Мікалай Ланчыцкі (, каля Нясвіжа — , Коўна) — дзеяч каталіцкай царквы, езуіт, педагог і публіцыст. Сын Даніэля Ланчыцкага.

Біяграфія Вучыўся ў школе пры Віленскім кальвінскім зборы і Віленскай акадэміі. У 1592 годзе ўступіў у ордэн езуітаў. У 1593 годзе з’ехаў у Рым, дзе да 1601 вывучаў рыторыку, філасофію і тэалогію, атрымаў сан святара.

У 1601—1606 гадах працаваў у цэнтральным архіве ордэна, удзельнічаў у падрыхтоўцы першага тома гісторыі ордэна М. Арландзіні. У 1607—1609 гадах выкладаў Свяшчэннае Пісанне, палемічную тэалогію і старажытнаяўрэйскую мову ў Віленскай акадэміі, адначасова быў прэфектам Папскай і дыяцэзіяльнай семінарый.

У 1609—1614 гадах выкладаў палемічную тэалогію ў Львоўскай акадэміі, адначасова кіраваў будаўніцтвам калегіума. У 1615 годзе ўдзельнічаў у 7-й генеральнай кангрэгацыі ордэна ў Рыме, пасля заставаўся ў цэнтральным архіве для ўпарадкавання дакументаў папярэдніх генералаў.

У 1617—1620 гадах — рэктар калегіума ў Калішы, у 1620—1621 гадах выкладаў у Познані, у 1622—1631 гадах — рэктар калегіума ў Кракаве. У 1625—1630 гадах зноў у Рыме. З 1631 года ўзначаліў Літоўскую правінцыю ордэна. З 1635 года выкладаў у навучальных установах Чэшскай правінцыі.

У 1643—1649 гадах выкладаў кананічнае права ў Нясвіжы. У 1645—1646 гадах быў удзельнікам 8-й генеральнай кангрэгацыі ў Рыме. З 1649 — духоўнік у Браневе, а з 1652 — у Коўне, дзе і памёр.

Творчасць Аўтар маральна-рэлігійных твораў, пераважна на лацінскай мове. Найбольш вядомая кніга — «De piis erga Deum et coelites affectibus» («Аб праведнай любові да Бога і небажыхароў»), якая была перакладзена на нямецкую, польскую, французскую, англійскую і чэшскую мовы.

У творы «Discursus pro Ruthenis unitis» («Размова за рускі саюз») падтрымаў планы ўніятаў на саюз з праваслаўнай царквой. Хоць яго абвінавачвалі ў Рыме ў спрыянні праваслаўным, дамогся прыняцця рашэння аб забароне прапаведнікам і выкладчыкам выступаць супраць праваслаўных догматаў і літургіі.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:езуіты Беларусі Катэгорыя:езуіты Польшчы Катэгорыя:Каталіцкія багасловы Катэгорыя:Публіцысты Беларусі