Міхельсдорф () — раён горада Кам у акрузе Верхні Пфальц, зямля Баварыя, Германія. Знаходзіцца ў прыродным парку «Верхні Баварскі Лес» (Oberer Bayerischer Wald). У 1946—1949 гадах тут размяшчаўся буйны лагер для перамешчаных асоб, які стаў значным асяродкам беларускай эміграцыі.

Гісторыя Міхельсдорф першапачаткова ўваходзіў у склад абшчыны Альтэнмаркт, створанай у 1818 годзе. 1 студзеня 1972 года ў ходзе адміністрацыйнай рэформы разам з Альтэнмарктам быў уключаны ў склад горада Кам.

Лагер перамешчаных асоб У пасляваенныя гады ў Міхельсдорфе размяшчаўся лагер для перамешчаных асоб (ДП). Ён быў афіцыйна адкрыты 20 жніўня 1946 года на месцы былога вайсковага аэрадрома каля вёскі, дзе знаходзіліся драўляныя баракі. Па стане на 31 кастрычніка 1947 года ў лагеры пражывала 550 чалавек розных нацыянальнасцей, у тым ліку рускія, палякі, украінцы і беларусы.

Беларуская група (каля 500 чалавек) была перавезена сюды 27 ліпеня 1946 года з Рэгенсбурга. Умовы пражывання ў старых бараках былі горшыя за рэгенсбургскія кватэры: людзі жылі ў адным пакоі па некалькі сем’яў, аднак беларуская супольнасць хутка наладзіла грамадскае і культурнае жыццё.

У лагеры дзейнічалі беларуская адміністрацыя і паліцыя. Адзін з баракаў быў пераабсталяваны пад праваслаўную царкву. Актыўна працавалі навучальныя ўстановы, якія пераехалі разам з жыхарамі з Рэгенсбурга: дзіцячы садок, пачатковая школа і Беларуская гімназія імя Янкі Купалы (да 1947 года — Першая беларуская гімназія). Дырэктарам гімназіі быў доктар Аляксандр Орса. Пры гімназіі дзейнічалі літаратурны, драматычны і спартыўны гурткі, выдаваўся часопіс «У вырай».Міхельсдорф стаў цэнтрам беларускага скаўцкага руху. Тут базаваўся 1-ы Сцяг беларускіх скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага. Скаўты арганізавалі выдавецкую суполку «Крыніца», якая друкавала падручнікі і скаўцкія часопісы («Напагатове», «Скаўцкі спадарожнік»). Адным з кіраўнікоў скаўцкай адзінкі «Баварыя» быў Вітаўт Кіпель.

4 кастрычніка 1948 года ў сувязі з рэарганізацыяй лагераў частка беларусаў разам з гімназіяй была перавезена ў Віндзішбергердорф, астатнія заставаліся ў Міхельсдорфе да чэрвеня 1949 года, пасля чаго былі перавезены ў Бакнанг (Вюртэмберг). Лагер быў канчаткова закрыты 19 мая 1949 года.

Славутасці Капліца Дзевы Марыі (). Жылы дом па адрасе Laichstätter Weg 8 — помнік архітэктуры.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты Баварыі Катэгорыя:Кам (Верхні Пфальц) Катэгорыя:Беларускія лагеры для перамешчаных асоб Катэгорыя:Міхельсдорф (Кам)