Нацыянальная фашысцкая партыя () — італьянская палітычная партыя, заснаваная ў 1921 годзе Беніта Мусаліні для рэалізацыі ідэалогіі фашызму. Папярэднікам фашысцкай партыі быў Італьянскі саюз барацьбы, узначалены Мусаліні.

Нацыянальная фашысцкая партыя ўдзельнічала ў італьянскім парламенце з 1921 года, у 1924 годзе атрымала ў парламенце большасць, з 1928 стала адзінай легальнай партыяй у краіне да падзення рэжыму Мусаліні ў 1943 годзе. У наш час аднаўленне Нацыянальнай фашысцкай партыі прама забаронена Канстытуцыяй Італіі (Параграф XII Пераходных і заключных палажэнняў)Параграф XII Пераходных і заключных палажэнняў Канстытуцыі Італіі .

Гісторыя У 1919 годзе Мусаліні заснаваў у Мілане Італьянскі саюз барацьбы, у многіх гарадах былі створаны мясцовыя аддзяленні (фашыі). Мусаліні прытрымліваўся левых поглядаў, што не замінала фашыстам варагаваць з сацыялістамі; з абодвух бакоў ствараліся ваенізаваныя групоўкі, перыядычна адбываліся сутычкі, падчас якіх былі параненыя і забітыяФашысцкі пераварот у Італіі 1922 г. (Хроніка падзей 1919—1922 гг).

На выбарах у маі 1921 года Мусаліні падтрымаў прэм'ер-міністра і лідара Ліберальнай партыі Джавані Джаліці. У выніку 35 дэпутатаў ад фашыстаў на чале з Мусаліні прайшлі ў Палату дэпутатаў італьянскага парламента. 9 лістапада Італьянскі саюз барацьбы быў ператвораны ў Нацыянальную фашысцкую партыю. Праз год, у кастрычніку 1922 года, адбыўся шматтысячны паход на Рым прыхільнікаў фашысцкай партыі. Кароль Віктар Эмануіл III правёў сустрэчу з Мусаліні і прызначыў таго прэм'ер-міністрам Італіі.

У 1923 годзе праз парламент прайшоў закон Ачэрба, які цалкам змяніў выбарчую сістэму. Паводле яго партыя, якая набрала больш усіх галасоў на выбарах, аўтаматычна атрымлівала 66 % месцаў у Палаце дэпутатаў. Ужо ў красавіку наступнага года адбыліся новыя выбары, на якіх фашысцкая партыя атрымала ўпэўненую перамогу, набраўшы 63 % галасоў. У ліпені дэпутат ад сацыялістаў Матэоці быў выкрадзены і забіты, меркавана членамі фашысцкай партыі ці іх прыхільнікамі. Гэта падзея выклікала крызіс: байкот парламенцкіх пасяджэнняў апазіцыяй, патрабаванне адстаўкі ўрада Мусаліні. 3 студзеня Мусаліні выступіў з прамовай, у якой абвясціў пра новы, больш жорсткі курс, у адносінах да ворагаў кіруючага рэжыму. На працягу 1920-х гадоў паступова завяршылася афармленне аўтарытарнага рэжыму, ключавым элементам якога стала аднапартыйная сістэма. Партыйныя структуры атрымалі дзяржаўныя паўнамоцтвы: спачатку гэта адбылося з партыйнымі ваенізаванымі фарміраваннямі, якія сталі нацыянальнай міліцыяй, затым у 1928 годзе кіруючы орган партыі Вялікі фашысцкі савет стаў адным з вышэйшых органаў у дзяржаве. У 1928 годзе ўсе партыі акрамя фашысцкай афіцыйна былі забаронены, да выбараў дапушчаліся толькі кандыдаты, ухваленыя Вялікім фашысцкім саветам.

