Сенажа́ць — зямельныя ўгоддзі, травяністую расліннасць якіх скошваюць на сена, сілас, сянаж, травяную муку і зялёную падкормку.

Сенажаці падзяляюцца на сеяныя (культурныя) і прыродныя. Прыродныя сенажаці, у сваю чаргу, падзяляюцца на заліўныя (поймавыя), нізінныя (забалочаныя) і сухадольныя.

Заліўныя (поймавыя) сенажаці заняты пераважна злакавым разнатраўем і асаковай расліннасцю. Нізінныя сенажаці даюць сена сярэдняй і нізкай якасці з-за перавагі ў травастоі раслін з сямейства асаковых. Для сухадольных сенажацей характэрныя разнатраўна-злакавыя і разнатраўна-асакова-злакавыя асацыяцыі; сена з іх звычайна сярэдняй і добрай якасці.

Для паляпшэння прыродных сенажацей найбольшае значэнне маюць сістэматычнае ўнясенне ўгнаенняў, барацьба з пустазеллем, своечасовае правядзенне ўкосаў, а таксама чаргаванне тэрмінаў скошвання па гадах (увядзенне сенажацезваротаў).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Землекарыстанне Катэгорыя:Сельская гаспадарка Катэгорыя:Кармавыя ўгоддзі