Джэймс Кук (, 27 кастрычніка 1728 — 14 лютага 1779) — брытанскі першаадкрывальнік і навігатар. Ён здзейсніў тры вандраванні ў Ціхім акіяне і стаў першым еўрапейцам, які даследаваў большую частку яго ўзбярэжжа. Кук адкрыў Гаваі і шматлікія іншыя астравы, акрамя таго, ён першым абыйшоў вакол Новай Зеландыі. Кук таксама быў і картографам. У пошуках паўночнага марскога праходу з Ціхага акіяна ў Атлантычны ён даследаваў частку ўзбярэжжа Аляскі. Ягоным імем названы заліў Кука на Алясцы, у горадзе Анкарыдж усталяваны помнік Куку. Дзякуючы асаблівай увазе, якую Кук надаваў картаграфіі, многія са складзеных ім мапаў па сваёй дакладнасці і акуратнасці не былі перасягнутыя на працягу многіх дзесяцігоддзяў і служылі мараплаўцам аж да другой паловы XIX стагоддзя.

Кук быў шырока вядомы сваім памяркоўным і сяброўскім стаўленнем да карэнных жыхароў наведаных ім тэрыторый. Ён здзейсніў своеасаблівую рэвалюцыю ў мараплаўстве, навучыўшыся паспяхова змагацца з такой небяспечнай і шырока распаўсюджанай у той час хваробай, як цынга. Смяротнасць ад яе падчас яго плаванняў практычна была зведзена да нуля. У яго падарожжах прымала ўдзел цэлая плеяда знакамітых мараплаўцаў і даследчыкаў, як то Джозеф Бэнкс, Вільям Блай, Джордж Ванкувер, Джордж Дыксан, Іаган Рэйнгальд і Георг Форстэр.

Кук быў забіты на Гаваях падчас свайго трэцяга падарожжа ў Ціхі акіян у 1779 годзе. Ён пакінуў пасля сябе спадчыну навуковых і геаграфічных ведаў, якія паўплывалі на яго пераемнікаў, аб чым сведчаць шматлікія помнікі, якія былі прысвечаныя яму. Тым не менш, яго роля ў адкрыцці раёнаў Ціхага акіяна, каланізацыі і наступнага ўздзеяння на карэнныя народы была прадметам палітычнай і навуковай дыскусіі.

Біяграфія Джэймс Кук нарадзіўся 27 кастрычніка 1728 года ў вёсцы Мартан (Паўднёвы Ёркшыр). У яго бацькі, беднага шатландскага парабка, акрамя Джэймса было чатыры дзіцяці. У 1736 годзе сям'я пераязджае ў вёску Грэйт Айтан, тут Кука аддаюць у мясцовую школу (ператвораную цяпер у музей). Пасля пяці гадоў вучобы Джэймс Кук пачынае працаваць на ферме пад наглядам свайго бацькі, які атрымаў на той час пасаду кіраўнічага. Ва ўзросце васемнаццаці гадоў ён наймаецца юнгай на вугальшчык «Геркулес». Так пачынаецца марское жыццё Джэймса Кука.

Пачатак кар'еры Кук пачаў кар'еру марака простым юнгай на гандлёвым брыгу-вугальшчыку «Геркулес», які належаў суднаўладальнікам Джону і Генры Уокерам, на маршруце Лондан — Ньюкасл. Праз два гады быў пераведзены на іншае судна Уокераў — «Тры браты». Вядомае сведчанне сяброў Уокераў пра тое, як шмат часу Кук бавіў за кнігамі. Вольны ад працы час ён прысвячаў вывучэнню геаграфіі, навігацыі, матэматыкі, астраноміі, таксама яго цікавілі апісанні марскіх экспедыцый. Вядома, што Кук пакінуў Уокераў на два гады, якія правёў на Балтыцы і ля ўсходняга ўзбярэжжа Англіі, аднак вярнуўся па просьбе братоў памочнікам капітана на «Фрэндшып». Праз тры гады, у 1755 годзе, Уокеры прапанавалі яму прыняць камандаванне над «Фрэндшып», аднак Кук адмовіўся. Замест гэтага 17 чэрвеня 1755 года ён запісаўся матросам у Каралеўскі ваенна-марскі флот і праз 8 дзён атрымаў прызначэнне на 60-гарматны карабель «Ігл». Гэты факт у яго біяграфіі прыводзіць у здзіўленне некаторых даследчыкаў — невядомыя прычыны, па якіх Кук аддаў перавагу цяжкай матроскай працы перад пасадай капітана ў гандлёвым флоце. Але ўжо праз месяц пасля паступлення Кук становіцца боцманам.