Высадка саюзных войскаў у Сіцыліі ў ліпені 1943 года ясна паказала, што фашысцкі рэжым хутка падзе. У вышэйшых колах выспеў план звяржэння Мусаліні. У ноч з 24 на 25 ліпеня большасць членаў Вялікага фашысцкага савета прагаласавала за зняцце Мусаліні з пасады, загадам караля ён быў арыштаваны. Новы прэм'ер-міністр маршал Бадолья афіцыйна забараніў Нацыянальную фашысцкую партыюThe war, the founding of the DC, the liberation of Rome (1941—1944) , Alcide De Gasperi Foudation.

Калі Мусаліні быў вызвалены дыверсійнай групай пад камандаваннем Скарцэні і пастаўлены на чале марыянетачнай Італьянскай сацыяльнай рэспублікі, фашысцкая партыя была рэаніміравана пад назвай Рэспубліканскай фашысцкай партыі. З падзеннем Італьянскай сацыяльнай рэспублікі партыя канчаткова спыніла існаванне.

Ідэалогія Ідэалогія Нацыянальнай фашысцкай партыі з цягам часу змянялася. Гэта было звязана як са зменай поглядаў самлга Мусаліні, так і з бягучай палітычнай сітуацыяй. Першапачаткова ў ідэалогіі фашысцкай партыі прысутнічалі сацыялістычныя і сіндыкалісцкія ідэі, хоць пры гэтым цэнтральнае месца займаў нацыяналізм і фашысты актыўна змагаліся супраць камуністаў і сацыялістаў. Калі фашысцкая партыя набрала палітычную вагу, вельмі правыя ідэі сталі пераважаць. Фашысты падтрымлівалі манархію і Каталіцкую царкву (у 1929 годзе Мусаліні падпісаў Латэранскія пагадненні). Важным элементам ідэалогіі быў карпаратывізм — вучэнне пра яднанне розных сацыяльных груп у рамках дзяржавы, калі гэтыя групы (класы) з'яўляюцца не антаганістамі, а саюзнікамі ў дасягненні агульных мэт (росквіту дзяржавы).

Гімн Гімнам партыі была песня «Giovinezza» (Юнацтва).

Сакратары НФП Мікеле Б'янкі (лістапад 1921 — студзень 1923); Трыўмвірат (студзень 1923 — кастрычнік 1923): Мікеле Б'янкі, Нікола Сансанелі, Джузэпэ Бастыяніні; Франчэска Джунта (15 кастрычніка 1923 — 22 красавіка 1924) Квадрумвірат (23 красавіка 1924 — 15 лютага 1925): Раберта Форджэс Даванцаці, Чэзарэ Росі, Джавані Марынелі, Алесандра Мелькіёры; Раберта Фарыначы (15 лютага 1925 — 30 сакавіка 1926); Аўгуста Тураці (30 сакавіка 1926 — 7 кастрычніка, 1930); Джавані Джурыяці (кастрычнік 1930 — снежань 1931); Акіле Старачэ (снежань 1931 — 31 кастрычніка, 1939); Эторэ Муці (31 кастрычніка 1939 — 30 кастрычніка, 1940); Адэлькі Серэна (30 кастрычніка 1940 — 26 снежня 1941); Альда Відусоні (26 снежня 1941 — 19 красавіка 1943); Карла Скорца (19 красавіка 1943 — 27 ліпеня 1943).

Гл. таксама Opera Nazionale Balilla (ONB) — ваенізаваная маладзёжная арганізацыя фашысцкай партыі. Італьянская ліктарская моладзь — маладзёжная арганізацыя, пераемнік ONB.

Літаратура

Чиано Галеаццо, Дневник фашиста. 1939—1943. (Москва: Издательство «Плацъ», Серия «Первоисточники новейшей истории», 2010, 676 стр.) ISBN 978-5-903514-02-1 Спасылкі

Катэгорыя:Фашысцкія партыі Катэгорыя:Забароненыя палітычныя партыі Катэгорыя:Гістарычныя палітычныя партыі Італіі Катэгорыя:Нацыяналістычныя партыі Італіі Катэгорыя:Фашысцкая Італія Катэгорыя:Нацыянальная фашысцкая партыя Катэгорыя:Беніта Мусаліні