Салечніцкае раённае самакіраванне (, да 1995 года — Сале́чніцкі раён) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (раённае самакіраванне) на паўднёвым усходзе Літоўскай Рэспублікі ў складзе Віленскага павета. Раён з’яўляецца памежным і з усходу, поўдня і паўднёвага захаду акружаны тэрыторыяй Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр — горад Салечнікі.

Салечніцкае раённае самакіраванне вызначаецца самай высокай доляй польскага насельніцтва сярод усіх адміністрацыйных адзінак краіны (больш за 76 %).

Геаграфія Салечніцкае раённае самакіраванне размешчана ў паўднёва-ўсходняй частцы Літвы і адносіцца да этнаграфічнага рэгіёна Дзукія. На поўначы і паўночным захадзе мяжуе з Аранскім, Троцкім і Віленскім раённымі самакіраваннямі Літвы. З астатніх бакоў тэрыторыя раённага самакіравання мяжуе з Гродзенскай вобласцю Беларусі (Астравецкі, Воранаўскі, Іўеўскі і Ашмянскі раёны), утвараючы характэрны геаграфічны выступ, вядомы як Дзевянішскі або Салечніцкі апендыкс.

Усходняя частка раённага самакіравання ляжыць на Ашмянскім узвышшы, дзе каля вёскі Каткушкі знаходзіцца найвышэйшы пункт раёна (265 метраў над узроўнем мора). Паўднёва-заходнюю частку займае Эйшышскае плато, а заходнюю — Паўднёва-Усходняя раўніна. Самае нізкае месца (122 метры над узроўнем мора) знаходзіцца на паўночным захадзе, у даліне ракі Мерачанка (Мяркіс). Тэрыторыя пераважна ўяўляе сабой марэнную раўніну. Праз раённае самакіраванне працякаюць рэкі Мерачанка з прытокам Сольча, а таксама Вака і Гаўя. Водная сістэма налічвае 8 азёр (найбуйнейшыя — Кернаўскае і Попіс) і шэраг сажалак.

Клімат кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня складае ад −6 да −10 °C, ліпеня — каля +17,5 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў дасягае 610—700 міліметраў. Снежнае покрыва звычайна трымаецца каля трох месяцаў. Значную частку тэрыторыі (каля 43,7 %) займаюць лясы, найбуйнейшым з якіх з’яўляецца Рудніцкая пушча. У лясным масіве пераважаюць хваёвыя (41 %), яловыя (20 %) і бярозавыя (18 %) дрэвастоі. Глебы пераважна пясчаныя і дзярнова-падзолістыя, з невысокай урадлівасцю.

Гісторыя Адміністрацыйная адзінка была ўтворана ў 1950 годзе пад назвай Эйшышскі раён з цэнтрам у горадзе Эйшышкі. Да 1953 года ён уваходзіў у склад Віленскай вобласці Літоўскай ССР. У 1962 годзе да яго была далучана тэрыторыя скасаванага Салечніцкага раёна (які існаваў як самастойная адзінка з 1950 года). У 1972 годзе адміністрацыйны цэнтр быў перанесены ў горад Салечнікі, а сам раён адпаведна перайменаваны ў Салечніцкі. У 1995 годзе ў межах рэформы мясцовага кіравання раён атрымаў статус раённага самакіравання ў складзе Віленскага павета.

З тэрыторыяй раёна звязана жыццё і дзейнасць многіх выбітных гістарычных асоб. У Салечніках неаднаразова бываў Адам Міцкевіч, у Яшунах гасцяваў Юльюш Славацкі і жыла сям’я вучоных Снядэцкіх. Тут праводзіў археалагічныя даследаванні літаратар Уладзіслаў Сыракомля, а таксама нарадзіўся вядомы спартсмен Уладзіслаў Казакевіч і дзейнічаў генерал Люцыян Жалігоўскі.

З-за свайго геаграфічнага становішча мяжа з Беларуссю ў гэтым месцы мае важнае ваенна-стратэгічнае значэнне ў абарончых планах краін НАТА. У красавіку 2017 года Міністэрства ўнутраных спраў Літвы праводзіла тут маштабныя вучэнні па барацьбе з дыверсійнымі групамі.

