Харэ́вічы () — былая вёска ў Дукорскім сельсавеце Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, з 1967 года ў межах вёскі Дукора.
Назва Назва паходзіць ад прозвішча Харэвіч. Шляхта з прозвішчам Харэвіч у XIX стагоддзі валодала суседнімі Раўнаполлем і фальваркам Анятова.
Гісторыя У канцы XVIII стагоддзя вёска ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць Агінскіх, адносілася да маёнтка Дукора С. 330..
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі.
У XIX стагоддзі належала маёнтку Голацк, уласнасць Ганны Здзяхоўскай з Оштарпаў (жонкі Фартуната Здзяхоўскага, удавы Караля Кастравіцкага), па яе смерці маёнткі перайшлі да Ваньковічаў. Пасля 1861 года ў Дукорскай воласці Ігуменскага павета.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Дукорскай воласці пісалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад С. 19.. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У 1943 годзе ў часе карнай нямецкай аперацыі было спалена 43 дамы, забіта 5 чалавек.
Знята з уліку 28 верасня 1967 года, злілася з вёскай Дукора. Цяпер вуліца Блажко ў Дукоры.
Насельніцтва 1908 год — 149 двароў, 1037 жыхароў 1917 год — 132 двары, 904 жыхары, усе беларусы
Вядомыя асобы Андрэй Блажко (1895—1920) — арганізатар і кіраўнік дукорскіх партызан.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Дукора