Cigéo (фр. Centre industriel de stockage géologique – Прамысловы цэнтр геалагічнага пахавання) – французскі праект глыбокага геалагічнага пахавання радыеактыўных адходаў (РАА), прызначаны для доўгатэрміновага захоўвання і ізалявання высакаактыўных адходаў і адходаў сярэдняй актыўнасці з доўгім перыядам паўраспаду.
Праект кіруецца Нацыянальным агенцтвам па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Францыі (Andra). Сховішча плануецца пабудаваць ва ўсходняй Францыі, на мяжы дэпартаментаў Мёз і Верхняя Марна, каля камуны Бюр (Bure). Комплекс будзе размешчаны пад зямлёй на глыбіні каля 500 метраў у шчыльным геалагічным пласце калава-оксфардскіх гліністых сланцаў (аргілітаў).
Аб'ект павінен вырашыць пытанне канчатковага ўтылізавання самых небяспечных адходаў французскай атамнай прамысловасці, прапаноўваючы альтэрнатыву часоваму наземнаму захоўванню. Разам з тым праект сутыкаецца з мацным сацыяльным супрацівам і экалагічнай крытыкай.
Гісторыя і заканадаўчая база Працэс пошуку рашэнняў для французскіх РАА пачаўся ў 1991 годзе з прыняццем так званага «Закона Батая» (Loi Bataille). Закон абавязаў навукоўцаў даследаваць тры кірункі: трансмутацыю радыёнуклідаў, глыбокае геалагічнае пахаванне і доўгатэрміновае паверхневае захоўванне. У рамках даследавання геалагічнага метаду ў 2000 годзе каля вёскі Бюр была створана даследчая лабараторыя для вывучэння гліністых парод.
У 2006 годзе ўрад Францыі афіцыйна абраў глыбокае геалагічнае пахаванне ў якасці прыярытэтнага метаду, з важнай умовай: пахаванне павінна быць зварачальным (réversible) на працягу як мінімум 100 гадоў на выпадак, калі будучыя пакаленні знойдуць лепшы спосаб перапрацоўкі або нейтралізацыі адходаў.
У ліпені 2022 года ўрад Францыі афіцыйна прызнаў Cigéo праектам грамадскай карысці (Déclaration d'utilité publique, DUP), а ў пачатку 2023 года агенцтва Andra падало заяўку на дазвол на будаўніцтва аб'екта (DAC).
Характарыстыка адходаў Cigéo не прызначаны для ўсіх радыеактыўных адходаў Францыі. Ён будзе прымаць толькі самыя складаныя катэгорыі (прыблізна 80 000 м³ або каля 3% ад агульнага аб'ёму РАА Францыі, якія пры гэтым утрымліваюць звыш 99% агульнай радыеактыўнасці). Cюды ўваходзяць адкіды сярэдняй актыўнасці з доўгім (дзесяткі тысяча гадоў) перыядам паўраспаду, галоўным чынам гэта канструкцыйныя элементы рэактараў (абалонкі стрыжняў, дэталі) і высакаактыўныя адходы якія генеруюць інтэнсіўнае цеплавыдзяленне, напрыклад шклаваныя прадукты дзялення, атрыманыя пасля хімічнай перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва на заводзе Ла-Аг.
Тэхнічныя ўмовы і геалогія Асновай бяспекі аб'екта і галоўным бар'ерам для прадухілення траплення радыёнуклідаў у біясферу з'яўляецца канцэпцыя «шматбар'ернай ізаляцыі». Яна прадугледжвае выкарыстанне адразу некалькіх узроўняў абароны. Першым фізічным бар'ерам служыць цвёрдая форма саміх адходаў: высакаактыўныя рэчывы пераўтвараюцца ў нерастваральнае барасілікатнае шкло, а менш актыўныя замацоўваюцца ў маналітнай цэментнай матрыцы. Другім узроўнем абароны з'яўляюцца трывалыя металічныя або бетонныя кантэйнеры-абалонкі, у якія шчыльна змяшчаюцца гэтыя адходы.
