Музе́й пры Го́ры-Го́рацкім земляро́бчым інстыту́це — былы музей у складзе Горы-Горацкага земляробчага інстытута, які існаваў у 1847—1863 гадах у горадзе Горкі Магілёўскай губерні. З’яўляўся адной з першых спроб стварэння музея як сацыяльна-культурнага інстытута на тэрыторыі Беларусі, заклаўшы асновы айчыннай музейнай педагогікі.
Гісторыя
Стварэнне музея было непарыўна звязана з фарміраваннем сельскагаспадарчай адукацыі ў Расійскай імперыі. Імкненне да нагляднасці навучання абумовіла адкрыццё сельскагаспадарчых кабінетаў і музеяў пры шэрагу навучальных устаноў, аднак арганізацыі музея ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце (які быў заснаваны як школа ў 1840 годзе і пераўтвораны ў інстытут у 1848 годзе) надавалася асаблівая ўвага.
У 1846 годзе прафесар аграноміі Б. А. Цалінскі прадставіў на разгляд вучонага камітэта Міністэрства дзяржаўных маёмасцей праект аб стварэнні пры школе музеума айчыннай сельскагаспадарчай прамысловасці. Праект быў зацверджаны, і напачатку 1847 года пачалася планавая збіральніцкая праца. У часопісе Міністэрства дзяржаўных маёмасцей было надрукавана настаўленне для адбору і перасылкі розных прадметаў у Горы-Горкі. Пачалося набыццё найбольш каштоўных экспанатаў на айчынных і замежных сельскагаспадарчых выставах. Вялікая ўвага надавалася збіральніцкай працы, якая павінна была праводзіцца самімі выкладчыкамі і студэнтамі ў Магілёўскай губерні.
Структура і фонды
Падмурак музея быў закладзены ў першыя тры гады яго існавання. Большасць прадметаў паступала праз палаты дзяржаўных маёмасцей. Музей і кабінеты знаходзіліся на другім паверсе галоўнага корпуса інстытута.
Структура сельскагаспадарчага музея і навуковых кабінетаў пры Горы-Горацкім земляробчым інстытуце (па стане на 1850 год): Назва Колькасць прадметаў Музей айчыннай сельскай прамысловасці 1790 Кабінет земляробчых прылад і машын 432 Фізічны кабінет 146 Хімічны кабінет і лабараторыя 1627 Заалагічны кабінет 5562 Батанічная калекцыя 1901 Мінералагічны кабінет 2287 Анатоміка-паталагічны кабінет 386 Калекцыя геадэзічных прылад і інш. 42 Ветэрынарныя інструменты 116 Усяго 14 289
Музей і кабінеты актыўна папаўняліся і ў наступныя гады. На Лонданскай сусветнай выставе 1851 года для музея былі набыты сельскагаспадарчыя прылады і машыны, вырабленыя ў Вялікабрытаніі і ЗША. Батанічная калекцыя музея значна пашырылася з дапамогай прафесара І. А. Сцебута. Адначасова ўстанова прымала ахвяраванні ад прыватных асоб і таварыстваў.
Згодна са сведчаннямі сучаснікаў, ужо ў 1857 годзе музей меў «багатую і прыгожа размешчаную калекцыю ўсяго, што мае дачыненне да сельскай гаспадаркі і сумежных з ёю галін вытворчасці, а таксама прыродазнаўчых навук». Адзначалася, што музеумы іншых вядомых інстытутаў не маглі б параўнацца ў багацці і дасканаласці з калекцыямі Горы-Горацкага.
Дзейнасць
Музей быў адчынены для наведвання два дні ў тыдзень. Падчас агляду выкладчыкі інстытута — загадчыкі кабінетаў — давалі тлумачэнні і адказвалі на пытанні. Студэнты праводзілі эксперыментальныя работы па выкарыстанні і ўдасканаленні прылад і машын, займаліся ў кабінетах, што спрыяла засваенню імі практычных ведаў.
Аўдыторыя музея не абмяжоўвалася спецыялістамі і студэнтамі. З калекцыямі знаёміліся землеўласнікі з усіх беларускіх губерняў, якія ўдзельнічалі ў Горы-Горацкіх сельскагаспадарчых з’ездах, што рэгулярна праводзіліся на базе інстытута. Іх арганізатары бачылі ў музеі важны сродак распаўсюджвання прагрэсіўнага вопыту і ўключылі ў правілы правядзення з’ездаў пункт аб абавязковай дэманстрацыі ў зале пасяджэнняў лепшых прадметаў калекцый. Такім чынам, музей выступаў як найбуйнейшы сельскагаспадарчы збор у Расійскай імперыі і меў перспектыву стаць не толькі вучэбным, але і навукова-практычным цэнтрам.
Ліквідацыя
Далейшыя работы спыніліся ў сувязі з паўстаннем 1863 года. Горы-Горкі занялі атрады паўстанцаў, якіх падтрымала студэнцтва. У тым жа годзе Горы-Горацкі сельскагаспадарчы інстытут быў закрыты, а яго вучонай радзе было даручана правесці адбор вучэбных дапаможнікаў для дастаўкі ў Санкт-Пецярбург. Лепшыя адабраныя калекцыі, мадэлі і інструменты ацанілі ў 36 590 рублёў і ў 76 скрынях перавезлі ў Лясны інстытут у Пецярбургу. Менш каштоўныя рэчы пакінулі ў Горы-Горках, частка з якіх пазней была прададзена з таргоў.
Значэнне
З’яўленне кабінетаў і музеяў пры вышэйшых навучальных установах Беларусі сведчыла аб пачатку якасных змен у станаўленні музея як сацыякультурнага інстытута. Сабраныя ў Горы-Горацкім інстытуце калекцыі вылучаліся высокім узроўнем навуковай арганізацыі і актыўна выкарыстоўваліся ў навучальным працэсе, маючы камунікатыўны характар. Гэтая акалічнасць дазваляе ўпершыню ў дачыненні да гэтых збораў ужыць тэрмін «музей», бо да гэтага асветніцкія прыватныя зборы былі даступныя вельмі абмежаванаму колу асоб.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Зніклі ў 1863 годзе Катэгорыя:Гісторыя Горак Катэгорыя:Музеі Магілёўскай вобласці Катэгорыя:Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія Катэгорыя:1847 год у Беларусі