Неўзабаве пачалася Сямігадовая вайна (1756). «Ігл» удзельнічаў у блакадзе ўзбярэжжа Францыі. Вядома таксама, што ў траўні 1757 ля вострава Уэссан «Ігл» уступіў у бой з французскім караблём «Герцаг Аквітанскі» (водазмяшчэнне 1500 тон, 50 гармат). У ходзе пераследу і бою «Герцаг Аквітанскі» быў захоплены. «Ігл» у тым баі атрымаў пашкоджанні і быў вымушаны адправіцца на рамонт у Англію. Па двухгадовым стажы, у 1757 годзе, Джэймс Кук паспяхова вытрымаў экзамен на майстра (), а 27 кастрычніка атрымаў прызначэнне на карабель «Салебей» пад камандаваннем капітана Крэйга. Куку было на гэты час дваццаць дзевяць гадоў. З пачаткам Сямігадовай вайны ён прызначаецца на 60-гарматны карабель «Пембрак». «Пембрак» удзельнічаў у блакадзе Біскайскага заліва, затым у лютым 1758 года быў адпраўлены да паўночнаамерыканскага ўзбярэжжа (Канада). Перад Кукам была пастаўлена найважнейшая задача, якая мела ключавое значэнне для ўзяцця Квебека, — абставіць фарватэр участка ракі Святога Лаўрэнція, каб брытанскія караблі маглі прайсці да Квебека. Дадзеная задача ўлучала ў сябе не толькі нанясенне фарватэру на карту, але і пазначэнне суднаходных участкаў ракі буямі. З аднаго боку, з-за надзвычайнай складанасці фарватэру, аб'ём працы быў вельмі вялікі, з другога — працаваць прыходзілася па начах, пад абстрэлам французскай артылерыі, адбіваючы начныя контратакі, аднаўляючы буі, якія французы паспявалі знішчыць. Паспяхова выкананая праца ўзбагаціла Кука картаграфічным вопытам, а таксама стала адной з асноўных прычын, па якіх Адміралцейства ў канчатковым выніку спыніла свой гістарычны выбар менавіта на ім. Квебек быў абложаны, потым узяты. Кук непасрэдна ў баявых дзеяннях удзелу не прымаў. Пасля ўзяцця Квебека Кук быў пераведзены майстрам на флагманскі карабель «Нартумберленд», што можна расцаніць як прафесійнае заахвочванне. Па загадзе адмірала Колвіла Кук працягваў картаграфаванне ракі Святога Лаўрэнція да 1762 года. Карты Кука былі рэкамендаваныя адміралам Колвілам да публікацыі і былі апублікаваныя ў Паўночнаамерыканскай лоцыі 1765 года. У Англію Кук вярнуўся ў лістападзе 1762 года. Неўзабаве пасля вяртання з Канады, 21 снежня 1762 года, Кук ажаніўся з Элізабэт Батс. У іх было шасцёра дзяцей: Джэймс (1763-1794), Натаніэль (1764-1781), Элізабэт (1767-1771), Джозэф (1768-1768), Джордж (1772-1772) і Х'ю (1776-1793). Сям'я пражывала ў лонданскім Іст-Эндзе. Пра жыццё Элізабэт пасля смерці Кука вядома мала. Яна пражыла пасля яго смерці яшчэ 56 гадоў і памерла ў снежні 1835 года ва ўзросце 93 гадоў.

Першае кругасветнае падарожжа (1767-1771)

Мэты экспедыцыі Афіцыйнай мэтай экспедыцыі было даследаванне праходжання Венеры праз дыск СонцаКук, Джеймс. Глава 1-3 // Плавание на «Индеворе» в 1768—1771 годах. Аднак у сакрэтных загадах, атрыманых Кукам, яму прадпісвалася неадкладна пасля завяршэння астранамічных назіранняў адпраўляцца ў паўднёвыя шыроты на пошукі так званага Паўднёвага мацерыка (таксама вядомага як Terra Incognita). Калі ўлічыць, што паміж сусветнымі дзяржавамі ішла жорсткая барацьба за новыя калоніі, вельмі верагодным з’яўляецца наступнае меркаванне: астранамічныя назіранні служылі для Адміралцейства шырмай, якая прыкрывала пошук новых калоній. Таксама мэтай экспедыцыі было вызначыць берагі Аўстраліі, асабліва яе ўсходняе ўзбярэжжа, якое зусім не было даследавана.

Склад экспедыцыі Можна вылучыць наступныя прычыны, якія паўплывалі на выбар Адміралцейства на карысць Кука: Кук быў мараком і, такім чынам, падпарадкоўваўся Адміралцейству, якому ў якасці кіраўніка экспедыцыі патрэбен быў свой чалавек. Менавіта з гэтай прычыны Аляксандр Далрымпл, які таксама прэтэндаваў на гэтае званне, быў няўгодны Адміралцейству. Кук быў не проста мараком, а мараком дасведчаным. Нават сярод дасведчаных маракоў Кук вылучаўся шырокімі ведамі ў картаграфіі і навігацыі, пра што сведчыла паспяхова праведзеная праца па вымярэнні фарватэру ракі Св. Лаўрэнція. Досвед гэты быў пацверджаны непасрэдна дзеючым адміралам (Колвілам), які, рэкамендуючы працы Кука да публікацыі, ахарактарызаваў яго наступным чынам: «Ведаючы з практыкі адоранасць містэра Кука і яго здольнасці, я лічу яго досыць кваліфікаваным для працы, якую ён выканаў, і для найбуйнейшых прадпрыемстваў таго ж роду»Маклин А. Капитан Кук  — М.: Центрполиграф, 2001. ISBN 5-227-01197-4.

