Міхаі́л Трафі́мавіч Качано́ўскі (, Харкаў — , Масква) — рускі гісторык, перакладчык, літаратурны крытык, рэдактар-выдавец часопіса «Вестник Европы» (1805—1830), рэктар Маскоўскага ўніверсітэта, родапачынальнік «скептычнай школы» ў дасавецкай гістарыяграфіі Расіі; акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук (з 1841 года).

Біяграфія Нарадзіўся ў небагатай мяшчанскай сям'і гандляра віном, грэка Качоні, якая перасялілася з Балаклавы ў Харкаў. У 1788 годзе скончыў Харкаўскі калегіум; затым служыў ураднікам Кацярынаслаўскага казацкага апалчэння, а з 1793 года — канцылярыстам Харкаўскага губернскага магістрата. У 1795 годзе быў прызначаны сяржантам у Таўрычаскі грэнадзёрскі полк, адкуль 26 сакавіка 1796 года быў пераведзены ў Маскву — у Яраслаўскі пяхотны полк, дзе 10 снежня 1798 года стаў палкавым кватэрмайстрам. Патрапіў пад суд па абвінавачанні ў нястачы казённага пораху, але быў апраўданы.

У 1801 годзе па прашэнні выйшаў у адстаўку і паступіў на службу бібліятэкарам да графа А. К. Разумоўскага, у якога пасля быў кіраўніком канцылярыі (старэйшым пісьмаводам), калі той пачаў выконваць абавязкі папячыцеля Маскоўскай навучальнай акругі (1807—1810).

У 1805 годзе па прапанове М. М. Мураўёва Качаноўскі атрымаў без іспытаў ступень доктара філасофіі і свабодных навук і быў прызначаны выкладчыкам рыторыкі і расійскай мовы ва ўніверсітэцкай гімназіі. У 1806 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі і прыгожых мастацтваў, у 1808 годзе — пасаду ад'юнкта ў Маскоўскім універсітэце. Першапачаткова чытаў рыторыку, вялікую ўвагу надаваў пытанням гісторыі рускай мовы.

З 1810 года — экстраардынарны, а з 1811 года — ардынарны прафесар Маскоўскага ўніверсітэта па кафедры тэорыі прыгожых мастацтваў і археалогіі. З 2 лістапада 1821 года па 1835 год ён загадваў кафедрай гісторыі, статыстыкі і геаграфіі Расійскай дзяржавы, адначасова ў 1830—1831 гадах займаў пасаду прафесара кафедры красамоўства, вершаскладання і мовы расійскай. У чэрвені 1835 года ён быў удастоены звання заслужанага прафесара Маскоўскага ўніверсітэта па кафедры гісторыі і літаратуры славянскіх гаворак, якую займаў да канца жыцця. З 1836 года М. Т. Качаноўскі выкладаў расійскую гісторыю і статыстыку. Таксама ён выкладаў у Маскоўскім дваранскім інстытуце тэорыю прыгожых мастацтваў, дыпламатыю і палітычную гісторыю.

Выкладчыцкую дзейнасць сумяшчаў з адміністрацыйнай. З'яўляўся членам Вучылішчнага савета (1816—1820 і 1821—1829), начальнікам універсітэцкай друкарні (1815—1816), членам Праўлення ўніверсітэцкага Высакароднага пансіёна (1819—1825), дэканам славеснага аддзялення (1813—1815 і 1834—1836). Таксама ў 1830—1835 гадах быў дырэктарам Галоўнага педагагічнага інстытута. З 1837 года і да сваёй смерці ў 1842 годзе — рэктар Маскоўскага ўніверсітэта.

У 1841 годзе быў абраны правадзейным членам Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук па аддзяленні рускай мовы і славеснасці. З'яўляўся членам Маскоўскага цэнзурнага камітэта. Сярод яго ўзнагарод ордэны Святога Уладзіміра (4-й ст. — 1817, 3-й ст. — 1838) і Святой Ганны (2-й ст. — 1831 і 1834).

Пахаваны ў Маскве на Міускіх могілках.

Навуковая, літаратурная і педагагічная дзейнасць Да 1805 года М. Т. Качаноўскі публікаваў у часопісе «Іпакрэна» (1799—1801) пераклады твораў замежных аўтараў і ўласныя празаічныя і паэтычныя творы, а з 1805 года стаў рэдактарам-выдаўцом часопіса «Вестник Европы», які выпускаў з перапынкамі ў 1808—1809 і 1813—1814 гадах ажно да яго закрыцця ў 1830 годзе.

З'яўляючыся заснавальнікам так званага «скептычнага кірунку» рускай гістарыяграфіі, Качаноўскі лічыў, што для навукі няма нічога больш прыстойнага, чым скептыцызм, — не павярхоўны і легкадумны, але заснаваны на параўнанні тэкстаў, на крытыцы сведчанняў. Даследуйце, сумнявайцеся, тлумачце самі, калі маеце дастаткова мужнасці; бо няма неабходнай патрэбы верыць усяму, нават у гісторыі Ромула.

