінгліянская, а бацька пагарджаў лютэранскай і, калі мяне адпраўляў, Язерскаму казаў: «няхай лепей будзе папежнікам, чым тваім Лютэрам»Pietrzyk Z. «Tylem się w Strazburku nauczył…». Studia Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki w Strasburgu w latach 1563—1564 // Odrodzenie i reformacja w Polsce. T. 41. — Warszawa, 1997. S. 159—162..
Мікалай Крыштаф «Сіротка» пачаў навучанне ў жніўні 1563 і працягваў да жніўня 1564 года. Акрамя латыні вывучаў нямецкую мову, магчыма, французскую, але апошняй не авалодаў, вывучыў асновы геаметрыі Эўкліда і набыў уяўленні пра грамадзянскае праваChachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin, 1995. S. 18, 20—21.. Чорны выкарыстоўваў знаходжанне сына ў Страсбургу для розных мэт: прасіў яго дасылаць цікавыя яму кнігі і навіны, падтрымліваў праз яго сувязі са шматлікімі, пераважна, рэлігійнымі дзеячамі. Бацька ў сваіх лістах дзяліўся з Мікалаем Крыштафам шматлікімі навінамі з ВКЛ, дзе выказваў сваю палітычную пазіцыю датычна той ці іншай праблемы; турбаваўся пра рэкламу для ВКЛ за мяжой. Так, напрыклад, ён прыслаў сыну медальён з выявай вялікага князя, які быў адлюстраваны пад Пагоняй і ў вялікакняжацкай шапцы, пасля перамогі на Уле перадаў яму копію ліста пра гэту падзею і заклікаў яе распаўсюдзіць на нямецкай і лацінскай мовахKempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549—1616). Wojewoda wileński. Warszawa, 2000. С. 32—33.. Цікава гучыць заклік Чорнага да Сіроткі трымацца польскай мовы, які яскрава паказвае на маштабы паланізацыі эліты ВКЛ ў сярэдзіне XVI стагоддзя:
Даў мне ведаць [апякун], што вы вельмі ад польскай мовы адыйшлі, што някепска, аднак жа, каб не здарылася так, як аднаму паляку Лязімскаму, які рана пачаў вучыцца ў Італіі, забыўся на польскую мову і, калі вярнуўся дадому, зноў яе вучыў. Ты, усё ж, прашу цябе, не забывайся на прыроджананую мову, каб пасля, калі вернешся, не размаўляў як цырульнік Павел, бо з цябе браты і сёстры смяяцца будуцьПаводле: Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. — Lublin, 1995. S. 17—18..
Даволі цяжка ацаніць наколькі паспяхова Мікалай Крыштаф «Сіротка» навучаўся ў Страсбургскай гімназіі. Сам ён дужа крытычна ставіўся да перыяду свайго знаходжання там, але трэба зважаць на тое, што гэта крытычнае стаўленне адносіцца да перыяду, калі Сіротка быў ужо перакананым каталікомНапрыклад: Archiwum domu Radziwiłłów. S. 44. М. К. Радзівіл да К. Радзвіла. Белая, 11 красавіка 1596.. Апякун Язерскі, у сваю чаргу, дужа нахвальваў Чорнаму поспехі свайго падапечнага. На карысць таго, што Сіротка быў усё ж надзвычай здольным вучнем, сведчыць велізарная колькасць прысвячэнняў яму ад розных вядомых тагачасных інтэлектуалаў, а таксама пазнейшая рэпутацыя князя ў ВКЛ, і Рэчы Паспалітай і ўласна вынік яго пісьменніцкай дзейнасці — знакамітая «Перэагрынацыя…».
У жніўні 1564 года, з прычыны заразы ў Страсбургу, Мікалай Крыштаф «Сіротка» пакінуў гэты горад і накіраваўся ў Цюбінген, дзе пачаў хадзіць на заняткі ў мясцовую акадэмію, а таксама слухаў прыватныя лекцыі. Акадэмія мела артадаксальны лютэранскі характар і паводле праграмы нагадвала Страсбургскую гімназію. Сіротка працягваў вывучаць латынь і нямецкую мову, паглыбляў веды ў рыторыцы і класічным рымскім грамадзянскім праве. Асабліва шчыльныя кантакты сын Чорнага меў з прафесарам грамадзянскага права Стэфанам Цулінгам і магістрам вольных мастацтваў . Апошні прысвяціў Сіротцы некалькі перакладаў грэчаскіх паэм. Толькі летам 1566, нават не выехаўшы на пахаванне свайго бацькі, які памёр 28 мая 1565 (зрэшты, згодна з воляю нябожчыкаTestament Mikołaja Radziwiłła zw. Czarnym wojewody wileńskiego. // Augustyniak U. Testamenty ewangelików reformawanych w Wielkim Księstwie Litewskim. Warszawa, 1992. S. 19—20.), Мікалай Крыштаф пакінуў Цюбінген і выправіўся ў Швейцарыю (Цюрых), дзе сустрэўся са слынным тэолагам Генрыхам Булінгерам. Гэтая сустрэча, паводле самога Сіроткі, значна паўплывала на яго рашэнне перайсці ў каталіцызмMerczyng H. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sirotka i jego przyjęcie katolicyzmu w r. 1567. // Przegląd Historyczny. R. 12. 1911. S. 4—5..