Трэці і галоўны прыродны бар'ер — гэта сам звышшчыльны геалагічны пласт аргіліту таўшчынёй каля 130 метраў, які сфармаваўся прыблізна 160 мільёнаў гадоў таму. Гэтая асадкавая гліна характарызуецца надзвычай нізкай водапранікальнасцю, поўнай геалагічнай стабільнасцю на працягу доўгага часу і ўнікальнай здольнасцю да «самалячэння», што выяўляецца ў механічным змыканні любых мікрарасколін пры кантакце з вадой. Сама ж падземная інфраструктура Cigéo будзе займаць плошчу каля 15 км² і складацца з разгалінаванай сістэмы глухіх галерэй для захоўвання сярэднеактыўных адходаў з доўгім перыядам паўраспаду. Для больш складаных, высакаактыўных шклаваных модуляў прадугледжаны асобныя вузкія мікратунэлі даўжынёй па 100—150 метраў кожны.
Фінансаванне Пытанне фінансавання праекта з'яўляецца прадметам вострых спрэчак. У пачатку 2000-х гадоў выдаткі на стварэнне, эксплуатацыю (на працягу больш за 100 гадоў) і закрыццё Cigéo ацэньваліся прыблізна ў 15 мільярдаў еўра. Пазней Нацыянальнае агенцтва па абыходжанні з РАА павысіла гэтую лічбу да 34,4 млрд еўра. У выніку пагаднення паміж урадам і энергагенеравальнымі кампаніямі (якія і фармуюць фонд праекта — у першую чаргу EDF, Orano і CEA) у 2016 годзе базавы кошт быў замацаваны на ўзроўні каля 25 мільярдаў еўра.
Грамадскі супраціў і крытыка Рэалізацыя праекта падземнага магільніка каля камуны Бюр сустрэла магутнае супраціўленне з боку мясцовых жыхароў, шэрагу экалагічных арганізацый, такіх як Грынпіс і аб'яднанне «Sortir du nucléaire», а таксама радыкальных антыядзерных актывістаў, якія стварылі на месцы пратэстную «забароненую зону» (так званую ZAD — zone à défendre). Крытыкі праекта высоўваюць шэраг сур'ёзных пярэчанняў рознага характару. У этычнай плоскасці актывісты заяўляюць, што стварэнне падобнага аб'екта легітымізуе працяг працы атамных электрастанцый, ствараючы ў грамадства ілюзію лёгкага вырашэння праблемы ядзерных адходаў. Акрамя таго, эксперты неаднаразова звярталі ўвагу на пагрозу гістарычнага забыцця: існуе невядомая імавернасць поўнай страты звестак пра небяспечны аб'ект праз 10 тысяч гадоў, што можа прывесці да выпадковага раскопвання радовішча будучымі пакаленнямі.
Тэхналагічныя і геалагічныя аспэкты праекта таксама выклікаюць вострыя навуковыя дыскусіі сярод незалежных арганізацый. У 2017 годзе французскі Інстытут радыяцыйнай абароны і ядзернай бяспекі (IRSN) выказаў сур'ёзную заклапочанасць наконт тэарэтычнай рызыкі падземнага пажару, бо значная частка сярэднеактыўных адходаў утрымлівае бітумныя мастыкі. Пры доўгатэрміновым падземным захоўванні ізатопаў і назапашванні газу ў ізаляваных галерэях такі бітум тэарэтычна здольны да ўзгарання. Некаторыя эколагі і гідрагеолагі таксама ставяць пад сумнеў 100-працэнтную надзейнасць геалагічных гарантый праекта Andra. Яны асцерагаюцца, што празвадныя мікрабіялагічныя або геатэрмальныя працэсы цягам сотняў гадоў могуць прывесці да заўчаснай каразіі сталёвых кантэйнераў і выхаду радыёнуклідаў вонкі. На думку крытыкаў, гэта патэнцыйна пагражае радыеактыўным забруджваннем ваданосных гарызонтаў, звязаных з басейнамі рэк Сена ці Маас.
Глядзіце таксама
Onkalo (ананалагічны праект пабудаваны ў Фінляндыі ў скальных пародах). Нацыянальны пункт пахавання радыеактыўных адкідаў
Зноскі
Спасылкі
Афіцыйны сайт праекта Cigéo (Andra)
Катэгорыя:Радыяцыйная бяспека Катэгорыя:Экалогія Катэгорыя:Ядзерная энергетыка Катэгорыя:Сховішчы радыёактыўных адкідаў