Адміністрацыйны падзел Прадстаўнічым органам улады з’яўляецца Савет самакіравання, які складаецца з 25 дэпутатаў, а выканаўчую ўладу ажыццяўляе адміністрацыя на чале з мэрам. Салечніцкае раённае самакіраванне падзяляецца на 13 старостваў. У складзе раённага самакіравання знаходзяцца тры гарады (Салечнікі, Эйшышкі, Белая Вака), тры мястэчкі (Дзевянішкі, Яшуны, Тургелі) і каля 450 вёсак і хутароў.

+ Адміністрацыйны падзел Салечніцкага раённага самакіравання Назва староства Адміністрацыйны цэнтр Плошча (км²) Насельніцтва (2021) Акмянскае Каменка 62,12 652 Белавацкае Белая Вака 89,83 1703 Бутрыманскае Бутрыманцы 95,58 1483 Гервішскае Гервішкі 164,30 1790 Дайнаўскае Дайнова 54,73 680 Дзевянішскае Дзевянішкі 165,33 1585 Калесніцкае Калеснікі 99,09 1638 Падборскае Падбор’е 242,34 1119 Пашконскае Пашкі 85,47 566 Салечніцкае Салечнікі 137,35 9533 Тургельскае Тургелі 118,87 1953 Эйшышскае Эйшышкі 69,47 3805 Яшунскае Яшуны 108,14 3545

Насельніцтва Дэмаграфічная сітуацыя ў раённым самакіраванні характарызуецца паступовым скарачэннем колькасці жыхароў і старэннем насельніцтва. Калі ў 1959 годзе тут пражывала каля 43,6 тысячы чалавек, то да 2001 года гэты паказчык знізіўся да 39,2 тысячы, а паводле перапісу 2021 года насельніцтва склала крыху больш за 30 тысяч чалавек. Назіраецца гендарная дыспрапорцыя з перавагай жанчын, асабліва ў старэйшых узроставых групах. Дадатковай праблемай з’яўляецца высокі ўзровень беспрацоўя і адзін з самых высокіх у Еўропе паказчыкаў самагубстваў.

Нацыянальны склад Салечніцкае раённае самакіраванне вылучаецца ўнікальным нацыянальным складам. Гэта адно з двух самакіраванняў Літвы (разам з Віленскім раёнам), дзе абсалютную большасць складаюць этнічныя палякі. З пункту гледжання рэлігіі большасць жыхароў вызнае каталіцтва (86,2 %), меншасць — праваслаўе (4,1 %) і стараабрадніцтва (0,3 %).

+ Нацыянальны склад насельніцтва(%) Нацыянальнасць 2001 2011 2021 Палякі 79,48 77,75 76,31 Літоўцы 10,40 10,84 12,61 Рускія 4,96 5,38 5,05 Беларусы 2,90 3,36 2,85 Украінцы 0,64 0,65 0,58 Іншыя / не ўказалі 1,62 2,02 2,60

Моўная сітуацыя Раённае самакіраванне вылучаецца спецыфічнай моўнай сітуацыяй і шматмоўем. Большасць насельніцтва з’яўляецца каталікамі і лічыць сябе палякамі, аднак у паўсядзённым жыцці значная частка жыхароў выкарыстоўвае мясцовую беларускую гаворку, якую самі носьбіты часта называюць «па-просту» (ці «простай мовай»). Гэты пераходны дыялект мае моцна спаланізаваны лексічны характар і ўключае ў сябе шматлікія элементы як літаратурнай беларускай, так і польскай, а таксама літоўскай моў. У розны час даследаваннем беларускіх гаворак раёна і пытаннямі білінгвізму займаліся такія мовазнаўцы, як Галіна Турская, Валерый Чэкман, Мікалай Савіч, Лілія Плыгаўка.

