Эксперымент Стэнлі Мілгрэма () — вядомы эксперымент у сацыяльнай псіхалогіі, упершыню апісаны ў 1963 годзе псіхолагам Стэнлі Мілгрэмам з Ельскага ўніверсітэта ў артыкуле «Падпарадкаванне: даследаванне паводзінаў» («Behavioral Study of Obedience»), а пазней у кнізе «Падпарадкаванне аўтарытэту: эксперыментальнае даследаванне» («Obedience to Authority: An Experimental View», 1974).
Уступ У сваім эксперыменце Мілгрэм спрабаваў праясніць пытанне: колькі пакутаў гатовыя прычыніць звычайныя людзі іншым, зусім бязвінным людзям, калі такое прычыненне болю ўваходзіць у іхнія рабочыя абавязкі? У ім была прадэманстраваная няздольнасць паддоследных адкрыта супрацьстаяць «начальніку» (у дадзеным выпадку даследчыку, апранутаму ў лабараторны халат), які загадваў ім выконваць заданне, нягледзячы на моцныя пакуты, што прычыняюца іншаму ўдзельніку эксперымента (у рэальнасці падсадному акцёру). Вынікі эксперымента паказалі, што патрэба падпарадкавання аўтарытэтам укаранёная ў нашай свядомасці настолькі глыбока, што паддоследныя працягвалі выконваць указанні, нягледзячы на маральныя пакуты і моцны ўнутраны канфлікт.
Перадгісторыя Фактычна Мілгрэм пачаў свае пошукі, каб праясніць пытанне, як нямецкія грамадзяне ў гады нацысцкага панавання маглі прымаць удзел у знішчэнні мільёнаў бязвінных людзей у канцэнтрацыйных лагерах. Пасля наладкі сваіх эксперыментальных методык у Злучаных Штатах Мілгрэм планаваў адправіцца з імі ў Германію, жыхары якой, як ён меркаваў, надта схільныя да падпарадкавання. Аднак пасля першага ж праведзенага ім у Нью-Хейвэне (штат Канектыкут) эксперымента стала ясна, што ў паездцы ў Германію няма патрэбы і можна працягваць займацца навуковымі пошукамі побач з домам. «Я выявіў столькі падпарадкавання, — казаў Мілгрэм, — што не бачу патрэбы праводзіць гэты эксперымент у Германіі».
У далейшым эксперымент Мілгрэма ўсё-такі быў паўтораны ў Нідэрландах, Германіі, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі і Іарданіі, і вынікі аказаліся такімі ж, як і ў Амерыцы. Падрабязная справаздача аб гэтых эксперыментах апублікаваная ў кнізе Стэнлі Мілгрэма «Obedience to Authority» (1973) або, напрыклад, у кнізе Меўса і Рааэймакерса (Meeus W. H.J, & Raaijmakers Q. A. W. (1986). «Administrative obedience: Carrying out orders to use psychological-administrative violence». «European Journal of Social Psychology», 16, 311—324).
Апісанне эксперымента Удзельнікам гэты эксперымент быў прадстаўлены як даследаванне ўплыву болю на памяць. У доследзе бралі ўдзел эксперыментатар, паддоследны і акцёр, які граў ролю другога паддоследнага. Заяўлялася, што адзін з удзельнікаў («вучань») павінны завучваць пары слоў з доўгага спісу, пакуль не запомніць кожную пару, а другі («настаўнік») — правяраць памяць першага і караць яго за кожную памылку ўсё больш моцным электрычным разрадам.
У пачатку эксперымента ролі настаўніка і вучня размяркоўваліся паміж паддоследным і акцёрам «паводле лёсавання» з дапамогай складзеных лістоў паперы са словамі «настаўнік» і «вучань», прычым паддоследнаму заўжды даставалася роля настаўніка. Пасля гэтага «вучня» дэманстратыўна прывязвалі да крэсла з электродамі. «Настаўнік» атрымліваў «дэманстрацыйны» удар напружаннем 45В.
«Настаўнік» выходзіў у іншы пакой і сядаў за стол перад прыборам-генератарам. Генератар уяўляў сабой скрыню, на пярэдняй панэлі якой былі размешчаны 30 перамыкачоў ад 15 да 450В, з дыяпазонам у 15В. Эксперыментатар тлумачыць «настаўніку», што пры націску на кожны з перамыкачоў да вучня падводзіцца адпаведнае напружанне, пры адпусканні перамыкача ўздзеянне току спыняецца. Націснуты перамыкач застаецца ў ніжнім становішчы, каб «настаўнік» не забываўся, які выключальнік быў ужо націснуты, а які не. Над кожным перамыкачом напісанае адпаведнае яму напружанне, апроч таго, групы выключальнікаў падпісаныя тлумачальнымі фразамі: «Слабы ўдар» (), «Умераны ўдар» (), «Моцны ўдар» (), «Вельмі моцны ўдар» (), «Інтэнсіўны ўдар» (), «Надта інтэнсіўны ўдар» (), «Небяспечна: цяжкі ўдар» (). Апошнія два перамыкачы графічна адасобленыя і памечаныя знакамі «X X X». Панэль прыбора зробленая ў высокай якасці, ёсць надпісы пра назначэнне (генератар 15—450В) і вырабляльніка (Type ZLB, Dyson Instrument Company, Waltham, Mass.), на панэлі ёсць стрэлачны вольтметр. Націсканне перамыкачоў суправаджалася загараннем адпаведных лампачак, а таксама гудзеннем і пстрычкамі рэле. Іначай кажучы, прыбор рабіў сур’ёзнае ўражанне рэальнага, не даючы падставы сумнявацца ў сапраўднасці эксперымента.
