Вінцэ́нт-Канстанці́н Каліноўскі, у беларускай традыцыі Касту́сь КаліноўскіПамяншальная форма імя, часта ўжываная савецкай і беларускай гістарыяграфіяй. (; ) — беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў на землях Беларусі і Літвы.
Біяграфія
Дзяцінства і юнацтва Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета, цяпер у Падляскім ваяводстве Польшчы, у сям’і беззямельнага шляхціца.
Род Каліноўскіх герба «Калінава» вядомы з XVII ст. Продкі Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава. Пасля продажу маёнтка ў 1835 годзе бацька Вінцэнта-Канстанціна заснаваў у Мастаўлянах ткацкую фабрыку, у 1849 годзе купіў фальварак Якушоўка паблізу мястэчка Свіслач Ваўкавыскага павета, дзе і прайшло дзяцінства Вінцэнта-Канстанціна.
У 1847—1852 гадах будучы рэвалюцыянер атрымаў першапачатковую адукацыю ў Свіслацкім павятовым вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаў па гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаўся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Канстанціна Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследаваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
Рэвалюцыйная дзейнасць У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на камеральныя навукі. На працягу навучання ва ўніверсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.
Неўзабаве пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 годзе Каліноўскі вярнуўся на радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян і агітаваў іх да паўстання.
Паводле сваіх ідэйных перакананняў Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.
Улетку 1862 года Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам, Станіславам Сільвестровічам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай газеты на сучаснай беларускай мове. Усяго той газеты выйшла сем нумароў. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Кіраванне паўстаннем
У 1862 г. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) — цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края (цяпер — тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі). А ўвосень таго ж года стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты напрамак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
года ўзначаліў створаны замест ЛПК Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя памешчыкі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гродзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.
Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гродзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялян. Іншыя гісторыкі лічаць, што прычынай гэтага была найбольш высокая доля ў гэтым рэгіёне польскага насельніцтва. На ўсходзе сялянства ў асноўным не падтрымала паўстання і нават былі створаны сялянскія атрады для барацьбы з паўстанцамі.
У чэрвені 1863 года праз поспехі царскіх войскаў і масавыя арышты паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус. Там ён увайшоў у Выканаўчы аддзел Літвы, які ўзначаліў пасля арышту Старшыні камітэта Якуба Гейштара, фактычна стаўшы і галоўным кіраўніком паўстання. Цікава, што ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы ўзначальваў Юзаф Каліноўскі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага, які пазней быў абвешчаны святым (св. Рафал). Па меркаваннях некаторых даследчыкаў і краязнаўцаў Юзаф Каліноўскі даводзіўся сваяком Кастусю Каліноўскаму. У Вільні Кастусь Каліноўскі зноў бярэ цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. Спрабуючы рэанімаваць паўстанне, Кастусь выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак было позна. Паўстанне на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края ўжо было ў асноўным падаўлена. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разбітыя царскімі атрадамі пры дапамозе часткі беларускіх сялян.
Арышт і пакаранне З восені 1863 г. К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 года схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Св. Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.
Падчас следства і суду Кастусь Каліноўскі цвёрда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. Даўшы паказанні па сваёй уласнай дзейнасці, ён адмовіўся даваць інфармацыю па іншых асобах, якія цікавілі следчую камісію, матывуючы гэта так: «…грамадская адкрытасць з’яўляецца станоўчай рысай асобы, але шпіёнства апаганьвае чалавека… мае паказанні па [іншых] асобах… не могуць спрыяць замірэнню краю… …усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху.»Паказанні К. Каліноўскага ў следчай камісіі 26.2.1864 ст.ст.… // К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия/Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. ISBN 5-338-00024-5. C.77—85.
Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні. Таемна пахаваны на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні, побач з іншымі лідарамі і ўдзельнікамі паўстання, забітымі на загад расійскай акупацыйнай улады. Усе магілы былі зроўнены з зямлёй.
Запавет
З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»: <blockquote>«…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.Твой слугаЯська-гаспадар з-пад Вільні»</blockquote>
У кастрычніку 1862 года падчас канфліктаў з палякамі паўстаў нумар «Мужыцкай праўды», які аднак з нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт з’яўляецца ўнікальным і вылучаецца з усёй серыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхняя краіна і якую назву мае тутэйшы народГерасімчык В. Ненадрукаваны нумар «Мужыцкай праўды» // «Народная Воля», 19 чэрвеня 2018 г.Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна, 2018.: Вы, Дзецюкі, пэўне, не ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля на якой нашы бацькі жылі <…> Зямля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы.
