Джыбу́ці (, ), Рэспу́бліка Джыбу́ці (, ) — дзяржава на паўночным усходзе Афрыкі на Афрыканскім розе. Яна знаходзіцца каля праліва Баб-эль-Мандэб, дзе сыходзяцца Чырвонае мора і Адэнскі заліў. Джыбуці мяжуе з Эрытрэяй, Эфіопіяй і Самалі. Сталіца і найбуйнейшы горад — Джыбуці.
Плошча краіны складае 23 200 км², насельніцтва — каля 1,1 млн чалавек (ацэнка на 2025 год). Афіцыйныя мовы — арабская і французская. Паводле даных ААН, індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу Джыбуці за 2023 год — 0,513.
Стратэгічнае становішча зрабіла Джыбуці важным транспартным і ваенным вузлом рэгіёна. Порты і лагістычная інфраструктура краіны абслугоўваюць значную частку знешняга гандлю Эфіопіі: праз Джыбуці праходзіць больш за 90 % яе транзіту. Джыбуці таксама стала цэнтрам замежнай вайсковай прысутнасці: у краіне дзейнічаюць вайсковыя аб’екты Францыі, ЗША, Японіі, Італіі і Кітая, а арэнда зямлі пад базы з’яўляецца адной з крыніц дзяржаўных даходаў.
Да 1977 года тэрыторыя краіны ўваходзіла ў склад французскіх уладанняў (Французскі Самаліленд, пазней — Французская тэрыторыя Афар і Ісас). Незалежнасць ад Францыі была абвешчана 27 чэрвеня 1977 года.
Гісторыя
Дакаланіяльны перыяд Тэрыторыю сучаснага Джыбуці шмат стагоддзяў засялялі плямёны афараў і ісаў, якія мелі моцныя гандлёвыя сувязі з арабамі. Ад арабаў у краіну пранік іслам, які стаў дзяржаўнай рэлігіяй. З 1285 да 1415 гг. тэрыторыя Джыбуці была часткай мусульманскага дзяржаўнага ўтварэння султанат Іфат.
Каланіяльны перыяд У другой палове ХІХ ст. тэрыторыяй, якая прылягае да Адэнскага заліва, зацікавіліся французы. У 1880-я гг. яны стварылі тут свой пратэктарат — Французскі бераг Самалі, якое паступова стала адной з французскіх калоній у Афрыцы.
У 1947 г. калонія атрымала статус заморскай тэрыторыі Францыі, а ў 1956 г. — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 г. 60,6 % насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Французскай Рэспублікі і краіна з чэрвеня 1967 г. стала афіцыйна называцца «Французскія тэрыторыі афараў і іса». У 1970-я ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 г. была створана Афрыканская народная ліга . У эміграцыі дзейнічалі незалежніцкія партыі, у т.л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
Незалежнасць
8 мая 1977 г. тэрыторыя атрымала незалежнасць змяніўшы назву на Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Краіну ўзначаліў Хасан Гулед Аптыдон. Прадпрымаліся спробы падтрымання этнічнага балансу паміж іса і афарамі (за першыя два гады незалежнасці тройчы мяняўся склад урада). У сакавіку 1979 г. на базе Афрыканскай народнай лігі за незалежнасць была створана партыя Народны рух за прагрэс на чале з Х. Г. Аптыдонам. Пасля яго пераабрання ў 1981 г. на безальтэрнатыўнай аснове ў краіне ўсталяваўся аўтарытарны аднапартыйны рэжым.
Унутрыпалітычная напружанасць у 1990—1992 гг. выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі (ФААД) і разгарнула антыўрадавае ўзброеннае супраціўленне. У чэрвені 1992 г. Фронт разам з іншымі апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т.л. прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. У 1992 г. на рэферэндуме 98,1 % прагаласавала за Канстытуцыю Джыбуці. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 г. у чарговы раз перамогу атрымаў Х. Г. Аптыдон. У 1994 г. ўзброеныя сутыкненні скончыліся мірнай дамовай. Урад прызнаў ФААД легальнай палітычнай сілай. Умеранае крыло кіраўніцтва ФААД на парламенцкіх выбарах 1997 г. выступіла ў адзінай кааліцыі з кіруючай партыяй «Народны рух за прагрэс». Але радыкальная крыло ФААД працягвала ўзброеннае выступленне да мая 2001 г., калі з імі была таксама падпісана мірная дамова.
У 1999 г. пераемник Х. Г. Аптыдона Ісмаіл Амар Геле, атрымаўшы на прэзідэнцкіх выбарах 74 % галасоў, быў абраны на шасцігадовы тэрмін прэзідэнцтва.