З Швейцарыі Сіротка выехаў у Італію, дзе наведаў Мілан, Падую і да 27 лістапада 1566 года затрымаўся ў Рыме. На адваротным шляху наведаў Мантую, дзе завязаў прыязныя стасункі з князем Вільгельмам. У лютым 1567 года Сіротка быў ужо ў Польшчы. Такім чынам, яго перабыванне за мяжой працягвалася ад ліпеня 1563 да лютага 1567 года, няпоўныя 4 гадыKempa T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549—1616). Wojewoda wileński. Warszawa, 2000. С. 42—43..
Кар’ера
У 1567 года Мікалай Крыштаф «Сіротка» атрымаў у спадчыну бацькавы маёнткі, зрабіўся апекуном малодшых братоў і сясцёр. Таго ж года пад уплывам папскага нунцыя кардынала Камедонія, езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі і Гозія ён перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва і ўступіў у шэрагі мальтыйскіх рыцараў. Неўзабаве пасля гэтага перадаў Нясвіжскую друкарню свайго бацькі віленскім езуітам.
Мікалай Крыштаф браў удзел у Інфлянцкай вайне (1558—1582), узначаліў уласны аддзел у Радашковіцкай аперацыі. У 1568 годзе ўдзельнічаў у аблозе Улы.
У час складання Люблінскай уніі (1569), як і большасць шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Сіротка адмаўляўся прысягаць каралю Жыгімонту Аўгусту са сваіх маёнткаў у Падляшшы і зрабіў гэта толькі пад пагрозай іх канфіскацыі. Таго ж года ён атрымаў пасаду надворнага маршалка літоўскага. Па смерці Жыгімонта Аўгуста на з’ездзе сенатараў у Кнышыне Сіротка абвясціў, што літвіны будуць дабівацца вяртання Падляшша, Валыні, Брацлаўшчыны і Кіеўшчыны.
Як сведчаць гістарычныя крыніцы, М. К. Радзівіл быў здольным дыпламатам. У 1573 ён узначальваў пасольства ў Парыж да Генрыха Валуа, якому перадаў запрашэнне радных паноў на велікакняжацкі прастол. У 1574 у час выбараў на сойме новага караля Рэчы Паспалітай Мікалай Крыштаф «Сіротка» падтрымліваў кандыдатуру Генрыха Валуа і, калі той уцёк у Францыю, двойчы ездзіў да яго з запрашэннем вярнуцца і папярэджаннем, што калі ён не вернецца, то пазбавіцца кароны. Пасля ўцёкаў Генрыха Валуа (1574), на трон Рэчы Паспалітай падтрымліваў кандыдатуру Эрнста Габсбурга, але пасля паразумеўся са Стэфанам Баторыем.
У гэты ж час Сіротка распачаў актыўную барацьбу супраць рэфармацыйнага руху. Выдаў сродкі для скупкі пратэстанцкай літаратуры (у т.л. Брэсцкай Бібліі). У сваіх уладаннях ён замяняў пратэстанцкіх прапаведнікаў каталіцкімі святарамі; таксама падтрымліваў праваслаўныя цэрквы.
У час новай ваеннай кампаніі пад камандаю Стэфана Баторыя ў 1579 годзе разам з братам Альбрэхтам Мікалай Крыштаф «Сіротка» правёў уласны аддзел пад Свір, удзельнічаў у вызваленні Полацка ад маскоўскіх захопнікаў. У момант штурму Полацкага замка быў цяжка паранены. Таго ж года за ваенныя заслугі ён атрымаў пасаду маршалка вялікага літоўскага. У 1581 годзе Сіротка браў удзел у аблозе Пскова.
У 1582 выехаў у Італію, адкуль у 1583 — рушыў у Святую Зямлю. Падарожжа апісаў у кнізе «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» (на лацінскай мове; Бранева, 1601).