Паводле даследаванняў польскага славіста Мірослава Янковяка (2008—2025 гг.), беларускія гаворкі Салечніцкага раёна паступова выцясняюцца польскай мовай, якая дамінуе ў касцёле і адукацыі, а таксама рускай і літоўскай. Янковяк вылучае некалькі арэалаў у раёне. Першы — паласа ад Калеснікаў да Салечнікаў, якая гістарычна з’яўляецца двухмоўнай, дзе мясцовая гаворка ўжываецца ў сям’і, а польская выкарыстоўваецца як афіцыйная. Сёння беларуская гаворка тут фіксуецца ў старэйшага пакалення ў такіх вёсках, як Даўгіданцы, Калітанцы, Гервішкі, Канюхі. Другі арэал — Дзевянішскі выступ, гістарычна балцкі рэгіён, які пасля 1945 года зазнаў прыток славянскага насельніцтва. Нягледзячы на больш шырокае ўжыванне літоўскай мовы, у шэрагу паселішчаў (Дойліды, Нарвілішкі, Нараўляны, Рудня, Мількуны, Качаны, Кракуны) фіксуецца і беларуская гаворка. Трэцяя тэрыторыя ад Салечнікаў да Тургеляў лічыцца зонай найбольш распаўсюджанага бытавання беларускіх гаворак у рэгіёне. Даследчыку ўдалося запісаць беларускую мову ў Вялікіх Багушах, Каменцы, Валакініках, Галябшчыне, Тургелях, Табарышках і Юшках.

Літоўская даследчыца Ніёле Туомене адзначае, што паўднёвааўкштайцкі дыялект літоўскай мовы ў рэгіёне (у такіх пунктах як Салечнікі, Канюхі, Яшуны, Эйшышкі, Бутрыманцы і інш.) паступова знікае пад моцным уплывам беларускай «простай мовы». Гэты працэс суправаджаецца інтэнсіўнай інтэрферэнцыяй на марфалагічным узроўні: змешваннем родаў назоўнікаў і дзеяслоўных прэфіксаў, а таксама выкарыстаннем гістарычных форм дзеясловаў, якія з’яўляюцца калькамі з беларускай мовы (напрыклад, ужыванне формы «būdavo» па аналогіі з беларускім «бывала»).

Эканоміка і інфраструктура Эканоміка раёна мае пераважна аграрны характар. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў раней дасягала больш за 66 тысяч гектараў, дзе традыцыйна вырошчваюцца збожжавыя культуры і бульба, а таксама развіваецца жывёлагадоўля (буйная рагатая жывёла і свінагадоўля). З-за нізкай урадлівасці пясчаных глеб частка зямель пераведзена ў стан аблогі. Прамысловасць прадстаўлена невялікімі прадпрыемствамі па перапрацоўцы мясцовай сыравіны і абслугоўванні сельскай гаспадаркі, размешчанымі галоўным чынам у Салечніках, Эйшышках, Яшунах і Белай Вацы. Развіваецца экалагічнае земляробства.

Праз тэрыторыю раёна праходзяць важныя транспартныя калідоры, у тым ліку аўтамабільная дарога A15 (якая з’яўляецца часткай еўрапейскага маршруту E85) па кірунку Вільня — Салечнікі — Ліда, а таксама чыгуначная лінія Вільня — Ліда. На мяжы з Беларуссю функцыянуюць аўтамабільныя пункты пропуску Салечнікі, Эйшышкі і Кракуны, а таксама чыгуначны пункт пропуску Стасілы.

Культура і турызм У раёне працуе шырокая сетка адукацыйных і культурных устаноў: гімназіі, асноўныя школы (навучанне вядзецца на трох мовах), музычныя школы, цэнтры культуры і бібліятэкі. Сярод насельніцтва папулярныя мясцовыя фальклорныя ансамблі, сярод якіх найбольш вядомыя «Салечнікі», «Эйшышчане» і «Тургелянка». Штогод праводзяцца міжнародныя культурныя мерапрыемствы, у тым ліку паэтычны фестываль «Май над Віліяй».

Рэгіён валодае значным турыстычным патэнцыялам. Сярод галоўных гістарычных славутасцей вылучаюцца сядзібна-паркавы комплекс Вагнераў у Салечніках, палац Балінскіх у Яшунах, гістарычная забудова мястэчка Дзевянішкі, руіны сядзібы Паўлаўскай рэспублікі і будынак былога кляштара ў Нарвілішках.

Крыніцы

Спасылкі

Афіцыйны сайт Салечніцкага раённага самакіравання

Катэгорыя:Салечніцкі раён Катэгорыя:Раёны Літвы Катэгорыя:Віленскі павет Катэгорыя:З'явіліся ў 1950 годзе