Аргенцінская кухня — сукупнасць традыцыйных страў Аргенціны. Адрозніваецца значным уплывам еўрапейскай кухні, спалучае рысы італьянскай і іспанскай кухні, індзейскіх страў, афрыканскай і крэольскай кухні.

Кухня розных рэгіёнаў Аргенціны

Улічваючы гастранамічныя перавагі насельніцтва, тэрыторыю Аргенціны можна падзяліць на чатыры часткі: паўночны захад (правінцыі Сальта, Жужуй, Тукуман, Ла-Рыёха); паўночны ўсход (правінцыі Карыентэс, Чака, Місьёнес, Фармоса, значная частка Энтрэ-Рыас, поўнач Санта-Фэ, усход Сант’яга-дэль-Эстэра); цэнтр (правінцыі Буэнас-Айрэс, Кордава, цэнтр і поўдзень Санта-Фэ, Ла-Пампа, частка Энтрэ-Рыас); поўдзень (правінцыі Неўкен, Рыа-Негра, Чубут, Санта-Крус, Вогненная Зямля).

Паўночны захад

Паўночна-заходняя частка Аргенціны была менш схільная да ўплыву эмігрантаў, таму яна захавала старажытныя даіспанскія традыцыі. Менавіта таму ў рацыёне да гэтага часу граюць значную ролю традыцыйныя маіс, бульба, перац, плады ражковага дрэва (ісп. taco) і ятоба. Таксама з гародніны маюць значэнне кіноа, амарант, фасоля, памідоры, гарбузы, авакада, чаёт.

Як і ў іншых рэгіёнах Аргенціны, найважнейшым прадуктам харчавання з’яўляецца ялавічына, але разам з ёй у ежу ўжываюць таксама мясцовых жывёл, у прыватнасці ламу, і завезеных іспанцамі: коз, авечак, свіней. З усіх гэтых жывёл робяць каўбасы, пучэра, эмпанады, асада, чаркі і чаркікан.

Традыцыйнымі стравамі паўночнага захаду з’яўляюцца эмпанады і локра, а таксама кукурузны пірог тамале і ўміты, запечаныя ў кукурузным лісце.

Рэгіён мае значныя плошчы вінаграднікаў, таму віно з’яўляецца важнай часткай рацыёну яго насельніцтва. Таксама п’юць мясцовы від піва пад назвай алоха.

Сярод дэсертаў разнастайныя прысмакі з батата, айвы і чаёта, бліны пата, баланчаа і аньяпа, казіныя сыркі з мёдам, амброзіяй.

Паўночны ўсход

Паўночна-усходняя зона адзначана значным уплывам індзейцаў гуарані. Асноўнымі прадуктамі харчавання з’яўляюцца маніёк, рыс, прэснаводная рыба, якой поўныя ракі Парана і Уругвай, і напой матэ.

Традыцыйнымі стравамі з’яўляюцца чыпа з маніёк, юкі, сыру, яек, сала і солі, мбеху на аснове маніёк і соку юкі, булён рэвірэ, парагвайскі суп. Таксама распаўсюджаныя эмпанады, якія тут часта гатуюць з рысу.

У ежу ўжываюць асада — запечанае на камянях мяса капібара, кайманаў, зебу, кароў.

У рэгіёне расце вялікая колькасць садавіны, таму традыцыйным з’яўляецца ўжыванне сокаў і мёду, какосаў, асяродку пальмы. Таксама на мерапрыемствах прымаюць сок кактуса ўклея.

Правінцыі Карыентэс і Місьёнес з’яўляюцца найбуйнейшымі вытворцамі матэ. Тут яго п’юць у выглядзе тэрэрэ — разам з зёлкамі, хвашчом, лёдам, цытрусавымі сокамі, алкагольным напоем канья і іншым. П’юць матэ з калебасаў або паронга — спецыяльна высушаных гарбузоў.

Цэнтр

Цэнтральны рэгіён падвергнуўся значнаму ўплыву еўрапейскай культуры, асабліва італьянскай і іспанскай. Зараз амаль нічога не засталося ад традыцыйнай кухні гаўча, акрамя асада, дульсэ дэ лечэ, локра (locro), матэ, бліноў, піражкоў і рысавай кашы з малаком.