Ён патрабаваў абавязковага параўнальнага вывучэння рускай гісторыі з агульнай, заклікаў улічваць агульны ход палітычнага і грамадзянскага развіцця ў Еўропе, крытычна ацэньваць унутраныя і знешнія гістарычныя і геаграфічныя звесткі старажытнасці. Даследчык пісаў: Народы любяць асвячаць сваё маленства звышнатуральнымі здарэннямі, чароўнымі пасрэдніцтвамі або нават аднымі толькі ўспамінамі пра доблесць і славу продкаў, якімі быццам узвялічваецца лёс айчыны…

Успамінаючы свае студэнцкія гады, І. А. Ганчароў адзначаў, што Качаноўскі трываць не мог ніякіх міфаў у гісторыі і пачынаў лекцыі па рускай гісторыі з Уладзіміра, папярэдзіўшы нас, што ён не стане паўтараць баек, якія мы чулі ў школе, напрыклад, аб арыгінальнай помсце Вольгі за смерць Ігара, змяі, якая ўджаліла Алега, аб скураных грашах... Ён адвяргаў таксама сапраўднасць «Слова аб палку Ігаравым», лічачы яго пазнейшай падробкай, здаецца XIV стагоддзя, пра што аднойчы ўступіў у гарачую спрэчку з Пушкіным, якога прывёз на лекцыю Увараў.Московский университет в воспоминаниях современников. — М., 1956. — С. 80.

Услед за А. Л. Шлёцэрам Качаноўскі лічыў, што старажытная Русь не ведала ні пісьменства, ні гандлю і грашовых знакаў; але ён пайшоў значна далей за свайго папярэдніка. Свае арыгінальныя развагі ён грунтаваў на меркаванні, што грашовыя знакі, якія згадваюцца ў старажытных юрыдычных і гістарычных помніках («Руская Праўда» і «Летапіс»), перайшлі на Русь толькі ў XIII стагоддзі ад больш цывілізаванай Ганзы («Пра скураныя грошы»), і, зыходзячы з гэтага, лічыў, што і самі крыніцы, якія ўжываюць гэтую грашовую сістэму, былі складзены не раней за XIII стагоддзе. Навуковую памылковасць гэтых высноў пазней абверглі М. П. Пагодзін і П. Р. БуткоўСкептычная пазіцыя Качаноўскага адбілася на яго становішчы ва ўніверсітэце: пры ўвядзенні новага статута ў 1835 годзе Качаноўскі быў пераведзены на кафедру славянскіх гаворак, а кафедру рускай гісторыі атрымаў Пагодзін..

Сярод найбольш вядомых прац М. Т. Качаноўскага: «Паралельныя месцы ў рускім летапісе», «Пра крыніцы па рускай гісторыі», «Нестар. Летапісец на стараславянскай мове», а таксама «Вучэбная кніжка старажытнай грэчаскай мовы» (1807, 1809, 1816 і 1822).

Некаторыя сучаснікі лічылі лекцыі Качаноўскага сухімі і манатоннымі — захавалася эпіграма Ф. І. Цютчава, які быў яго студэнтам, «Харон і Качаноўскі», па сюжэце якой Харон здзіўляецца, што Качаноўскі прыбыў са свету жывых, лічачы, што яму даўно належала б таміцца ў замагільным свеце. Іншыя, наадварот, захапляліся імі: Гэта былі сапраўды прафесарскія лекцыі. Качаноўскі тлумачыў ідэю прыгажосці і яе гістарычнае развіццё, знаёміў сваіх слухачоў з манументальнымі творамі, часам супастаўляў іх з некаторымі помнікамі старажытнага рускага мастацтва, знаёміў таксама з рознымі школамі жывапісу, лепкі і дойлідства і пры гэтым уносіў элемент філасофскай крытыкі, як, пасля, унёс крытычны элемент у старажытную рускую гісторыю…Барсуков Н. П. Жизнь и труды М. П. Погодина. Кн. 1. — М., 1888. — С. 38.

