«Вялі́кі сло́ўнік белару́скай мо́вы» — арфаграфічна-парадыгматычны слоўнік беларускай мовы, складзены Фёдарам Піскуновым і выдадзены ў 2012 годзе ў Мінску выдавецтвам «Тэхналогія». З’яўляецца адным з найбуйнейшых лексікаграфічных даведнікаў беларускай мовы пачатку XXI стагоддзя.

Гісторыя стварэння Аўтар слоўніка, лінгвіст і праграміст Фёдар Піскуноў, працаваў над укладаннем выдання больш за 12 гадоў. Асноўнай прычынай стварэння стала незадаволенасць існуючымі слоўнікамі, якія штучна падзялялі лексіку на літаратурную і дыялектную, часта ігнаруючы апошнюю. Аўтар імкнуўся зафіксаваць рэальны стан мовы, не абмяжоўваючыся жорсткімі нарматыўнымі рамкамі.

Апісанне Слоўнік змяшчае каля 223 тысяч слоў. Ён створаны на аснове ўнікальнай электроннай базы даных, якая ўключае больш за 70 мільёнаў словаўжыванняў з больш чым 2300 літаратурных крыніц. Корпус тэкстаў ахоплівае перыяд ад 1920-х гадоў да пачатку XXI стагоддзя, уключаючы творы класікаў беларускай літаратуры (Н. Гілевіч, Р. Барадулін, М. Стральцоў, пераклады В. Сёмухі), матэрыялы перыядычнага друку («Звязда», «Наша Ніва») і іншыя крыніцы.

У адрозненне ад акадэмічных слоўнікаў, «Вялікі слоўнік беларускай мовы» фіксуе не толькі кадыфікаваную лексіку, але і словы, якія раней лічыліся дыялектнымі або размоўнымі, а таксама аўтарскія наватворы (неалагізмы). Асаблівая ўвага нададзена лексіцы, якая была выведзена з ужытку па ідэалагічных прычынах або незаслужана забыта.

Структурна слоўнік спалучае рысы арфаграфічнага і граматычнага даведнікаў. Кожнае слова мае граматычны індэкс, які адсылае да табліц узорных парадыгм (усяго каля 300 табліц), што дазваляе карыстальніку правільна змяняць слова. У дадатках прыведзены афіцыйныя назвы дзяржаў свету, назвы населеных пунктаў Беларусі і іншыя геаграфічныя назвы.

Ацэнкі Слоўнік атрымаў высокую ацэнку спецыялістаў. Прафесар Г. А. Цыхун адзначыў яго рэпрэзентацыйны характар, які адлюстроўвае наяўны стан мовы. Прафесар М. Р. Прыгодзіч назваў выхад слоўніка «эпахальнай з’явай у гісторыі беларускай лексікаграфіі» і падкрэсліў важнасць вяртання ў літаратурны ўжытак дыялектнай і аўтарскай лексікі, якую Ф. Піскуноў уключыў у рэестр без дыскрымінацыйных памет «абл.» (абласное) ці «разм.» (размоўнае).

Бібліяграфія

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Анлайн-версія слоўніка на сайце slounik.org

Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Кнігі 2012 года Катэгорыя:Арфаграфічныя слоўнікі