Ацэнкі
Кастусь Каліноўскі — адзін з самых вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў свеце С. 33. Кастусь Каліноўскі лічыцца нацыянальным героем Беларусі, хоць нацыянальная яго прыналежнасць аспрэчваецца ў розных гістарыяграфіях (польскай, беларускай, літоўскай).
У польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання, а асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюцца як польскія або «краёвыя»Смалянчук. Спадчына #2, 1998..
У беларускай гістарыяграфіі, на момант 2000-х гг., ступень навуковай распрацоўкі тэмы паўстання і асобы Каліноўскага па-ранейшаму характарызуюцца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасціКарев Д. В. Восстания 1830—1831 гг. и 1863—1864 гг. в белорусской историографии конца XIX—XX вв. // Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг. / сост. Т. Ю. Афанасьева [и др.]; под ред. Д. В. Карева. — Брест : Академия, 2006. — 404 с. — С. 3—16. — ISBN 985-505-025-8.
Рэвалюцыйная дзейнасць Каліноўскага ацэньваецца, між іншым, як звышрадыкальнаяГронский. Кастусь Калиновский: конструирование героя….
Галоўны рэдактар «Беларускай думкі», заходнерусіст Вадзім Гігін лічыць, што Каліноўскі не можа быць нацыянальным героем Беларусі, і што легенду стварылі бальшавікі, якім быў патрэбны беларускі сялянскі герой.
Палітык Зянон Пазняк гаворыць, што Каліноўскі — гэта чалавек, які сцвердзіў беларускую нацыю. Уся шляхта, якая змагалася за свабоду, змагалася за свабоду Рэчы Паспалітай. У іх не было нацыянальнай ідэі, яны змагаліся на польскай мове. Каліноўскі адлюстраваў нацыянальную ідэю для інтэлігенцыі, якая за мову і за адраджэнне Беларусі. На яго думку, без Каліноўскага ўсяго гэтага магло б і не быць.
Гісторык і палітык Ігар Марзалюк, сказаў пра Каліноўскага, што ён патрыёт і грамадзянін трох сучасных народаў. Для кагосьці ён «польскі Рабесп’ер», для кагосьці ён — пачынальнік беларускага каталіцкага руху, для кагосьці — проста беларускі патрыёт, а для кагосьці — грамадзянін гістарычнай Літвы.
Гісторык Алесь Краўцэвіч адзначыў, што гэта адзіная асоба, адзіны сапраўды нацыянальны герой, які прысутнічае ў масавай свядомасці Беларусі. Незалежна ад узросту, поглядаў, палітычных перакананняў. Гэта адзіны герой, які дастаўся незалежнай Беларусі ў спадчыну ад савецкай Беларусіbelsat.eu.
Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка падкрэсліў знакавасць таго, што паролем пастаўнцаў Каліноўскага было: «Каго любіш? Люблю Беларусь». Ён сказаў, што гэта асоба назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі.
Паводле даследавання Беларускага інстытута публічнай гісторыі «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі» (2024), пасля 2020 года з некаторых новых выданняў падручнікаў па гісторыі Беларусі прыбралі партрэт Кастуся Каліноўскага, які быў у падручніках нават у часы БССР, а таксама найменне паўстання 1863—1863 гадоў як «паўстання Кастуся Каліноўскага», што было ў ранейшых выданнях. Таксама з некаторых новых выданняў падручнікаў прыбралі згадкі газеты «Мужыцкая праўда» і «Лістоў з-пад шыбеніцы».
Вобраз у мастацтве «Кастусь Каліноўскі» — верш (Алесь Дудар) «Кастусь Каліноўскі» — паэма (Анатоль Вольны) «Кастусь Каліноўскі» — верш (Юрка Лявонны) «Смерць Кастуся Каліноўскага» — паэма (Міхась Машара) «Каліноўскі» — паэма (Максім Танк) «Кастусь Каліноўскі» — героіка-прыгодніцкі фільм 1928 года «Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» — (А. Мальдзіс) «Каласы пад сярпом тваім» — раман (У. Караткевіч) «Кастусь Каліноўскі» — аповесць (А. І. Якімовіч) «Кастусь Каліноўскі» — п’еса (У. Караткевіч)