«Гэта крык, што жыве Беларусь» — верш Янкі Купалы, напісаны ў 1905—1907 гадах у прыватным маёнтку пана Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) Яхімоўшчыне, дзе паэт працаваў памочнікам вінакура Сасноўскага на бровары.

Упершыню апублікаваны ў 1908 годзе ў зборку «Жалейка». Верш уключаўся таксама ў Зборнік твораў (1925, т. 1) і Зборнік твораў (1928, т. 1).

Верш адлюстроўвае тагачаснае жыццё і побыт беларускага селяніна. Твор прасякнуты ідэяй патрыятызму, блізкі да вершаў «Мая хатка», «Палац» і інш.

Словы «Гэта крык, што жыве Беларусь!» узяты эпіграфам у рэцэнзіі Ул. Самойлы «Великий праздник. „Жалейка“ Янука Купалы» («Минский курьер», 1908, № 113, 23 жніўня). Гэтыя ж словы паўтараюцца і ў тэксце самой рэцэнзіі. Верш цытуецца таксама ў працах украінскага даследчыка Д. Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» («Наша ніва», № 4, 22 (4) студзеня 1909, на беларускую мову пераклаў Я. Журба) і Я. Карскага «Белорусы».

У кнізе Я. Купала «Вершы і паэмы» (М., 1982) верш ілюстраваны Я. Чарняціным.

Пераклады Упершыню на рускую мову верш перакладзены Я. Нячаевым, пазней В. Шэфнерам, на ўкраінскую — А. Малышкам, на армянскую — Р. Пагасян, на казахскую — Ж. Кашкінавым, на балгарскую — Н. Вылчавым, на румынскую — С. Дэлчу, на французскую — Ж. Гашам.

Літаратура

Катэгорыя:Вершы на беларускай мове Катэгорыя:Вершы Янкі Купалы Катэгорыя:Творы 1907 года