У гэтай частцы Аргенціны больш за ўсё спажываюць мяса (асабліва ялавічыну) у выглядзе асада, адбіўных па-міланску (), эскалопа, бефстроганава і чураска (churrasco) — мяса, абсмажанага на вуглях.

Італьянскае паходжанне маюць папулярныя тут піца і макароны. Макароны часта запраўляюцца сырам рыкота, які таксама выкарыстоўваецца ў аргенцінскіх дэсертах і ў таматным соусе тука. Таксама з поўначы Італіі паходзяць папулярныя ў Аргенціне палента і асабука.

Яшчэ адной папулярнай стравай у цэнтры Аргенціны з’яўляецца фаіна () — пірог з мукі з турэцкім гарохам на аліўкавым алеі. Як і ў іншых частках Аргенціны, тут таксама ядуць эмпанады.

Пад уплывам іспанцаў у аргенцінскай кухні з’явіліся такія дэсерты, як чурас, ансаімаза, альфахоры, тарыхы, пончыкі-бунюэлі (buñuelo), такія стравы, як тарцілья, тэфтэлі, мандонга, кракеты, хамон і іншыя. Таксама з Іспаніі паходзіць распаўсюджаны ў Аргенціне ласунак — дульсэ дэ лечэ () — варанае згушчанае малако.

Уплыў французскай кухні можна адзначыць у такіх стравах, як амлет (або яечная тарцілья), і ў многіх халодных закусках.

Пад уплывам англічан сталі папулярнымі наліснікі () і хлебцы эсканэс, а таксама гарбата.

З рускай кухні ў Аргенціну прыйшоў салат аліўе, які тут называюць рускім салатам.

Уплыў нямецкай кухні найбольш прыкметны ў ласунках, у прыватнасці ў круасанах (), берлінскіх пончыках (), салодкіх рулетах ().

Іншымі традыцыйнымі дэсертамі з’яўляюцца пірог пастафрола, бісквіты, кексы, чорны торт Шварцвальд (), яблычны штрудэль, флан, разнастайныя фруктовыя салаты, пудынгі (), тарты, узбітыя вяршкі (шантыльскі крэм), дэсерт балькарке, пеіска, мантэколь, печыва, карамель і іншыя.

Поўдзень

Атлантычнае ўзбярэжжа дазваляе атрымліваць асалоду ад разнастайнасці і вялікай колькасці акіянічнай рыбы, якую выкарыстоўваюць для прыгатавання асада, паштэтаў і касуэл. Акрамя рыбы і ялавічыны, на поўдні Аргенціны ўжываюць свініну, казляціна, бараніну, аленіну.

Перад з’яўленнем іспанцаў індзейцы ўжывалі ў ежу мяса гуанака, браняносцаў, страўсаў нанду, курапатак і віскашэй. Мяса гатавалі пад гарачымі камянямі разам з перцам і соллю. Толькі ў XIX стагоддзі пачалі варыць мяса разам з гароднінай. Таксама традыцыйнымі стравамі былі ньяка (мука з пшаніцы, кукурузы і ячменю), хлеб з насення араўкарыі, прыправа меркен, прысмакі льяа-льяа, садавіна.

У гэтым рэгіёне, акрамя ўплыву італьянскай і іспанскай кухні, можна адзначыць уплыў кухні скандынаўскіх краін і цэнтральнай Еўропы. Валійцы, аселыя ў Чубут, прыўнеслі чорныя тарты і сыр Чубут. Цэнтральнаеўрапейскія эмігранты распаўсюдзілі рэцэпты дэсертаў і прысмакаў з садавіны і шакаладу.

Чылійскія імігранты прывезлі такія стравы, як куранта і мілкаа.

Традыцыйнымі напоямі з’яўляюцца піва, матэ, белае віно тыпу рыслінга.

Літаратура Juana Manuela Gorriti (1890): La cocina ecléctica, Félix Lajouane Editor. Petrona Carrizo de Gandulfo (1953): El libro de Doña Petrona, Cía. Gral. Fabril S.A. Víctor Ego Ducrot (1998): Los sabores de la Patria, Grupo Editorial Norma. Blanca Cotta:(1999) Cocina Argentina (por Blanca Cotta), edit. inicial 1999 reeditado 2010, Grupo Clarín.

Спасылкі