Бытаво́е абслуго́ўванне — форма задавальнення матэрыяльных і культурна-бытавых патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арганізацый праз аказанне паслуг; з’яўляецца часткай сферы абслугоўвання.
Агульная характарыстыка Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі прамысловага характару (рамонт транспартных сродкаў, складанай бытавой тэхнікі, вытворчасць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і будаўніцтва жылля і іншыя) і непрамысловага (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытворчасці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў і задавальненні патрэб асабістага характару. Паслугі аказваюцца насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невялікіх партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арганізацыям — паводле заключаных дагавораў.
Значэнне З паскарэннем сацыяльнага і навукова-тэхнічнага прагрэсу, а таксама з ростам дабрабыту насельніцтва, значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення бытавых патрэб расце. Бытавое абслугоўванне разам з іншымі галінамі сферы паслуг, такімі як гандаль, грамадскае харчаванне і камунальная гаспадарка, паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытворчасцю і арганізаваным абслугоўваннем. У развітых краінах бытавое абслугоўванне з’яўляецца высокаіндустрыялізаванай галіной з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання, тэхналогій і разнастайных формаў сэрвісу.
Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культурна-адукацыйнага ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, і ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вялікая роля бытавога абслугоўвання ў эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці сельскіх населеных пунктаў.
У Беларусі На Беларусі бытавыя паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невялікія спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла бытавыя патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. У перыяд рэвалюцый і войнаў гэтая сфера прыйшла ў заняпад, яе аднаўленне пачалося ў 1920-я гады.
У чэрвені 1925 года ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі таварыстваў саматужнікаў, а ў снежні таго ж года быў зацверджаны Беларускі Саюз саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюз). На аснове гэтых арганізацый за перадваенныя гады былі аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхнічнай аснове. У 1960 годзе дзейнічалі 4724 прадпрыемствы бытавых паслуг, з іх больш за 3 тысячы аказвалі прамысловыя віды паслуг.
У 1965 годзе промыславая кааперацыя была рэарганізавана ў Галоўнае ўпраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва, якое ў 1966 годзе было пераўтворана ў адпаведнае міністэрства. За 1966—1970 гады было створана 2573 прадпрыемствы быту. На працягу 1971—1975 гадоў колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гарадскіх пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643; прыёмных пунктаў — адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхнічным абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце бытавых машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Была сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтральных сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытворчыя магутнасці і павялічваўся аб’ём паслуг.
З 1990 года функцыі дзяржаўнага рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Беларускі рэспубліканскі саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (абласной, гарадской і раённай). Бытавыя паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камунальнай гаспадаркі, аўтатранспарту, мясцовай прамысловасці і іншыя. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу.
У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання зменшылася, працягваецца іх прыватызацыя. У 1995 годзе з агульнай колькасці прадпрыемстваў 4546 былі дзяржаўнымі, 3272 — калектыўнымі, 18 — прыватнымі. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў бытавых паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавое абслугоўванне займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камунальнай гаспадаркі. Найбольшую ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займалі паслугі пральняў (14,3 %), транспартныя паслугі (10,4 %), рамонт і тэхнічнае абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3 %), пашыў адзення (6,7 %). Створана інфраструктура галіны: інстытут «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-механічны завод, вылічальны цэнтр. У абласцях дзейнічаюць рамонтна-будаўнічыя ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. Пашырэнне сферы бытавога абслугоўвання з’яўляецца значным рэзервам для павелічэння занятасці насельніцтва, якое вызваляецца з вытворчасці ў выніку яе структурнай перабудовы.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Эканоміка Беларусі Катэгорыя:Сфера паслуг Катэгорыя:Галіны эканомікі