«Сло́ўнік іншамо́ўных слоў» — слоўнік іншамоўных слоў, які змяшчае каля 25 тысяч слоў іншамоўнага паходжання, запазычаных у розны час беларускай мовай з іншых моў, або ўтвораных з іншамоўных лексічных элементаў. Складзены А. М. Булыкам і выдадзены ў 1999 годзе выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» пад навуковай рэдакцыяй А. Я. Супруна.
Апісанне Слоўнік змяшчае каля 25 тысяч слоў, запазычаных беларускай мовай з іншых моў у розны час, а таксама слоў, утвораных з іншамоўных лексічных элементаў. Асноўная задача выдання — даць кароткае тлумачэнне лексікі, якая сустракаецца ў сродках масавай інфармацыі, мастацкай, навуковай і публіцыстычнай літаратуры.
Словы ў слоўніку размешчаны ў алфавітным парадку і падаюцца з націскамі (акрамя літары ё). Амонімы пазначаюцца лічбавымі індэксамі. Этымалагічная даведка змяшчае іншамоўную першакрыніцу (у лацінскай графіцы для большасці моў) і, пры неабходнасці, мовы-пасрэдніцы. Таксама прыводзіцца пераклад састаўных частак слова.
Значэнні мнагазначных слоў раскрываюцца ў пэўным парадку: спачатку першаснае (гістарычнае) значэнне, затым вытворныя прамыя і пераносныя. У слоўнікавых артыкулах прыводзяцца ілюстрацыі ў выглядзе ўстойлівых выразаў, даюцца спасылкі на сінанімічныя (з паметай «параўн.») і антанімічныя (з паметай «проціл.») паняцці. Асобнымі артыкуламі падаюцца словаўтваральныя элементы (прэфіксоіды і суфіксоіды).
Бібліяграфія Слоўнік іншамоўных слоў : [каля 25000 слоў і тэрмінаў] : у 2 т. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 1999. — Т. 1: А ― Л. — 735 с. — 5000 экз. — ISBN 985-11-0152-4 Слоўнік іншамоўных слоў : [каля 25000 слоў і тэрмінаў] : у 2 т. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 1999. — Т. 2: М ― Я. — 734, с. — 5000 экз. — ISBN 985-11-0153-2
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Слоўнікі іншамоўных слоў Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Кнігі 1999 года Катэгорыя:Аляксандр Мікалаевіч Булыка