1 жніўня 2017 г. Кітайская народна-вызваленчая армія, для аховы судоў, выратавальных і антыпірацкіх аперацый у Адэнскім заліве і каля ўзбярэжжа Самалі, адкрыла ваенна-марскую базу ў горадзе Абок.
Палітыка Джыбуці — парламенцкая рэспубліка, з моцнай прэзідэнцкай уладай. Кіруецца згодна з канстытуцыяй, прынятай у 1992 годзе. Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на шасцігадовы тэрмін. Выканаўчая ўлада належыць прэм’ер-міністру і ўраду, якія назначаюцца прэзідэнтам. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту, які складаецца з 65 дэпутатаў, выбраных на пяцігадовы тэрмін.
У палітычным жыцці дамінуе прапрэзідэнцкая кааліцыя, якая аб’ядноўвае некалькі партый, у тым ліку People’s Rally for Progress (RPP) і яе саюзнікаў. Існуюць таксама апазіцыйныя партыі і кааліцыі, прадстаўленыя ў палітычным полі краіны.
Адміністрацыйны падзел
Джыбуці падзелена на 5 акругаў і адзін горад прыроўнены да акругі, якія ў сваю чаргу дзеляцца на 15 раёнаў.
Эканоміка Эканоміка Джыбуці ў значнай меры абапіраецца на сферу паслуг і яе геаграфічнае становішча каля праліва Баб-эль-Мандэб — на ўваходзе з Адэнскага заліва ў Чырвонае мора. У сталіцы працуе глыбакаводны порт, які абслугоўвае суднаходства паміж Індыйскім акіянам і Чырвоным морам. Горад Джыбуці таксама з’яўляецца важным транспартным вузлом для сувязі з Эфіопіяй (у тым ліку чыгуначнай).
Паводле Сусветнага банка, у 2023 годзе рост ВУП Джыбуці склаў 6,7 % і перасягнуў прагнозы. Гэта тлумачылі аднаўленнем попыту на партовыя і лагістычныя паслугі (у тым ліку з боку Эфіопіі), а таксама ўстойлівым унутраным попытам, які падтрымлівалі прыватныя інвестыцыі і меры ўрада на фоне росту коштаў. У тым жа паведамленні адзначалася, што парушэнні суднаходства ў Чырвоным моры далі змешаны эфект, але перавалка ў порце Джыбуці ўзмацнілася: у сакавіку 2024 года аб’ём кантэйнерных перавозак, апрацаваных у порце, быў на 39 % большы, чым у лістападзе 2023 года.
Міжнародны валютны фонд у матэрыялах па кансультацыях паводле артыкула IV таксама звязваў высокія тэмпы росту з лагістыкай і перавалкай, адзначаючы, што ў 2024 годзе рост перавысіў 6,5 %, а на 2025 год прагназаваўся каля 6 %. У структуры экспарту тавараў пераважаюць рээкспартныя аперацыі (92,6 % экспарту тавараў у 2024 годзе), што адлюстроўвае ролю краіны як рэгіянальнага вузла ў гандлёвых патоках.
Насельніцтва Насельніцтва краіны складаецца ў асноўным з двух этнічных груп: ісы (самалійцы) — 60 % і афары — 35 %. Астатнія 5 % гэта нашчадкі еўрапейцаў, у асноўным французаў і італьянцаў. У пачатку 1990-х гадоў паміж афрамі і ісамі ўзніклі ўзброеныя сутыкненні, якія паступова перараслі ў грамадзянскую вайну.
Асноўнай рэлігіяй з’яўляецца іслам (гл. іслам у Джыбуці), хрысціянства распаўсюджана сярод еўрапейцаў (гл. хрысціянства ў Джыбуці). Нягледзячы на тое, што афіцыйнымі мовамі з’яўляюцца французская і арабская, у штодзённым жыцці часта выкарыстоўваецца яшчэ і самалійская і афарская мовы. Акрамя сталіцы гарадское насельніцтва сканцэнтравана ў горадзе Арта.
Беларуска-джыбуційскія адносіны 26 жніўня 2013 года ў Пасольстве Беларусі ў Парыжы адбылося падпісанне Сумеснага камюніке аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Джыбуці. Рэспубліка Джыбуці стала 184-й дзяржавай у спісе краін, з якімі Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Франкамоўныя краіны Катэгорыя:Былыя калоніі Францыі Катэгорыя:Унітарныя дзяржавы Катэгорыя:Усходняя Афрыка