Алена Віталеўна Руцкая (нар. , в. Дзякаўцы, Шчучынскі раён) — беларуская літаратуразнаўца, паэтэса.

Біяграфія Нарадзілася ў 1950 годзе ў в. Дзякаўцы Шчучынскага раёна ў сям’і служачых. У 1956 годзе пачала вучобу ў Дзякаўскай пачатковай школе. Пасля пераезду сям’і ў Слонім вучылася ў СШ № 7, якую закончыла ў 1966 годзе. Упершыню надрукавала вершы ў 1964 годзе ў часопісе «Бярозка».

З 1966 па 1971 гады вучылася на філалагічным факультэце БДУ, тут стала членам літаратурнага аб’яднання «Узлёт». Пасля заканчэння ўніверсітэта да 1992 года працавала настаўніцай на Слонімшчыне і ў СШ № 2 г. Слоніма. З 1992 года выкладчык, затым — дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Рэцэнзіі, нарысы на маральна-педагагічныя тэмы, артыкулы пра выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў школе друкуе з 1977 года. Аўтар навучальна-метадьгчных дапаможнікаў для настаўнікаў. Выдатнік народнай асветы Беларусі, заслужаная настаўніца Беларусі (1987).

Творчасць Выдала зборнікі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх праявіла эмацыйна тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Заходняй Беларусі ў XX стагоддзі.

Выбраная бібліяграфія Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе (1999). Пазакласная праца па беларускай літаратуры (2000). Методыка выкладання беларускай літаратуры: Дапаможнік для студэнтаў (2004, у сааўтарстве). Беларуская літаратура ў школьным выкладанні (2006, у сааўтарстве).

Крыніцы

Спасылкі Беларусь у асобах i падзеях

Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя настаўнікі БССР