Трыва́нне дзеясло́ва — лексіка-граматычная катэгорыя, якая паказвае на завершанасць або незавершанасць дзеяння.
У беларускай мове У беларускай і іншых славянскіх мовах вылучаюць два віды трывання дзеяслова: незакончанае, якое выражае працягласць, паўтаральнасць дзеяння без указання на яго вынік або мяжу (жыву, жыў, буду жыць), закончанае, якое абазначае абмежаванасць дзеяння ў часе — пачатак або канец, завершанасць дзеяння, адзін з момантаў яго працякання (пражыў, пражыву).
Дзеясловы незакончанага і закончанага трыванняў з аднолькавым лексічным значэннем утвараюць пары (вучыць — вывучыць, жаць — зжаць). Утварэнне трывальнай пары можа ісці двума шляхамі: перфектывацыяй (ад дзеяслова незакончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў закончанага трывання), імперфектывацыяй (ад дзеяслова закончанага трывання ўтвараецца дзеяслоў незакончанага трывання).
Трывальныя пары дзеясловаў утвараюцца пераважна з дапамогай прыставак (вячэраць — павячэраць) і суфіксаў (натхніць — натхняць), чаргавання гукаў у словах (збіраць — сабраць), змены месца націску (накіда́ць — накі́даць), суплетывізму асноў (гаварыць — сказаць). Большасць дзеясловаў беларускай мовы парныя паводле трывання (рабіць — зрабіць, спазняцца — спазніцца).
Ёсць дзеясловы, што маюць форму толькі аднаго трывання — незакончанага (залежаць, паважаць) або закончанага (абнародаваць, схамянуцца). Такія дзеясловы не ўтвараюць трывальныя пары і называюцца няпарнымі або аднатрывальнымі. У некаторых дзеясловах значэнне закончанага і незакончанага трывання супадае ў адной форме (атакаваць, сігналізаваць). Такія дзеясловы лічацца двухтрывальнымі.
З катэгорыяй трывання цесна звязана катэгорыя часу дзеяслова.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Граматычныя катэгорыі дзеяслова