Экспедыцыі быў выдзелены «Індэвар» — невялікае судна, якое належала да класа так званых «вугальшчыкаў» (названых так з-за таго, што караблі дадзенага класа ў асноўным выкарыстоўваліся для перавозкі вугалю), з характэрна малым асяданнем, пераабсталяванае адмыслова для экспедыцыі. Батанікамі былі Карл Соландэр і Джозаф Банкс, член Каралеўскага таварыства і будучы яго прэзідэнт, які быў да таго ж вельмі заможным чалавекам. Мастакі — Аляксандр Б'юк і Сідні Паркінсан. Астраном Грын павінен быў разам з Кукам праводзіць назіранні. Суднавым лекарам быў доктар Манкгаўз.

Ход экспедыцыі

26 жніўня 1768 года «Індэвар» выйшаў з Плімута і 10 красавіка 1769 года дасягнуў берагоў Таіці. Выконваючы загады Адміралцейства, якія прадпісваюць «усімі сродкамі падтрымліваць сяброўства з тубыльцамі», Кук усталяваў строгую дысцыпліну ў зносінах членаў экспедыцыі і каманды карабля з абарыгенамі. Катэгарычна забаранялася распачынаць канфлікты з мясцовымі жыхарамі, ужываць гвалт. Выпадкі парушэння гэтага загаду строга караліся. Свежыя прадукты для экспедыцыі здабываліся шляхам абмену на еўрапейскія тавары. Падобныя паводзіны англічан, няхай і прадыктаваныя асабліва прагматычнымі меркаваннямі (узбуджаць залішнюю нянавісць да сябе было проста нявыгадна), з’яўляліся па тых часах вельмі незвычайнымі — еўрапейцы, як правіла, дасягалі сваіх мэтаў з ужываннем гвалту, рабуючы і забіваючы абарыгенаў (былі таксама выпадкі беспадстаўных забойстваў). Напрыклад, Уоліс, суайчыннік Кука, які пабываў на Таіці незадоўга да яго, у адказ на адмову бясплатна забяспечваць яго карабель прадуктамі абстраляў таіцянскія вёскі з карабельнай артылерыі. Але міралюбная палітыка дала плён — з астравянінамі атрымалася ўсталяваць добрыя адносіны, без чаго назіранне за Венерай было б складаным. З мэтай забеспячэння кантролю над узбярэжжам, дзе павінны былі праводзіцца назіранні, быў збудаваны форт, які быў акружаны з трох бакоў валам, месцамі — частаколам і ровам, абаронены дзвюма гарматамі і шасцю фальканетамі, з гарнізонам з 45 чалавек. Раніцай 2 мая выявілася, што адзіны квадрант, без якога правядзенне эксперыменту было немагчыма, быў скрадзены. Да вечара таго ж дня квадрант удалося знайсці. З 7 па 9 чэрвеня каманда была занятая крэнгаваннем карабля. 9 ліпеня, незадоўга да адплыцця, дэзертыравалі салдаты марской пяхоты Клемент Уэб і Сэмюэл Гібсан. Натыкнуўшыся на нежаданне астравянінаў паспрыяць спайманню дэзертыраў, Кук захапіў у закладнікі ўсіх найбольш значных правадыроў акругі і выставіў у якасці ўмовы іх вызвалення вяртанне ўцекачоў. Правадыры былі адпушчаныя, калі пры дапамозе мясцовых жыхароў удалося вярнуць салдат на карабель. Пасля правядзення астранамічных назіранняў, Кук накіраваўся да берагоў Новай Зеландыі, узяўшы з сабой мясцовага правадыра па імю Тупія, які добра ведаў бліжэйшыя астравы і, акрамя таго, мог служыць перакладчыкам, і яго слугу Ціату. З першабытнікамі Новай Зеландыі, нягледзячы на падкрэсленую міралюбнасць англічан, не ўдалося ўсталяваць добрыя адносіны. Экспедыцыі давялося ўдзельнічаць у некалькіх сутычках, падчас якіх новазеландцы панеслі некаторыя страты. Працягваючы рухацца ўздоўж заходняга берага, Кук знайшоў бухту, вельмі зручную для якарнай стаянкі. У гэтай бухце, названай ім залівам Каралевы Шарлоты, «Індэвар» стаў на рамонт: карабель выцягнулі на бераг і зноўку праканапацілі. Тут жа, на беразе заліва Каралевы Шарлоты, было зроблена адкрыццё — падняўшыся на ўзвышша, Кук разглядзеў праліў, які падзяляе Новую Зеландыю на два востравы. Гэты праліў быў названы яго імем (праліў Кука).

У красавіку 1770 года Кук падышоў да ўсходняга берага Аўстраліі. На беразе заліва, у водах якога спыніўся «Індэвар», экспедыцыі пашчасціла знайсці шмат невядомых раней відаў раслін, таму Кук назваў гэты заліў Батанічным. З Батанічнага заліва Кук накіраваўся на паўночны захад уздоўж усходняга ўзбярэжжа Аўстраліі.