Mellstroy (сапраўднае імя Андрэй Аляксандравіч Бурым; ) — беларускі стрымер, вядомы сваімі эпатажнымі ўчынкамі.

Біяграфія Нарадзіўся 15 снежня 1998 года ў Гомелі.

Пасля дзясятага класа паступіў у каледж, каб стаць аўтамеханікам, але неўзабаве пакінуў навучанне і стварыў канал на YouTube.

У 2016 годзе ён пачаў весці трансляцыі на YouTube, дзе тэлефанаваў дзяўчатам і прапаноўваў ім распрануцца на камеру, каб атрымаць папулярнасць.

У 2019 годзе ён пераехаў у Маскву і пачаў праводзіць вечарынкі ў маскоўскіх кватэрах. На стрымах людзі ўжывалі алкаголь і наркотыкі, Андрэй прапаноўваў дзяўчатам пераспаць з кімсьці з сяброў за грошы, біўся або мачыўся на людзей.

З 2020 года пачаў супрацоўнічаць з анлайн-казіно, нягледзячы на расійскія законы, рэкламаваць іх і праводзіць гульнявыя стрымы. За адзін такі стрым Бурым атрымліваў $16 тыс. Знаходзіцца ў вышуку за ўхіленне ад службы ў беларускай арміі.

19 кастрычніка 2020 года Mellstroy стаў вядомы тым, што да крыві збіў мадэль Алёну Яфрэмава падчас прамой трансляцыі маскоўскай вечарынкі на YouTube. Ён некалькі разоў ударыў яе галавой аб стол. За гэта яму было прызначана паўгода папраўчых работ і штраф.

У студзені 2023 года паляцеў у ААЭ. Улетку таго ж года пачаў плаціць стрымерам па некалькі мільёнаў рублёў за тое, што яны галілі галовы, падрывалі машыны або распраналіся дагала падчас стрыму (у тым ліку на платформе Twitch, дзе за такія паводзіны накладваецца бан).

Пасля апеляцыі кіраўніцы расійскай арганізацыі «Ліга бяспечнага інтэрнэту» Кацярыны Мізулінай стрымер быў назаўсёды забанены на YouTube, Twitch і Trovo за рэкламу казіно.

У лютым 2024 года паляцеў у Турцыю праз заведзеную на яго крымінальную справу.

20 сакавіка 2024 года разам з Моргенштернам правёў стрым на платформе Kick. Трансляцыю адначасова паглядзелі 720 тыс. чалавек, пабіўшы папярэдні рэкорд анлайн-стрымера Некоглая і стаўшы найбольш прагляданай анлайн-трансляцыяй у Расіі. Mellstroy прафінансаваў хуліганскую акцыю на стадыёне «Уэмблі» ў Лондане ў чэрвені 2024 года. За тое, што яго фанаты выбеглі на футбольнае поле падчас фіналу Лігі чэмпіёнаў УЕФА ў футболках з яго лагатыпам, ён паабяцаў па 350 тыс. еўра кожнаму.

Mellstroy як інтэрнэт-мем У сакавіку 2024 года з’явілася серыя мемаў з выявай стрымера, які танцуе пад песню Александры Стэн «Mr. Saxobeat». Гэта кароткія відэа з храмакеем, прыдатныя для накладання на іншыя відэа ў TikTok.

Ацэнкі дзейнасці Mellstroy характарызуецца яго крытыкамі як «трэш-стрымер», які здзяйсняе скандальныя дзеянні дзеля славы. Гледачы абвінавачваюць яго ў рэкламе анлайн-казіно і нявыплаце сродкаў падпісчыкам, якія выконваюць яго заданні. Некаторыя заданні абсурдныя або вельмі складаныя (напрыклад, сфатаграфавацца на вяршыні Эверэста ці на Месяцы, запісаць зварот з прэзідэнтам любой краіны).

Паводле яго ўласных сцвярджэнняў, Mellstroy зарабляе штомесяц дзясяткі мільёнаў расійскіх рублёў дзякуючы грашам, якія людзі прайграюць у рэкламуемых ім анлайн-казіно.

Разам з тым Андрэй Бурым закупіў спартыўны інвентар для 500 дзіцячых дамоў у Беларусі, але яго імя выдалілі з базы дабрачынцаў.

Украінскі «24 канал» апісаў Mellstroy як «аднаго з найбольш скандальных і эпатажных блогераў у Беларусі і Расіі, кантэнт якога арыентаваны на падлеткаў і моладзь».

Расійскі «Тинькофф Журнал» назваў Mellstroy «негатыўным інтэрнэт-персанажам», дзейнасць якога часткова нармалізуецца праз бяскрыўдныя мемы.

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Гомелі Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1998 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 15 снежня