Мугір ( 'ваўняная тканіна') — у ісламе твор дэкаратыўнага мастацтва, тканіна з рэлігійным надпісам або выявай рэлігійнай сімволікі. Прызначаны для пашырэння рэлігійных ведаў, у народнай свядомасці мае таксама функцыі абярога.
Першапачаткова вырабляўся туркамі-качэўнікамі, праз іх трапіў да крымскіх татар.
Як від мастацтва мугіры сустракаюцца ў ісламскіх краінах пад назвай «шамаіль», што на персідскай мове мае дадатковае значэнне — «свяшчэнная карціна». У адрозненні ад персідскіх шамаіляў, татарскія шамаілы і іўеўскія татарскія мугіры адмаўляюць вобразы жывых істот і звязаныя з імі рэлігійна-паклонныя функцыі.
Традыцыя вырабу мугіроў у Іўеўскім раёне ў снежні 2024 года была абвешчана нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
Беларусь
У беларускіх татар вядомы з XVI ст. як элемент насценнага аздаблення мячэці ці жылога дома. Спачатку мугіры выраблялі з казінай воўны, потым таксама з іншых тканін і матэрыялаў.
На Беларусі былі вядомы мугіры як апраўленыя ў рамы пергаменты з вершамі Карана, малітвамі, імем прарока Мухамеда. У ХІХ-ХХ стст. яны змяняюцца літаграфіямі з відамі славутых мячэцей, атрыбутамі ісламскай сімволікі. У мугірах беларускіх татар творча ўзаемадзейнічалі татарскія і беларускія культурныя традыцыі. Узоры аздаблення сведчаць пра ўплыў мясцовага стылю — народнага роспісу на шкле, вышыўкі і іншых рамёстваў. Такім чынам, мастацтва вырабу мугіроў набыло самабытныя беларускія рысы і не мае аналагаў ні ў іншых рэгіёнах, ні ў ісламскім свеце.
Іўеўшчына
Асабліва ж яскрава традыцыя мугіроў захавалася на Іўеўшчыне — у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе з канца XIX — пачатку XX стст. мусульманскія суполкі працягвалі вырабляць гэтыя сакральныя творы.
Старэйшыя прадстаўнікі татарскай суполкі Іўя ўзгадваюць пра невялікія прыгожыя квадратныя і прамавугольныя карцінкі, якія насілі назву «мугіры», абцягнутыя дарагім аксамітам і тэкстыльныя пано, выкананыя ў тэхніцы валяння казінай поўсці (лямец), на якіх па-майстэрску былі выпісаны выразы з Карана. У беларускай татарскай традыцыі ўзгадванне імя Усявышняга на мугірах лічылася моцным абярэгам супраць бедаў і перашкод.
Традыцыя вырабу мугіроў на Іўеўшчыне асабліва актыўна развівалася з пачатку XX стагоддзя. Вядомы майстар Рафаловіч Сулейман Ях’евіч (1909—2001) стварыў для ўпрыгожвання Іўеўскай мячэці, пабудаванай у 1882 годзе, мугір з выявай славутай Вялікай мячэці Ая-Сафія ў Стамбуле. Ён выканаў гэты твор алоўкам і акварэльнымі фарбамі, карыстаючыся малюнкам з друкаванага выдання, бо асабіста ніколі не быў у Турцыі. Яго наступныя працы — мугіры 1934 і 1988 гадоў — вылучаюцца пазнавальнай аўтарскай манерай.
Яго паслядоўнікамі сталі жанчыны-мусульманкі, што сведчыць пра пераемнасць традыцыі і яе пашырэнне ў татарскай суполцы Іўя.Творы мясцовых майстроў адрозніваюцца спалучэннем мусульманскіх тэкстаў з эстэтыкай беларускай народнай культуры: арнаментамі, стылізацыяй шрыфту, кампазіцыйнымі рашэннямі, уласцівымі мясцоваму дэкаратыўнаму мастацтву.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Ісламскае мастацтва Катэгорыя:Беларуска-літоўскія татары