Пліса́ — рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім раёнах Беларусі, правы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).

Даўжыня ракі — 64 км. Плошча вадазбору — 625 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці — 4 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,7 ‰.

Назва На думку У. Тапарова і А. Трубачова, паходжанне назвы Пліса няяснае. Яе звязваюць з балцкімі або славянскімі тэрмінамі.

Гідраграфія Пачынаецца на ўсходніх схілах Мінскага ўзвышша за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад аграгарадка Слабада Смалявіцкага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне былой вёскі Юшкевічы Барысаўскага раёна (цяпер — г. Барысаў). Найвышэйшы ўзровень разводдзя — ў канцы сакавіка, найбольшая вышыня над межанным узроўнем — 2,6 м. Лядовыя з′явы няўстойлівыя. Прымае сцёк з шэрага меліярацыйных каналаў.

Даліна ў ніжнім цячэнні паміж вёскамі Яловіца Смалявіцкага раёна і Струпень Барысаўскага раёна — звілістая, на астатнім працягу — прамая, трапецападобная (шырыня 0,8—1,2 км), ніжэй горада Смалявічы — да 2 км, паміж Жодзіна і вёскай Яловіца — невыразная. Схілы спадзістыя, вышынёй 6—17 м, месцамі ў сярэднім і ніжнім цячэнні — стромкія і абрывістыя. Пойма ад вёскі Трубянок Смалявіцкага раёна да вусця — двухбаковая (шырыня 0,2—0,4 км), перасечаная сеткай меліярацыйных каналаў і старых рэчышчаў.

Рэчышча ад вытоку да вёскі Яловіца — каналізаванае, на астатнім працягу — звілістае, свабодна меандруе. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, пераважна адкрытыя.

Справа ўпадае Чарніца (прыток Плісы). На рацэ створаны Смалявіцкае вадасховішча і Жодзінскае вадасховішча. У басейне ракі знаходзіцца вялікае возера Судабле.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Прытокі Бярэзіны Катэгорыя:Рэкі Смалявіцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Барысаўскага раёна