Пасля інструктажу пачынаўся эксперымент і «настаўнік» зачытваў «вучню» спіс асацыятыўных параў слоў, якія «вучань» павінны быў запомніць. Затым «настаўнік» зачытваў першае слова з пары і чатыры варыянты адказу. «Вучань» мусіў выбраць слушны варыянт і націснуць адпаведную яму адну з чатырох кнопак, якія знаходзяцца ў яго пад рукой. Адказ вучня адлюстроўваўся на светлавым табло перад настаўнікам. У выпадку памылкі «настаўнік» паведамляў, што адказ няправільны, паведамляў, удар якім напружаннем атрымае «вучань», націскаў на кнопку, якая нібыта карала «вучня» ўдарам току і затым паведамляў слушны адказ. Пачаўшы з 15В, «настаўнік» з кожнай новай памылкай мусіў павялічваць напружанне з дыяпазонам у 15В аж да 450В. Пры дасягненні 450В эксперыментатар патрабаваў, каб «настаўнік» працягваў выкарыстоўваць апошні выключальнік (450В). Пасля трохразовага выкарыстання апошняга перамыкача эксперымент спыняўся.
Насамрэч акцёр, які граў ролю «вучня», толькі рабіў выгляд, што атрымлівае ўдары, адказы вучня былі стандартызаваныя і падбіраліся такім чынам, каб у сярэднім на кожны слушны адказ было тры памылковыя. Такім чынам, калі «настаўнік» дачытваў пытанні да канца першага ліста, вучню назначаўся ўдар у 105В, пасля гэтага «настаўнік» браў другі ліст, а эксперыментатар прасіў пачынаць зноў з 15В, і, дасягнуўшы канца ліста, пачынаць чытаць пытанні спачатку, пакуль вучань не вывучыць усе пары. Гэтым самым «настаўніку» давалася магчымасць асвоіцца і прывыкнуць да сваіх абавязкаў, апроч таго яўна паказвалася, што эксперымент не спыніцца пры дасягненні канца пераліку пытанняў.
Калі паддоследны праяўляў няўпэўненасць, то эксперыментатар патрабаваў працягу адной з прадвызначаных фразаў: «Калі ласка, працягвайце» (); «Эксперымент патрабуе, каб вы працягнулі» (); «Абсалютна неабходна, каб вы працягнулі» (); «У вас няма іншага выбару, вы мусіце працягваць» ().
Гэтыя фразы гаварыліся па парадку, пачынаючы з першай, калі «настаўнік» адмаўляўся працягваць эксперымент. Калі «настаўнік» адмаўляўся далей, гаварылася наступная фраза са спіса. Калі «настаўнік» адмаўляўся пасля 4-ай фразы, эксперымент перапыняўся.
Апроч таго, былі дзве спецыяльныя фразы. У выпадку, калі паддоследны пытаўся, ці не атрымае «вучань» пашкоджанняў, эксперыментатар адказваў: «Нягледзячы на тое, што ўдары токам могуць быць балючымі, яны не прывядуць да доўгачасовых пашкоджанняў тканкаў» (). Калі паддоследны звяртаў увагу да таго, што «вучань» адмаўляецца працягваць, эксперыментатар адказваў: «Падабаецца гэта вучню, ці не, вы мусіце працягваць, пакуль ён не вывучыць правільна ўсе пары слоў» (). Па ходзе эксперымента ў фільме Мілгрэма відаць, што эксперыментатар пры неабходнасці ўжываў і іншыя фразы, напрыклад, запэўніваў, што ён сам нясе адказ, калі з «вучнем» штосьці здарыцца. Пры гэтым, аднак, эксперыментатар ніяк не пагражаў няўпэўненым «вучнем».
Удзельнікі атрымлівалі грашовую ўзнагароду ў памеры 4.5 долара за ўдзел у эксперыменце, аднак перад пачаткам эксперыментатар папярэджваў, што грошы выплачваюцца за прыход у лабараторыю, і яны застануцца ў паддоследных незалежна ад таго, што адбудзецца далей. Праведзеныя ў далейшым даследаванні на 43 суб’ектах, якія бралі ўдзел без узнагароды, але былі студэнтамі таго ж Ельскага ўніверсітэта, паказалі падобныя вынікі.
