Варня́ны (, ) — аграгарадок у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Варнянскага сельсавета. Насельніцтва 1341 чал. (2014).

Геагрфія Знаходзіцца з 14 км на поўнач ад Астраўца, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Гудагай. Адлегласць да Гродна 266 км.

Назва

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Варняны датуецца 1391 годам. Пад 1397 годам яны згадваюцца ў ліку паселішчаў, якія Ягайла перадаў Віленскаму капітулу. У 1462 годзе Марыя Сангайлава заснавала тут касцёл. У пачатку XVI стагоддзя маёнткам валодалі Пронскія і Свірскія. Апошнія збудавалі тут новы касцёл. У першай палове XVI стагоддзя часткай Варнянаў валодалі Чыжы (Чыжэвічы), у канцы XVI стагоддзя маёнтак перайшоў у валоданне Абрамовічаў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Варняны ўвайшлі ў склад Віленскага павета Віленскага ваяводства. У канцы XVI стагоддзя ваявода смаленскі Ян Абрамовіч заснаваў тут кальвінскі збор, пры якім да 1654 года дзейнічалі шпіталь і школа. У 1688 годзе Варняны атрымалі статус мястэчка. У другой палове XVIII стагоддзя адбылася рэканструкцыя цэнтральнай часткі паселішча на аснове рэгулярнай ансамблевай забудовы. Аўтарам праекту стаў віленскі архітэктар Аўгуст Касакоўскі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варняны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні. У 1880-я гады ў мястэчку было 24 будынкі, касцёл, малітоўны дом, школа, прытулак, 18 крамаў, карчма; праводзіліся штотыднёвыя таргі і 12 рэгулярных кірмашоў. Пры маёнтку працавалі млын, цагельня, бровар. У другой палове XIX — першай палове XX стагоддзяў Варняны знаходзіліся ў валоданні Снядэцкіх і Хамінскіх.

У Першую сусветную вайну ў 1915 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі. Цягам 1919—1920 гадоў у Варняны ўваходзілі польскія войскі, бальшавікі. У 1920 годзе мястэчка апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.

У 1939 годзе Варняны ўвайшлі ў БССР, дзе з 1940 года сталі цэнтрам сельсавета Астравецкага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 25 снежня 1962 года да 6 студзеня 1965 года Варнянскі сельсавет уваходзіў у склад Ашмянскага раёна.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1885 год — каля 250 чал. XX стагоддзе: 1970 год — 1284 чал., 341 двор; 1992 год — 1310 чал., 445 двароў. XXI стагоддзе: 2014 год — 1341 чал.

Інфраструктура У Варнянах працуюць сярэдняя школа, амбулаторыя, клуб.

Эканоміка Цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства «Варняны».

Славутасці Гістарычная забудова (канец XVIII — першая палова XX стст.; фрагменты) Касцёл Святога Юрыя (1767—1769) Сядзіба Абрамовічаў (XIX ст.) Могілкі: старыя каталіцкія; ваенныя часоў Першай сусветнай вайны; польскіх салдат, якія загінулі ў 1920 годзе

Страчаная спадчына Палац Абрамовічаў (XVIII ст.)

Вядомыя асобы Доў Пінхас Каплановіч (1880—1932) — яўрэйскі пісьменнік Сяргей Петрушэўскі (нар. 1970) — беларускі футбаліст, трэнер. Алесь Юркойць (нар. 1971) — беларускі краязнавец і грамадскі дзеяч.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Варнянскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Астравецкага раёна

Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства