Кастусь Акула, сапраўднае імя Аляксандр Ігнатавіч Качан () — беларускі пісьменнік, журналіст, выдавец, грамадскі дзеяч беларускай эміграцыі.

Біяграфія У міжваенны час вучыўся ў школе ў Верацеях, потым — у Крулеўшчыне. У час нямецкай акупацыі скончыў шасцімесячныя настаўніцкія курсы ў Глыбокім. Кароткі час настаўнічаў, потым паступіў у Віленскую беларускую гімназію. У час нямецкай акупацыі напісаў першыя вершы, надрукаваныя ў перыядычных выданнях.

У чэрвені 1944 года паступіў у Мінскую школу камандзіраў БКА, разам з якой пакінуў Беларусь. У лістападзе 1944 годзе аказаўся ў складзе 30-й дывізіі СС, сфарміраванай пераважна з беларусаў, у Эльзасе, супраць французскай арміі ў ваколіцах Мюль-гоўзэ-Альткірх, на падыходзе да Рэйна. Разам з большай часткай дывізіі перайшоў на бок антыгітлераўскіх саюзнікаў. Са снежня 1944 года ваяваў у Італіі ў складзе 2-га польскага корпуса, які ўваходзіў у склад 8-й брытанскай арміі.

Узнагароджаны залатой «Зоркай Італіі», брытанскім «».

У 1946—1947 гадах жыў у Вялікабрытаніі. Удзельнічаў у заснаванні Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі (1946). У чэрвені 1947 года пераехаў у Канаду (Таронта). Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Канады (1948), першы яго старшыня. Рэдагаваў газету «Беларускі Эмігрант» (1948—1954), часопіс беларускіх ветэранаў «Зважай» (1974—1997).

Летам 1992 года прыязджаў у Мінск. Наведаў выдавецтва «Мастацкая літаратура», у якім неўзабаве пачалася падрыхтоўка выдання рамана «Змагарныя дарогі» (выйшаў з друку ў 1994).

Пахаваны на могілках Пайн Хілс у Таронта побач жонкі і сына. Прыватны архіў захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Творчасць Пісаў на беларускай і англійскай мовах. Аўтар раманаў «Змагарныя дарогі» (1962), «Гараватка» (1965—1981), «Tomorrow is Yesterday» (1968), «За волю» (1991).

У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю прыдуманай беларускай вёскі Літоўцы, размешчанай пры гасцінцы каля гары з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гістарычны лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Дзеянне твора ў значнай ступені заснаванае на рэальных падзеях, якія адбываліся ў 1920-я — 1940-я гады ў родных мясцінах аўтара — у ваколіцах Крулеўшчыны, Глыбокага, Докшыц.

Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу беларускай моладзі ў складаных даваенных, ваенных і пасляваенных умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нацыянальнай самасвядомасці. У зборнік «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Кастуся Акулы, яго аўтабіяграфічныя абразкі.

Бібліяграфія

Замежныя выданні On the 25th Anniversary of the Founding of Byelorussian Canadian Allience. — Toronto, 1973. — 8 p. Tomorrow is Yesterday: A Novel. — Toronto: «Pahonia» Publishers, 1968. — 225 p. Гараватка: Раман. Кн. I. Дзярлівая птушка = The Bird of Prey: Byelorussian novel. — Таронта, 1965. — 180 с. Гараватка: Раман. Кн. II. Закрываўленае сонца = The Red Sun. — Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1974. — 285 с. Гараватка: Раман. Кн. III. Беларусы, вас чакае зямля = Byelorussians, the soil is yours. — Таронта: выдавецтва «Пагоня», 1981. — 286 с. За волю: Раман. — Таронта: «Пагоня», 1991. — 172 с. Змагарныя дарогі=Combat Trails: Аповесьць. — Торонто—Мюнхэн: выданьне аўтара, 1962. — 583 с. У справе выданьня першае кнігі «Гараватка» — «Драпежная птушка». — [Таронта], 1965. — 1 с.Апісанне галоўных герояў рамана Усякая ўсячына: Проза, паэзія, п’еса. — Таронта: выданьне «Пагоні», 1984. — 136 с.

Беларускія выданні Заўтра ёсьць учора: раман / пер. з англ., прадм. Ірыны Варабей. — Мінск: Медисонт, 2008. — 197 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 15). — ISBN 978-985-6530-91-6.

Крыніцы

Літаратура Сачанка, Б. Сняцца сны аб Беларусі…: Літ.-крытыч. арт., інтэрв’ю. — Мн.: Маст. літ., 1990. — 332 с. ISBN 5-340-00002-6  — Т. 6. — С. 539.

Катэгорыя:Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Англамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя:Пісьменнікі Канады Катэгорыя:Рух Супраціўлення ў Францыі Катэгорыя:Члены Беларускай краёвай абароны Катэгорыя:Члены 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў пры СС Катэгорыя:Члены Згуртавання беларусаў Канады Катэгорыя:Удзельнікі бітвы за Монтэ-Касіна Катэгорыя:Члены Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі Катэгорыя:Узнагароджаныя медалямі Вялікабрытаніі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі XXI стагоддзя