Асноўны варыянт эксперымента У першым варыянце эксперымента, які быў апісаны Мілгрэмам у яго працы «Behavioral Study of Obedience», «вучань» знаходзіўся ў суседнім з «настаўнікам», гукаізаляваным памяшканні. «Настаўнік» не чуў воклічаў «вучня», але на 300 вольтах той пачынаў выразна для «настаўніка» стукаць у сцяну. Пасля гэтага вучань пераставаў выдаваць адказы пры дапамозе табло. Эксперыментатар патрабаваў трактаваць адсутнасць адказу на працягу 5—10 секунд як няправільны адказ і назначаць наступны ўдар. На наступным удары (315В) таксама чуліся стукі ў сцяну без адказу на табло, у далейшым ад вучня не падавалася ні адказаў, ні гукаў.
Фільм «Obedience» У дакументальным фільме Мілгрэма «Obedience», які адлюстроўвае ход эксперымента, паказаны дапрацаваны варыянт. У гэтым варыянце «вучань» перад пачаткам эксперымента папярэджвае, што меў праблемы з сэрцам у мінулым. Апроч таго, «вучань» не быў гукаізаляваны ад «настаўніка», так што апошні мог чуць ускрыкванні ад удараў токам. На 150 вольтах акцёр-«вучань» пачынаў патрабаваць спыніць эксперымент і скардзіцца на сэрца, аднак эксперыментатар казаў «настаўніку»: «Эксперымент патрэбна працягваць. Працягвайце, калі ласка». Па меры павелічэння напружання акцёр разыгрываў усё больш моцны дыскамфорт, затым моцны боль, і, нарэшце, крычаў, каб эксперымент спынілі. На 300 вольтах «вучань» заяўляў, што адмаўляецца далей браць удзел у эксперыменце і не давацьме адказы, але працягваў крычаць пры назначэнні ўдару. Пачынаючы з 345 вольтаў, «вучань» пераставаў крычаць і падаваць прыкметы жыцця.
«Вучань» патрабаваў выпусціць яго, спыніць эксперымент, скардзіўся на сэрца, адмаўляўся адказваць, але не лаяў «настаўніка» ці эксперыментатара, не пагражаў помстай ці судовым пераследам, і нават проста не звяртаўся да «настаўніка» непасрэдна.
Вынікі
У адной серыі доследаў асноўнага варыянта эксперымента 26 паддоследных з 40, замест таго, каб злітавацца над ахвярай, працягвалі павялічваць напружанне (да 450В) да таго часу, пакуль даследчык не аддаваў распараджэнне скончыць эксперымент. Толькі пяць паддоследных (12,5 %) спыніліся напружання ў 300В, калі ад ахвяры з’явіліся першыя прыкметы незадаволенасці (стук у сцяну) і адказы перасталі паступаць. Яшчэ чатыры (10 %) спыніліся на напружанні 315В, калі ахвяра другі раз стукала ў сцяну, не даючы адказу. Два паддоследныя (5 %) адмовіліся працягваць на ўзроўні 330В, калі ад ахвяры перасталі паступаць як адказы, так і стукі. Па аднаму чалавеку — на трох наступных узроўнях (345, 360 і 375В). Астатнія 26 з 40 дайшлі да канца шкалы.
Дыскусіі і здагадкі За некалькі дзён да пачатку свайго эксперымента Мілгрэм папрасіў некалькіх сваіх калегаў (студэнтаў-выпускнікоў, якія спецыялізуюцца ў галіне псіхалогіі ў Ельскім універсітэце, дзе праводзіўся эксперымент) азнаёміцца з планам даследавання і паспрабаваць угадаць, колькі паддоследных-«настаўнікаў», нягледзячы ні на што, павялічвацьмуць напружанне разраду да таго часу, пакуль іх не спыніць (пры напружаннні 450В) эксперыментатар. Большасць апытаных псіхолагаў выказалі здагадку, што такім чынам паступяць ад аднаго да двух адсоткаў усіх паддоследных.
Таксама былі апытаныя 39 псіхіятраў. Яны далі яшчэ менш дакладны прагноз, выказаўшы здагадку, што не больш за 20 % паддоследных працягнуць эксперымент да паловы напружання (225В) і толькі адзін з тысячы павысіць напружанне да мяжы. Такім чынам, ніхто не чакаў ашаламляльных вынікаў, якія былі атрыманы — насуперак усім прагнозам, большасць паддоследных падпарадкаваліся ўказанням навукоўца, які кіраваў эксперыментам, і караў «вучня» электрашокам нават пасля таго, як той пачынаў крычаць і біць у сцяну нагамі.
Для тлумачэння праяўленай паддоследнымі жорсткасці было выказана некалькі здагадак. Паддоследных гіпнатызаваў аўтарытэт Ельскага ўніверсітэта. Усе паддоследныя былі мужчынамі, таму мелі біялагічную схільнасць да агрэсіўных дзеянняў. Паддоследныя не разумелі, наколькі моцную шкоду, не кажучы пра боль, маглі прычыніць «вучням» такія магутныя электрычныя разрады. Паддоследныя проста мелі схільнасць да садызму і атрымлівалі асалоду ад магчымасці прычыніць пакуту.