У грамадскай гісторыі М. Т. Качаноўскі запомніўся сучаснікам удзелам у вядомай спрэчцы «пра лазневы будынак» у 1810—1812 гадах. Паводле С. М. Запрудскага (2020, с. 46--48), сярод іншага ў гэтай дыскусіі ён выказаў думкі, датычныя розных рэдакцый Статута ВКЛ. М. Качаноўскі быў не знаёмы з працай Т. Чацкага пачатку стагоддзя, свае высновы ён будаваў на віленскім польскамоўным выданні Статута 1786 г. З гэтага выдання, паводле рэдактара «Вестника Европы», вынікала, што ўпершыню Статут быў надрукаваны ў 1588 г. у Кракаве, што кароль Жыгімонт загадаў выдаць яго на польскай і на рускай мовах. М. Качаноўскі не валодаў звесткамі пра тое, што Л. Сапега адсылаў чытачоў да старой рушчыны; рэдактару «Вестника Европы» няясна было, з рускай на польскую ці з польскай на рускую быў перакладзены Статут. М. Качаноўскаму даводзілася бачыць Статут на рускай мове, але, на яго думку, гэты помнік «не мог быць вельмі старажытнага друку ў адносінах да выдадзенага на польскай мове ў шаснаццатым стагоддзі». Каментары М. Качаноўскага наконт мовы (моў) Статута былі недастаткова кампетэнтнымі. Ён нічога не ведаў пра першую і другую рэдакцыі Статута 1529 і 1566 гг., не ведаў і пра тое, што рэдактар Статута Леў Сапега пры яго зацвярджэнні на Варшаўскім сойме гаварыў аб тым, што «не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем». М. Качаноўскаму таксама было невядома, што арыгінальным быў беларускі тэкст, што польскі пераклад Статута ўпершыню быў надрукаваны толькі ў 1614 г.

У 1811 г. М. Качаноўскі апублікаваў вельмі папулярны ў свой час артыкул "Погляд на поспехі расійскага красамоўства ў першай палове мінулага стагоддзя" (па 1822 г. быў перадрукаваны яшчэ тры разы), які сярод іншага меў вялікае значэнне для ініцыявання зацікаўлення беларускай мовай. Услед за М. Качаноўскім у 1813--1822 гг. В. Сопікаў, Я. Балхавіцінаў, С. Б. Ліндэ, К. Калайдовіч, М. Грэч таксама напісалі пра гістарычную пісьмовую ўсходнеславянскую мову, у якой выразна заўважаліся царкоўнаславянскія, беларуска-ўкраінскія і польскія элементы. На адрозненне ад Качаноўскага, гэтыя аўтары ўжо мелі для гэтай мовы назву: "беларуская".

У 1816 г. ў часопісе «Вестник Европы» М. Качаноўскі надрукаваў у сваім перакладзе фрагменты артыкула С. Б. Ліндэ «Аб славянска-расійскай літаратуры», пры гэтым ён сутыкнуўся са  спецыфічнай праблемай. Як трэба было перакласці ўжываны Ліндэ ў дачыненні да статутаў ВКЛ, мовы Ф. Скарыны, а таксама мовы Ягелонаў польскі выраз “język ruski” на тагачасную рускую мову? М. Качаноўскі, «каб не змешваць з нашай рускай», ужыў тэрмін “руськая мова” (руськой язык) і патлумачыў, што на "руськай мове" гавораць жыхары Мінскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў. У выніку выраз “руськая мова” здабыў папулярнасць і ўжываўся некалькі дзесяцігоддзяў у шэрагу аўтараў.

У літаратурным жыцці Качаноўскі вёў актыўную барацьбу з таварыствам «Арзамас». Аляксандр Пушкін, як удзельнік гэтага таварыства, прысвяціў Качаноўскаму некалькі з'едлівых эпіграм: «Бяссмертнай рукой раздушаны заіл…» (руск.: Бессмертною рукой раздавленный зоил…), «Хаўроніяс! лаяльнік закаснелы…» (руск.: Хаврониос! ругатель закоснелый…), «Паклёпнік без даравання…» (руск.: Клеветник без дарованья…) і «Жывы, жывы Курылка!» (руск.: Жив, жив Курилка!).

Творы Каченовский М. Т. Два письма М. Т. Каченовского к Н. И. Гнедичу // Русский архив, 1868. — Изд. 2-е. — М., 1869. — Стб. 970—972.

Крыніцы

Літаратура Барсуков Н. П. М. Т. Каченовский (послужной список) // Русская старина. 1889. № 10.

Евдошенко Ю.В. М. Т. Каченовский в общественно-идейной жизни России первой трети XIX в. : автореферат дис. ... кандидата исторических наук : 07.00.02. — Москва, 2001. — 24 с. Зеленов М. В. М. Т. Каченовский // Историки России XVIII—XX вв. М., 1995. Вып. 1. Иконников В. С. Скептическая школа в русской историографии и её противники. К., 1871. Каченовский В. М. М. Т. Каченовский // Русская старина. 1890. № 6.

Умбрашко К. Б. М. Т. Каченовский и «скептическая школа» об особенностях истории России. Новосиб., 2001.

Спасылкі

Катэгорыя:Нарадзіліся 12 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1775 годзе Катэгорыя:Памерлі 1 мая Катэгорыя:Памерлі ў 1842 годзе Катэгорыя:Выпускнікі Харкаўскага калегіума Катэгорыя:Даследчыкі Слова пра паход Ігараў Катэгорыя:Рэктары і дырэктары Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Члены Акадэміі Расійскай Катэгорыя:Цэнзары Расіі Катэгорыя:Пахаваныя на Міускіх могілках Катэгорыя:Спецыялісты па гісторыі Расіі Катэгорыя:Антынарманісты