Каардына́цыя ( «разам» + «размяшчэнне па парадку») — фармальнае ўзаемнае падпарадкаванне дзейніка і выказніка.

Формы роду і ліку выказніка залежаць ад выражэння дзейніка і ад яго дадатковых семантычных адценняў.

Множны лік выказніка Выказнік мае форму толькі множнага ліку, калі дзейнік выражаны: колькасна-іменным спалучэннем, у складзе якога ёсць азначэнні або словы усе, гэтыя (дзве дзявочыя постаці, усе тры дзяўчыны, гэтыя два хлопцы і падобнае): Раптам за ракою загарэліся тры сінія ракеты (М. Лупсякоў); спалучэннем назоўніка (займенніка) у форме назоўнага склону і назоўніка ў форме творнага склону з прыназоўнікам з (дзед з бабуляю, маці з дзецьмі, я з сябрам і падобнае): Сцепаніда з Петраком па старадаўнім звычаі пайшлі ў хлеў (В. Быкаў).

Выказнікі могуць мець форму множнага ліку пры дзейніках са значэннем асобы, а таксама ў тых выпадках, калі падкрэсліваецца актыўнасць дзеяння: Тут раслі, нахіліўшыся, некалькі алешын (К. Кірэенка); Некалькі чалавек запальвалі шнуры… (І. Мележ).

Адзіночны лік выказніка Выказнік мае форму толькі адзіночнага ліку, калі дзейнік выражаны: колькасна-іменным спалучэннем са словамі усяго, толькі (усяго два кіламетры, толькі трое студэнтаў і падобнае): Да вёскі па лузе было ўсяго два кіламетры; На заняткі з’явілася толькі трое вучняў; колькасна-іменным спалучэннем са словамі мінут, хвілін, гадзін, дзён, тыдняў і г.д.: На гэта ішло два-тры гады (У. Арлоў); спалучэннем назоўнікаў, адзін з якіх мае колькаснае значэнне (двойка, пара, тройка, дзясятак, сотня і падобнае): На яе роўнядзі, як два апалыя лісты, плавала пара дзікіх качак (І. Пташнікаў); спалучэннем адмоўнага або няпэўнага займенніка з назоўнікам (займеннікам) ускоснага склону з прыназоўнікам з: Хтосьці з дзяцей пабег адчыняць; Ніхто з іх не ведаў, дзе вораг, колькі яго.

Выказнік, як правіла, мае форму адзіночнага ліку, калі дзейнік выражаны: спалучэннем уласнаколькаснага або зборнага лічэбніка з назоўнікам (займеннікам) (тры дні, двое вучняў і падобнае): Да першага верасня заставалася тры дні (У. Шахавец); спалучэннем назоўніка няпэўна-колькаснага значэння з назоўнікам роднага склону множнага ліку (група партызан, большасць студэнтаў, частка вучняў і падобнае): Група партызан… пабывала ў сувязнога… (І. Сіняўскі); спалучэннем няпэўна-колькасных слоў з назоўнікам (займеннікам) роднага склону множнага ліку (шмат дзён, колькі хваляванняў, некалькі азёр і падобнае): На гэтыя трывожныя крыкі зляцелася шмат сініц… (З. Бяспалы).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Сінтаксіс